Сёньня
Дзень пры дні
глядзяць мне зьдзіўлёна ўсьлед
збуцьвелыя манэкены:
хіба яны
не адзіныя жыхары
ў гэтым горадзе?
Блукаю па вуліцах,
зацярушаных тонкім пылам,
на якім
бачу толькі
свае ўчарашнія сьляды.
Блукаю па гэтым горадзе,
бо калісьці
сустрэў у пакручастым завулку
маленькія сьляды
босых
ног.
Сёньня
на утравелым пляцы
каля помніку,
дзе жыве мая сяброўка-яшчарка,
я распалю
вогнішча,
і
ты выйдзеш на пах дыму,
каб сагрэцца.
Сёньня
горад ажыве
і напоўніцца
людзьмі.
Божая кароўка зь Пятай авэню
На спатканьне з табой
мяне прывяла
бэтонная сьпіраль
нью-ёрскага музэю Гугэнхайма
і 2-я вэрсія Імправізацыі № 28
Васіля Кандзінскага
разам з «Парыжам» Марка Шагала,
чый зеленавокі кот з чалавечым тварам
глянуў на мяне так выразна,
што я даў зарок
убачыць Эйфэлеву вежу з вакна
раней, чым за свае грахі
вярнуся на зямлю
ў іпастасі ката —
якраз тады ты апусьцілася на маю руку,
каб упэўнена залезьці
ў левую кішэню.
Кім была
ў сваім мінулым увасабленьні
ты?
Паслушкай
Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра?
Першаклясьніцай зь Серабранкі,
замучанай у ліфце
сэксуальным маньякам?
А можа,
у цябе перасялілася
душа маёй сучасьніцы,
якая жыве зараз
паводле менскага часу
і якой
апошні тралейбус
вязе зь дзяцінства
сон пра старую Нямігу
і пра Татарскія Агароды?
У душным сабвэі
я даю табе
беларускае імя,
а на беразе Іст-Рывэр
мы разам глядзім
на лёгкія самалёцікі,
што цягаюць па небе
рэкляму конкурсу фотамадэляў.
Магчыма, ты хочаш
палётаць зь імі?
Не, табе яўна цікавей
абмеркаваць са мною
модныя сёньня
беларуска-ірляндзкія аналёгіі,
абвінавачаньні прэзыдэнта Клінтана
ў адультэры,
а таксама
фантасмагарычны помнік Леніну,
што, ратуючыся ад настальгіі,
усьцягнулі на дах суседняга дому
эмігранты з СССР.
Менавіта тут я нарэшце разумею:
я — ня тая расьліна,
што прымецца на гэтай глебе,
нават калі перавезьці сюды
ўсіх ленінаў Беларусі
і зладзіць на кожным
па бусьлянцы.
Пасадзіўшы цябе на далонь,
я паўтараю гэтае адкрыцьцё ўголас,
і ты,
паважна выслухаўшы,
супакоена раскрываеш крылцы.
Тое лета
Тое лета
зь першым пацалункам у духмяную макаўку,
з уважлівым позіркам сьмерці,
з адзінокаю срэбнай кудзеркаю,
з ласанькай, што любіла цалавацца,
з зацьвілаю азярынай,
якая памятае тваё цела з тых часоў,
калі вада ў ёй была празрыстая,
як твае сны...