Выбрать главу
Неба густа-вiшнёва-ласкавае, Самалётна-дзюралева-сiняе, Аэрафлотна-застылае — зiмняе. Неба зялёнае з ластаўкаю!

ШПАЦЫР

Ідуць каменныя гiганты На эбанiтавых руках. Пенабетонныя атланты Нясуць урбанiстычны гмах.
Над нерухомасцямi блокаў, Над пенапластавай гарой, У паралонавых аблоках Стракоча верталётны рой.
Механiстычнае гудзенне Перарабляе кожны гук. Палiраванасцю адзення Спявае глянцавiты брук.
Іржа машыннага шыпення Цячэ па вулiчнай хадзе. Мой цень, акрылены трымценнем, То падае, то зноў iдзе...

ДА АЎТАПАРТРЭТА

Я той, у кiм жыве глыток спакою. І той, у кiм стаiць агонь пякучы. І той, хто дакранаецца рукою Да поўнi, спапяляюча-блiскучай.
Я той, у кiм заблыталiся страсцi, Хто хоча працай выратаваць хворых, Хто не паспеў пакуль яшчэ упасцi, Той, хто змяшае разам радасць з горам.
Я той, хто сустракае ля аргану Свой цень i цень свайго дзiцяцi І хто свайму няўстойлiваму стану Апору знойдзе ў простым слове Мацi.
Я той, хто ёсць у гэтым белым свеце, Хто чуе, бачыць, дыхае, кранае, І той, услед каму спяваюць дзецi, Той, хто пякельны водар выракае.
Я там, дзе крышаць неба самалёты, Дзе цягнiкi руйнуюць рэшткi цiшы, Дзе чалавек пакутлiва-самотны І дзе не можа быць нiякi iншы.

РЭЗАНАНС

Дзе пыл курэў на аўтастрадзе, На перакуленым адчаi, Як на цэментнай балюстрадзе, Сядзела кафельная чайка.
З малакаштоўнага металу Яе халоднае сардэчка Механiстычна грукатала Памiж дарогай i мястэчкам.
Глядзела пудзiла з гарода, Як за прыватнымi садамi Жаўцела вежа льнозавода Над залацiстымi стагамi.
Два срэбныя малакавозы Правуркаталi да сталiцы... Звiнелi пудзiлавы слёзы, Бо чайка мусiла разбiцца.
Памiж сталiцай i мястэчкам, Памiж кюветам i гародам Яе латуннае сардэчка Знайшлi калгасныя льнаводы.

КОСМАС

Іду праз боль да разумення слова, Губляю цела, сон i пачуццё, Губляецца астатняя ахова - Безабаронным робiцца жыццё.
Халодны, вадкi, цвёрды, цёплы космас Стаiць у рухах i над мiтуснёй... У вогненных, блiскуча-белых космах Палае праўда, знiтаваная з хлуснёй...
А ён адзiны, той, хто мае права - Стаяць, не варушыцца, не крычаць. Ён — космас, i яго над намi слава Спакоем прымушае ўсё гучаць.
І мы гаворым, блытаючы словы, Спяшаючыся зразумець сябе, Чытаем у падручнiках умовы, Не ведаючы, што сказаць i дзе...
Ідзе, iдзе праз космас нерухомы Мой верад — мой пякуча-жорсткi боль, І кiдаецца ў небыццё са стромы... Крывёю пахне новай думкi соль.

АГОНЬ

Ацэтыленавы агонь На чорна-слiзкае жалеза Паклаў блакiтную далонь - І засвiстаў скразняк з разрэзу.
Душа жалезнага быцця Стагнала ў гаркаце i дыме, У асалодзе адкрыцця - На тэрмаядзерным уздыме.
Шуганне ветру i агню, Кананне ветру i жалеза Перараблялi цiшыню На песеннасць этнагенезу.
У палымянасцi плылi, Упарта звонячы мячамi, Чырвона-шэрыя палi Над ворагамi й крумкачамi...
На даляглядзе чорны конь Ляцеў праз iрдзяную замець... Ацэтыленавы агонь Вярнуў пакрыўджаную памяць.

ФОТАКАРЭСПАНДЭНТ

Чорна-белага студзеня Негатыўнасцi звычныя, Бо мой свет — фотастудыя Аналiтычная. Аб'ектывам гартаю Раскадроўку аблiччаў, Праклiнаючы зграю Рэтушораў цынiчных.
На рэкламным праспекце Я здымаю каханне, У чырвоным аспекце Кампаную жаданнi.
Пазiтыўна-няярка Скончу дзённыя справы - У "Траецкай" кавярнi Вып'ю кубачак кавы.