Выбрать главу

Згадка пра мора

Калі зрастуцца нашы нэрвовыя валаконцы, калі мае леўкацыты пабягуць па тваіх хрызалітавых жылках, калі салёныя рукі ператворацца ў плаўнікі і мы сьлізганём у аквамарынавыя глыбіні, з тэрасы ўвойдзе паважная чайка і, нахіліўшы набок галаву, строга прамовіць: запомніце гэты дзень, сёньня — сьвята найкарацейшага ценю. Оксфард
Ад пэргамінавай готыкі і ад завеі над зьдзіўленымі нарцысамі кружыцца галава, і ёсьць рызыка небясьпечна адхіліцца ад курсу, пагатоў глуха маўчаць пра Беларусь навігацыйныя мапы Бадлэйнскай бібліятэкі, дзе зь сёньняшняга дня будуць пыліцца дзьве мае кніжкі пра Полацак. Арыенцірам можа стаць тваё імя, напісанае вярбовым дубчыкам на белым ходніку, — толькі яго імгненна схрумстае памаранчавы сьнегаўборачны вусень. Дзеля пэўнасьці гэты арыенцір лепей надрапаць на стальніцы, высьлізганай лакцямі дзесяці студэнцкіх пакаленьняў, што пасьля гулкіх аўдыторыяў спасьцігалі горкую мудрасьць пад нізкай стольлю піўніцы «White Horse», а па-нашаму проста «Белы Конь», дзе кірыліца ўжо адваявала сабе пляцдарм у выглядзе папулярнага расейскага слова з трох літар. Па галерэях Крайстчорч-каледжу, палохаючы японскіх турыстаў, бадзяецца дух Льюіса Кэрала. У засьнежаных лугах мільганецца духам Алісы вохрыстая лісіца. Лёндан вынырне з завірухі мокрай няўтульнасьцю дыкензаўскіх паралелепіпэдаў. Тэмза разам з душою будзе перажываць пэрыяд адліву, а на ўскраіне ночы прысьніцца ангельскамоўны сон: я буду гувэрнэрам малалетняга лорда і пад сьпеў ранішніх драздоў з асалодаю адлупцую яго за нявывучаныя правілы напісаньня «ў».

Цягнік

Дзіўны цягнік спыняецца штоночы на нашым ліпнёвым паўстанку: сьвецяцца вокны, ды не відаць людзей за імі. Там нікога няма, шэпчаш спалохана ты і завешваеш вакно фіранкаю. Мы з табою — апошнія людзі на сьвеце.
Чакае цягнік, нібы лёс, вабіць, як бездань, сьветлай сваёй пустэчаю, каб павезьці ў невараць.
Вусны ратуюць вусны, цела ратуе цела, душа ратуе душу. Зьнікаем у полымі паратунку, каб памерці разам і разам уваскрэснуць.
Уваскрэсну на досьвітку: сьпіць за вакном студзеньскі горад, чужое дыханьне кранае шчаку.
Ты ўваскрэсьнеш у тое ж імгненьне на нечым плячы, скажаш камусьці ў одуме: дзіўны цягнік прысьніўся мне — сьвецяцца вокны, ды няма нікога за імі.

1 красавіка

Гэты непаважны дзень добра пачаць з малітвы ў грэка-каталіцкай царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў лёнданскім раёне Фінчлі; потым табе прапануюць паслухаць мэмуары (вёсачка пад Нясьвіжам, Афрыка і Монтэ-Касына) суайчыньнікі зь Беларускага дому на Penn Road, дзе ўчора зацьвілі магноліі; потым ты выправісься падземкаю на Трафалгарскі пляц, дзе круглашчокія землякі Стывэнсана і Валтэра Скота з загарэлымі нагамі выдзьмуваюць з дудаў зусім беларускія мэлёдыі, наслухаўшыся якіх, ты недасьведчана ўваб’есься ў паб, запоўнены парачкамі дзіўных закаханых, і, не дапіўшы віна, зьбяжыш ад лёнданскіх гомасэксуалістаў да імпрэсіяністаў з Нацыянальнай галерэі, каб аддыхацца на бульварах Пісаро і згубіцца ў блакітна-зялёным натоўпе Рэнуаравых «Парасонаў», у якім цябе чакае знаёмства з расейскай прастытуткаю і мэксыканскай студэнткай з антычнай фігуркаю ў чорным трыко (як заўсёды ў тваім жыцьці, усё адбываецца з ініцыятывы жанчыны). Ты выбераш мэксыканку, зь якой цябе аб’ядноўвае аднолькава вусьцішная ангельская мова і прыкладна аднолькавы бюджэт падарожжа; грошай усё ж хапае, каб запрасіць яе ў «Salisbury», а ангельскай мовы — каб растлумачыць, што ў гэтым пабе любіў бываць з сваімі каханкамі Оскар Уайлд; яе ангельскай хапае на падазронае пытаньне, ці ня з гэтых і ты сам (абазнанасьць ў тутэйшай літаратуры можна ацаніць даволі высока), пасьля чаго ты назіраеш тэатральны ўздых палёгкі, бо здолеў растлумачыць, што — не, але гэта абсалютна ня значыць, што пасьля пінты піва і дзьвюх філіпінскіх цыгарэтаў смуглявая ручка ўжо мае права расшпільваць гузікі на тваёй зялёнай кашулі, якая памятае зусім іншыя пальцы, і працягваць сваю рызыкоўную экскурсію; ты намагаесься прадэклямаваць страфу мясцовага клясыка пра зайздроснае шчасьце мяняць стан душы гэтаксама проста, як пэні можна памяняць на шылінг (намёк застаецца незразуметым); мовы катастрафічна не хапае, аднак, прапусьціўшы неістотныя дэталі, ты павінен прызнацца, што вашае разьвітаньне нічым не нагадвала ўцёкі, бо мэксыканскія студэнткі не павінны кепска ўспамінаць мужчынаў з Рэспублікі Беларусь, асабліва тады, калі толькі што пачулі пра яе існаваньне. Шатляндцы яшчэ надзьмуваюць свае гумовыя шчокі каля Нэлсанавай калёны, і ў іхні капялюш апускае паўфунта гнуткая мурынка, падобная да нэгатыву адной жыхаркі менскіх вуліцаў, а з боку парку сьвятога Джэймза ляціць над горадам парачка качак, што нясе табе на крылах востры прыступ, напэўна, зусім беспадстаўнай рэўнасьці, ад якога можна вылечыцца толькі беларускай, а не ангельскай дозаю брэндзі, пасьля чаго найлепей вярнуцца ў галерэю і, выбраўшы ўдалы ракурс, схавацца за кансоляй на пэйзажы Констэбла, дзе пахне прывялым трыпутнікам і дзяцінствам, а таму так соладка дрэмецца, пакуль у апусьцелай залі музэйны служка ў абліччы немаладога нашчадка ямайскіх рабоў не кране цябе за руку і ня скажа, што малады чалавек стаміўся, бо прыехаў аднекуль здалёк; ты ветліва ўдакладніш — адкуль, а на пытаньне, дзе гэта, нечакана рэзка адкажаш: там, дзе ніколі не было рабства, адразу задушліва пачырванеўшы — праз сваю нетактоўнасьць і праз тое, што скарыстаўся гіпэрбалай.