Адам Глёбус
ПАРК
Падрыхтаванае на падставе: Глёбус Адам, Парк, Першая кніга паэта — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988.
© Камунікат.org, 2012
ПАРК
На зямлю маскараднае золата скiнулi клёны.
На зiму зачынiлiся атракцыёны.
Штучны рай скончыў працу. Маляр прапакосцiў арэлi.
У Кiтай чарнагрудыя сiтаўкi пераляцелi.
Састаўны самалёт разабралi мужчыны.
Да вясны карусельшчык узяў адпачынак,
На ланцуг пасадзiў аглядальнае кола.
Галоўбух налiчыў адпускныя i холад.
Уцякла мiтусня. Засталiся туманы.
Да цяпла абязводзiў сантэхнiк фантаны.
На вадзе плаваў лёдзiк блакiтны i тонкi.
Дзе-нiдзе засталiся на клумбах рамонкi.
Нагадаў iнжынер адключыць асвятленне,
Загадаў паздымаць карусельных аленяў.
Пад замкi прадаўшчыцы паставiлi цiры.
Медзякi ды бiлеты надзейна схавалi касiры.
Тонкi дрот павуцiння аздобiў дашчаныя касы.
На завод павярталiся бочкi з-пад хлебнага квасу.
Гаражы ненадзейны метал ратаваць узялiся.
На дажджы папяровыя шклянкi па шве разышлiся.
За сезон аблупiлася фарба рэкламнай афiшы.
Белы сон пра сваё красаванне паклiкалi вiшнi.
Ссох, завяў каля плота высокi дзядоўнiк.
Спiлаваў i спалiў нежывыя галiны садоўнiк.
У агнi спакваля жалуды спапялелi.
Цiшынi дачакалiся ўрэшце алеi.
МЕЛІЯРАЦЫЯ
Паляшучка мяне пацалуе на ўцеху каханню, -
Рассячэ далягляд на заходзе iмклiвая каня.
Шчупакi плаўнiкамi спiлуюць чырвоныя сосны;
Мёд жывiцы ў цыстэрны збяруць меднавокiя восы;
Цягнiкi, як вужакi, цяжкiя галовы падымуць;
Закiпiць небасхiл i зацягнецца вугальным дымам;
Страказа-верталёт прамiне сваю цёплую зорку;
Прыгадае Зямля — час Адама ад яблыка горкi;
Абумовiць пяшчота эксперыментальныя змены;
Чарапаха пакiне самотнаму панцыр каменны;
Дыназаўры-бульдозеры спаляць салярку густую;
Здрыгануцца каўшы, экскаватары залямантуюць;
Маладая вада загартуе стотоннага латнiка-рака;
На свой цень азiрнецца — забрэша здурэлы сабака;
Спруцянеюць ад зайздрасцi ведзьмы, пачуўшы пра дзiва, -
Паляшучка на долю лiхую дачку нарадзiла.
ВЕРАСЕНЬ
Стаю на журботнай пожнi
І ўсё не магу паверыць,
Што скора туман абложны
Пабелiць лiловы верас.
СПРОБА ДАПАМАГЧЫ
Не глядзi ў парафiнавы стаў -
Дзе пад лёдам згарэла лiлея,
Над якiм скавытаў i стагнаў
Незашпiлены вецер завеi.
Паглядзi на вясновы пясок,
Што цячэ i цячэ праз пальцы;
І паслухай, як шашаль-жучок
Цiха точыць калону ў альтанцы,
Цiха рэжа азбеставы блок.
ЛІСТ
Парывiсты моцны вецер
Па-над хваляваннем вады
Хiстае тонкае вецце
Самотнай сiвой вярбы.
На блякла-рудым балоце
Вiхурыцца зiмны свiст.
У ломкiм сухiм чароце
Спыняецца чорны лiст.
УСПАМІН
Дзiця варухнулася ў сне,
І запалiўся свiтанак.
Вярнулiся да мяне -
Вясна i валошкавы ранак.
У бэзавае акно
Пастукаў ружовы голуб...
Было тое ўсё даўно,
А зараз — лiловы холад.
ЦЕНЬ
На шэра-жоўтым сухiм асфальце
Ляжыць мой сiнi вiльготны цень.
Празрыстыя доўгiя ценевы пальцы
Дрыжаць, як дарэмна пражыты дзень.
У цень залятае сухое лiсце,
Гарыць блакiтна-зялёным агнём;
І думкi, што дымам сплылi калiсьцi,
Вяртаюцца ўсёдаравальным днём.
ВОСЕНЬ
Салодкi дым гадзiны шарай
На поўдзень крылы птушак нёс.
Блакiтна-попельныя хмары
Цяклi па дрэвах срэбрам слёз.
У мякка-чорныя калюгi
Плылi апошнiя лiсты;
А ядлаўцовыя кусты
Ішлi
На груд,
Як валацугi.
ВЕЧАР
Мне даспадобы шарая гадзiна
І мацiцовыя туманы,
Калi санлiва i гасцiнна
Гараць вяргiнямi парканы;
Калi за сiнiя фiранкi
Схавана хатняе цяпло,
А жоўта-белае святло
Чаканнем сагравае ганкi.
ДЫНАМІКА
Вецер, выняньчаны шпакоўняй,
На крыле рэактыўных завей
Далятаў да сцюдзёнай поўнi
І вяртаўся да цёплых дзвярэй.
Ён брахаў скалазубым сабакам,
І на комiне чортам выў,
І завязваў вузламi дым,
За фiранкамi цiха плакаў...