На востры кант барвовых дахаў,
Памiж прутоў антэн, на лёд
Упала сонца — збiтым птахам...
За ветрам, ў сiнi краявiд,
Мiж велiчы бетонных гмахаў,
Праз браму ночы вечар знiк...
На чорным небе звар'яцелым
Накрэслю крэйдай месяц белы.
З НАДЫХОДАМ ВЯСНЫ
Акно паспелi адчынiць
Насустрач вiльгацi паветра,
Але закуты розум спiць
Пад чэрапам зiмовых кветак.
У млосным сне мядзведзь ляжыць
На сподзе чорна-сiнiх нетраў
Зямлi. Сок падае на твары,
І адчыняюцца iмшары.
СПАКУСА
Нас не спыталi, нам далi жыццё...
Жаданне нашае — у целе iснаваць
І разумець сусвет як адкрыццё
Няспыннасцi, упарта ашчаджаць
Той тэрмiн, дзе змясцiлася быццё,
Але iстоту мусяць спакушаць
Бязгучным iснаваннем па-за целам,
Дзе зноў збяромся мы ў бязмежжы белым.
РЭСТАЎРАЦЫЙНЫ ТЫНК
Пад кляштарам, у сутарэннi,
Бязгучна сыпаўся леўкас.
Мы атынкоўвалi скляпенне.
Маўклiвы лiк глядзеў на нас.
Няўзнак з-пад кельнi кропля вапны
Упала на руды абраз,
На цёмны лiк, i рысай трапнай
Пазначыла няўлоўны час.
НА ПЕРОНЕ
Вакзальны дух. Настрой на змены скоры.
Як абразок, трымаеш ты бiлет.
Адно што добра — шчыра не гаворым.
Наш пацалунак запаўняе свет.
Мы пакiдаем дробязi на памяць.
Таго, што ёсць, не зломiш, каб хацеў.
Састаў кранаецца, i лiхтары сiгналяць
Рубiнавым агнём у чарнаце.
РУХ
Быў дзень без сонца: мяккае святло,
Ахутваючы, абмiнала формы,
Здавалася, што нерухомае плыло...
Быў вечар млявы, стомлены, бяззорны.
Гублялiся абрысы — наваколле йшло
Да ночы з мокрым снегам, з небам чорным...
А ноч была, як дзень празрыста-шары,
Пад нiзкiм купалам бясконцай хмары.
ВЯРТАННЕ
Узнiк на даляглядзе горад -
Зацвiў неонавымi зорамi.
І перад сонным святлафорам
Аўтобус, уздыхнуўшы зморана,
Спынiўся, пахрыпеў маторам
На беразе асфальтавага мора...
Я выйшаў на бетоннае прымор'е.
Стаяла надзвычайнае надвор'е.
НАБЛІЖЭННЕ
Ты чырвань цэглы нёс i нёс наверх,
Каб наблiжаў да белых промняў сонца
Нас новым днём наступны крок-паверх.
І быў, здавалася, рух угару бясконцы...
А быў бясконцы толькi твой намер
Убачыць Сонца ў простай абалонцы.
Там пазiраў на першы хмарачос
Блакiтны голуб з чырванi нябёс.
ЛЕС
Мiж сосен з жоўтаю карою,
Дзе пах смалы стаяў густы,
Дубок галiнаю крывою
Шпурляе зверху жалуды
На неба ў лужынах рудое,
На белы жвiр каля вады...
Сцямнела — сумна стала ў лесе,
Упаў лiсток сухi на месяц.
ХУТАР
Печ трэснула, i дух пабiтай цэглы
Змяшаўся з пахам кветак i грыбоў.
На сцены, на страху трава i мох узлезлi.
Гайдаючы на пер'i матылькоў,
Раслiны выцягнулiся i леглi
На ганак — царства мух i мурашоў...
Паўмежкi зараслi. Бульбоўнiк звяў.
На крапiве блакiтны жук спяваў.
ВОСЕНЬСКАЯ АКТАВА
Пад цiхi голас добрых песень
Прыйшло дзяцiнства — успамiн:
Зялёным днём у шатах сосен,
Расой чырвонай у калiн,
Лiстом, што ў ветры круцiць восень, -
Губляе мiж дубцоў малiн;
І фiялетавай галiнай;
І сiняй i халоднай слiвай.
САД НА ГРУДУ
Блакiтны, рэдкi, лёгкi небасхiл
Шарэў i ружавеў над мяккiм даляглядам,
Над снегам i за сiнiмi стваламi слiў,
За цiхiм i спусцелым нашым садам.
Ледзь бачны, белы маладзiк свяцiў
Над iльдзяным, зiмовым сном прысады...
Дарогi абмiнаюць белы груд,
Наш сад — майго спакою кут.
МЛЕЧНЫ ШЛЯХ
Гудзе, гарыць лiхтар блакiтны,
На вежу гул святла лiе.
Твар вежы, жоўты i гранiтны,
Заплюшчыў вочы ў мёртвым сне.
На небе шара-аксамiтным
Бляшанай поўнi твар плыве.