Выбрать главу
Зайздрошчу старым: няма ў мяне іхніх прыкметаў. Цешуся, бо прыкметы мае — да самых прыступкаў — мне аднаму належаць.

Матылькі

Калі дрэва разлучаюць з жыцьцём, карані яшчэ гоняць па абарваных жылах гаючы сок памяці, яшчэ спадзяюцца на дзіва, яшчэ бязгучна крычаць штосьці нежывой лістоце. Калі дрэва падае долу, шырокае пнішча ўсьцешана засьцілаюць крылцамі блакітныя матылькі, якія п’юць густы сок і, захмялеўшы, сьняць, што яны — дрэвы, якіх хочуць разлучыць з жыцьцём.
Яны спалохана прачынаюцца, але побач падае новае дрэва, і матылькі апускаюцца на сьвежае пнішча, каб зноў напіцца салодкага соку, каб прысьніць чужыя сны і прахапіцца ад страху.
Камусьці іх жыцьцё здаецца бесклапотным.

Заставайся безыменнаю

Тут, на хмурным ранішнім прыпынку, мае веды пра цябе абмяжоўваюцца тым, што ты жывеш у суседнім доме, у цябе точаныя ножкі і ўзімку ты носіш футэрка з апосуму. Мне — досыць. Заставайся безыменнаю. Я памятаю, як цябе звалі ў залацістай засені сну нашай паўночнай сіесты, памятаю, як звалі кнігу на часопісным століку і чырвонае віно, што змывала апошнія бар’еры, як звалі твайго ласкавага пушыстага зьвярка, што нясьмела хацеў, каб яго прыручылі. Заставайся безыменнаю. Што можна дадаць у тыя зялёныя келіхі пасьля, калі, заплюшчыўшы вочы, мы былі маладымі аленямі, якія ня ведаючы мінулага й прышласьці — гарачы, потны філіял вечнасьці ў зялёным лябірынце лесу — асьмягла зьбіраюць аксамітавымі вуснамі белабокія журавіны з прысмакам неўміручасьці?

Гарышча

Ня лазь на гарышча, наказвае бабуля, дзіўнае чыніцца там: няма нікога, ды гавораць нейкія людзі, плача дзіця, а ўчора круціўся сам сабою калаўротак.
Дзень навылёт сяджу я ціхутка на печы — слухаю гарышча: сьмяюцца там дзеці, гігоча прыцішана конь, стоена дыхае хтосьці, слухаючы хату або птушак на вільчыку.
Мы жывем у хаце, над намі жыве гарышча, над гарышчам — неба.

Бэрлінская фантазія

Сёньня на досьвітку, зьмяшаўшыся з крывёю і рэшткамі ўчарашняга віна, пацёк па маіх жылах час мінулае восені, які пахне гарачымі булачкамі з цынамонам зь пікантным дадаткам танчэйшага за францускія духі водару жаночага поту; час, які гаворыць ламанай ангельскай моваю панка з ваяўнічым індыгавым грэбнем на люстрана выгаленай галаве — акурат яйка, што ў часы канкістадораў зьнесла зь пярэпалаху ацтэцкая пачвара Далемскага музэю, паблізу якога вас (каб вам пашчасьціла прыйсьці на сьвет заходнебэрлінскім сабакам) пахавалі б на шыкоўных могілках, паставіўшы мармуровы помнік з фатаграфіяй або бюстам (кажуць, там ёсьць і парачка магілаў з крыжамі — напэўна, іхнія, так бы мовіць, жыхары пасьпелі прыняць перад сконам хрысьціянства), а паміж выбітымі на помніку датамі бесклапотнага жыцьця сабачыя псыхолягі за прыстойную плату (запіс да канца году звычайна закончаны) апавядалі б вашым гаспадарам, што вы пра іх думаеце — на самоце і ў цеснай кампаніі ўкормленых дыплямантаў і мэдалістаў — і, вяртаючыся дахаты, вашы гаспадары кідалі б няўважлівае вока на вокладку порначасопісу (каітус на парашуце) або на рэкляму супэркамфортнага ложка, забясьпечанага на ўсялякі выпадак утульным пэналам для каханка, або чыталі б узор нямецкага гумару — «15 дзяцей — дастаткова!», транспарант над засьмечанай вуліцай у турэцкім раёне Кройцбэрг, дзе турыстычныя даведнікі ня раяць бадзяцца з надыходам цемры, каб не папоўніць сваімі імёнамі газэтныя калёнкі крымінальнае хронікі, у раёне Кройцбэрг, дзе мы зьявіліся (прагнучы ня толькі кавы па-турэцку) якраз той парою, калі вечар нядбайным рухам падпітага швайцара разнасьцежвае дзьверы ночы, а тутэйшых сутэнэраў лёгка зблытаць з муэдзінамі (няхай доўжыць Алаг вашыя цені!), дзе нашы незалежныя маршруты, наварожаныя мне цыганкаю з Камароўкі, прадказаныя табе цыганкаю з гановэрскага дзяцінства, перасякаюцца за столікам турэцкага рэстаранчыка, у якім Эўропу, што засталася за Басфорам і Дарданэламі, прадстаўляем толькі мы і зь якога нават з гэтае прычыны трэба хутчэй выбірацца, пагатоў паліцэйская сырэна, далёкая, як поўня над мінарэтам, уносіць поўную яснасьць: па адным мы ня вырвемся, бо адлік ідзе ўжо на сэкунды, часу на прывыканьне рук не засталося, галоўнае — не азірацца: ні ідучы да дзьвярэй, ні спыняючы таксоўку, ні на ранішняй Alt Moabit, ні на праспэкце Ракасоўскага ў Менску, дзе сёньня лёг першы сьнег, дзе сарокі пабіліся з галкамі за пустое гняздо, дзе я спалю ў попелцы тваё дзіцячае фота з дарослым надпісам па-нямецку, які мне пераклалі толькі тут: «Целам ня трэба перакладчыкаў».