Выбрать главу
Тое лета будзе доўжыцца даўжэй за нас.

Першая жанчына

Мая першая жанчына выйдзе з сутоньня і прысядзе да майго стала.
Таннае віно пальецца ў кантовыя шклянкі. Сьпелы сланечнік зазірне ў цёплыя шыбы. Сьвежай пабелкай запахнуць сьцены мазанкі. Ты мая першая жанчына, і таму ты ўмееш вяртаць час. Ты мая першая жанчына, і таму час ня ўладны над табою. Ты — мая першая жанчына.
Сустрэнуцца над сталом нашыя шклянкі. Сустрэнуцца на стале нашыя рукі. Сустрэнуцца на краі сусьвету нашы целы.
Памятаеш, ты варажыла мне па расколінах сьцежкі?
Памятаеш, ты варажыла мне па птушыных пёрах?
Памятаеш, ты варажыла...
Смуглыя пальцы прабягуцца па лініях майго няспраўджанага лёсу. Гагатавыя вочы ўведаюць прышласьць. Распусныя вусны журботна прашэпчуць: о ромэ, ромэ...
Яе голас будзе старэйшы за яе цела. Яе вочы будуць старэйшыя за яе голас. Яе душа будзе старэйшая за гэты сьвет.
Мая першая жанчына выйдзе з сутоньня і прысядзе да майго стала.

Падарожнікі

Трое мужчын ідуць паўзь мяне па чыстым сьнезе — тры ланцужкі сьлядоў цягнуцца за імі. Трое маіх сяброў ідуць па белай нерушы, і ланцужкі іх сьлядоў абрываюцца. Спачатку за адным, потым за другім, потым за трэцім. Трое маіх сяброў ідуць па сьнезе, не пакідаючы сьлядоў. Чаму за вамі няма сьлядоў? — спалохана крычу я. Я маўчаў, калі трэба было гаварыць, адказвае першы. Я гаварыў, калі трэба было маўчаць, адказвае другі. А ты, мой самы дарагі сябра, чаму ты не азірнуўся? Ён глухі, адказвае першы. Ён нямы, адказвае другі. Трое падарожнікаў ідуць паўзь мяне па чыстым сьнезе.

Прага

У гэтым горадзе я маю некалькі знаёмых мужчын і, прынамсі, адну жанчыну. Цягнік прыходзіць раніцой, ў той самы дзень можна сустрэцца з усімі. (Месцы даўно вызначаныя.) Магістра Гераніма Праскага, прагуляўшыся па Карлавым мосьце, што нагадвае ня надта маркотную дарогу ў чысьцец, буду чакаць з бляшанкай пльзэнскага піва ля каменнага вогнішча сьвятога Віта, дзе я выцягну дыктафон, каб запісаць адно з казаньняў, прачытаных магістрам праз тры гады пасьля Грунвальду ў царкве Яна Багаслова ў Віцебску, дзе магістар не галіў танзуры і, сьмешна памыляючыся, утрапёна прамаўляў перад вернікамі па-ліцьвінску, у выніку чаго пяць тысяч маіх продкаў выправіліся на падмогу гусітам. З Францам Кафкам убачымся на старых габрэйскіх могілках, дзе надмагільляў хапіла б на брукаванку да Ерусаліму, а пісьмёнаў — на Стары Запавет. Лекамі ад зьбянтэжанасьці будзе няведаньне мовы, што надасьць майму маўчаньню незаслужаную шматзначнасьць. (Урэшце, мне даўно вядома: зь пісьменьнікамі лепей абменьвацца ня словамі, а позіркамі.) Я прынцыповы вораг аднастайнасьці, аднак месцам сустрэчы з Ларысай Геніюш зноў будуць могілкі, дзе пахаваныя два прэзыдэнты БНР і закаханы ў маю візаві тэнар. Магчыма, сярод помнікаў і я нарэшце прызнаюся ёй у каханьні, бо паміж намі ўжо на пятнаццаць гадоў менш, чым у тыя часы, калі мы звалі яе Бабуляй. Прафэсар Карлавага ўнівэрсытэту Вацлаў Жыдліцкі прызначыць сустрэчу ў яго на Бэнэдыктынскай, над піццэрыяй і над старанна прыхаванымі, але цалкам заслужанымі крыўдамі на беларусаў, якія добра запіваць бэхераўкай, што афарбуе вечар зялёнай гамаю, чамусьці прынесшы згадкі пра паручніка Лукаша, што лічыў усіх чэхаў, якія гавораць па-чэску, нечым накшталт карбанарыяў. Набярэжная Вэлтавы будзе філіялам гэтага таемнага таварыства, прапанаваўшы багатыя магчымасьці параўнаньня праскіх ножак з тваімі, якія захочацца разбудзіць у ранішнім нумары цёплага восеньскага гатэлю, над кавярняй з свойскаю назвай «Чартоўка», дзе ў сьпісе заўсёдных кліентаў значыцца пара лебедзяў, што будуць цярпліва чакаць, пакуль мы пакінем яхту нашага ложка, спусьціўшыся на прыстань, дзе можна карміць белых птушак, замаўляючы віно, пакуль Градчаны не паплывуць па-над местам, як славянскія думкі Вэлтавы.