Выбрать главу

Грынвіцкі мэрыдыян

Я думаў: гэта дзіцячая забава — пераступіць церазь медны пасак мэрыдыяну і апынуцца ў заходнім паўшар’і, але, зрабіўшы гэты крок, раптам зразумеў: ты засталася ва ўсходнім, і мне зрабілася страшна.

Дарога ў Полацак

Дарога ў Полацак пасьля спатканьня з табою падобная на дарогу з Эдэму ў яго ліпеньскія ваколіцы. Разгорнутая на каленях кніга: «Дзень быў блакітны, як адварот птушынага крыла...» Хіба гэта не пра нас? Мімалётны сон, шчасьлівы, як кацяня на бервяне пад дзедавай арабінай. Твае чарэшневыя вусны яшчэ блукаюць па бульварах і завулках гораду, які завецца маім целам. Чырвоны акварыюм «Ікарусу» ўвачавідкі поўніцца бурбаткамі кіслароду. Суседка ў кароткай спаднічцы з тваімі асымэтрычнымі ямачкамі на падбародку, калі ты сьмяесься з майго шапялявага блазнаваньня. Азёры сярод спадзістых пагоркаў сьведчаць: аўтобус ня зьбіўся з курсу. Знаёмы скульптар сьцьвярджае, што тут зноў завяліся ундыны, вядомыя з гістарычных крыніцаў мінулага стагодзьдзя. Ня выключана, што ў іх — ногі маёй суседкі з каленямі, як яблыкі-папяроўкі, якія я хачу накрыць сваёй расхваляванай далоняй, каб адчуць сорам перад табою, каб востра адчуць тваю ўладу, што здаецца мне сёньня найвышэйшаю формай свабоды. Табе лепей ня ведаць: безь цябе я рызыкаваў бы застацца толькі магчымасьцю самога сябе, ня ўведаўшы, як цалуюцца ундыны ў чырвоным «Ікарусе» па дарозе з Эдэму ў Полацак, па дарозе ад нас да цябе, па дарозе з прадоньня бясконцасьці ў бездань нябыту, сагрэтую чарэшневымі вуснамі, якія асьцярожна робяць салёны глыток.