Лiхтар патух, i горад чорны
Пабачыў шлях зялёны, зорны.
ТАПОЛІ
Таполi пад зялёна-шэрым снегам
Хiстаюцца ў тумане i рыпяць.
Галiны крохкiя пад нiзкiм цяжкiм небам
Нагадваюць карэннi. Пташкi спяць.
Імжа цярушыцца на горад чорным срэбрам.
Будынкi моўчкi нерухомыя стаяць...
Туман апаў, растаў, i цiха-цiха
Снег падае, i лёгка-лёгка дыхаць.
СНЕГ
На шыбе замiльгалi ценi -
Зялёна-белы, колкi снег
Ляцiць на дахi i на сцены.
Стаiўся гук. Схаваўся смех.
Праз цiшыню прыроднай змены
Чырвона-чорны кот прабег.
Чакалi снег, як змену света.
Як свята, ўжо чакаем лета.
ЗОРКА
У пакоi, над сталом,
За акном — дзе ноч над краем,
Над фiранкаю, за шклом
Зорка белая мiргае
У чорным небе: над iльдом,
Нас з табою суцяшае.
НАПАМІН
На сiняй вулiцы, пад жоўтым лiхтаром,
У кроках прагучала развiтанне...
Заснула радасць цiхiм белым сном -
Пералiлася у смугу чакання.
Мы будзем слухаць крокi зноў i зноў,
Пакуль не прагучыць у iх спатканне...
Спатканне, развiтанне i спачын,
Блiскучы камень, надпiс-напамiн...
БЕЛА-БЛАКІТНАЕ
Блакiту рух над попелам паданняў
У небе, мiж жывых iстот-аблок,
Стварае свет з празрыстасцi кахання.
Блакiтна-белы, светлы галубок,
Пачуўшы востры крык драпежнай канi,
Ляцiць, ляцiць, хаваецца у змрок.
Няспынна зменлiвасць аблокаў -
Малюю белым на блакiтным шоўку.
ЗВЫЧАЙНАЕ
Амаль расплаўленае сонца -
Чырвонiлася ў абалонцы.
Стаяў рыпучы крык дразда.
Сяклiся: радасць i бяда
У пругкiм голасе птушыным,
Над постацямi камiноў,
У гулкiм рокаце машынным,
Мiж кубатурнасцi дамоў...
За непрытомныя аблокi
Цякло барвовае святло.
Плыло самотна i высока
Маладзiковае крыло.
АЭРАДЫНАМІКА
Ёсць рэальная фантастыка -
У палёце лёгкай ластаўкi,
Мiж прапелернымi лопасцямi,
Над дзюралеваю плоскасцю...
Ёсць маланка электрычная -
У пранiзлiвай рытмiчнасцi
Пiску навальнiчнай ластаўкi,
Пад лакатарамi-застаўкамi.
Ёсць нязлоўленая пластыка -
У распнутых крылах ластаўкi,
Як нахiленая рызыка
Тоiцца ў палёце лыжнiка
Да блакiтнасцi атласнае,
Да аблокаў пенапластавых...
Я злаўлю цябе, спрытная ластаўка, -
Начыкрыжу цвiком цi фламастэрам
У салоне начнога аўтобуса,
На блакiтна-падрапаным пластыку
Падпiсаўшы — малюнак Глобуса.
ПРАГРЭС
На мяжы навукi i прыроды
Здольны перспектыўны чалавек
Збудаваў пратэзныя заводы,
Каб падзагрымiраваць калек.
Разгарнуўся чалавечы генiй,
Загулi такарныя станкi,
Зарыпелi штучныя каленi,
Рукi, ногi, пальцы, пазванкi...
Дзе пануе мятны водар смерцi
У святле стэрыльных устаноў,
Тахкае капронавае сэрца,
Гонiць запазычаную кроў.
Засталося простую работу
Здзейснiць хiрургiчнаму нажу -
Не пашкодзiўшы лязом аорту,
Замянiць сапраўдную душу.
НА СТАНЦЫІ КОЙДАНАВА
Зачапiлася хмара за комiны над хлебазаводам.
На рамбазе звiнела, заходзiлася цыркулярка.
Уздымаўся да неба драўляна-бурштынавы водар.
За касiлкаю сыпала трэск электрычная зварка.
Закусiўшы губу, вартаўнiк пэцкаў плот салiдолам,
Праклiнаючы ў думках лядачых чарцей-падшыванцаў.
На яго не звяртала увагi сярэдняя школа,
Адпусцiўшы дадому маленькiя крылы цыратавых ранцаў.
Пад дажджом, разгружаючы моўчкi машыну з прычэпам,
Мужыкi пад паветку складалi мяхi з угнаеннем.
Учарнелае лiсце спрачалася з ботамi шэптам.
Пахла вулiца хлебам i восенню да ачмурэння.