Выбрать главу
Кепурка Уладзімера Караткевіча і зьлёгку правінцыйнае гіпсавае аблічча Станіслава Манюшкі. Шапаткі рой нязвыклых пяшчотных імёнаў і дзьве шаравыя маланкі ў небе над далінаю канапы. Сунічны пах дыні і прыціснуты да шкла чоўнік далоні, які паплыве празь некалькі краінаў. Адчуваньне, што цябе проста ампутавалі без усякага наркозу... Бутэлька нясмачнага цёплага піва, на дне якой хаваецца веданьне: гэты жнівеньскі дзень прысьніцца мне пасьля сьмерці, пакуль што адтэрмінаванай да XXI стагодзьдзя.

Над местам

Сёньня ўначы я быў надзелены талентам чытаць чалавечыя думкі, і, можа, у гэтым не было б нічога незвычайнага, каб мая здольнасьць не мяняла да непазнавальнасьці маіх знаёмых, але нават у тым выпадку, калі ўладальнік падбародка рымскага легіянэра ператвараўся ў пяшчотную дзяўчыну з сапфіравымі завушніцамі, я дакладна ведаў, хто ёсьць хто, і з прычыны прыроджанай пэдантычнасьці склаў вялікі сьпіс тых, з кім павінен сустрэцца, каб упэўніцца, што яны таксама падуладныя зьменам. У параўнаньні з чытаньнем думак здатнасьць лётаць выглядала даволі банальна, хоць у небе я пачуваўся яшчэ не зусім упэўнена і мяне настаўляла мая даўняя сяброўка — адзіная істота, якая не зьмяніла свайго аблічча (я пакутаваў ад здагадак, якім яна бачыць мяне, бо падазраваў, што спадарожніца ўмее ня толькі лётаць). Мы доўга ляцелі над местам і, спалохаўшы закаханых катоў, селі на дах змрачнаватай старой камяніцы, схаваны замшэлым парапэтам з грыфонамі, што нядобра касавурыліся на нас, нэрвова чысьцячы пёры, і мая сяброўка растлумачыла: сюды зьлятаюцца такія, як мы. Далёка ўнізе шумела места, а там, каля цёплага коміну, было ціха і ўтульна, толькі раз-пораз шамацелі крылы, бо зь неба апускаліся новыя пары. Яны выгуквалі свае нумары і займалі чаргу; хутка я зразумеў, каго мы чакаем.

Вуліца Ніжнепакроўская ў Полацку

Вуліца зьліваецца з абалонай, шматпавярховыя камяніцы растаюць, быццам кубікі рафінаду, міма праплываюць купецкія дамы з лавачкамі і аканіцамі, зялёная крыга вязе жарага пеўня, мы плывем сярод дзіклівых дзьвінскіх самоў і віленскага барока, вейкі ператвараюцца ў плаўнікі вачэй аўтара мэтафары, які вандраваў тут раней за нас, пад старой лодкай схаванае маё адзеньне — тады я ўпершыню пераплываў гэтую раку, ня ведаючы, што яна вынесе мяне на бераг, дзе каардынатамі будуць твой голас і твая ўсьмешка, якія даверліва плывуць побач, пэўныя, што я не прапушчу той павароткі, адкуль яшчэ ня позна вярнуцца ў сакавіцкі ранак, калі нашы душы прачнуліся ў затоцы бязгрэшнага ложка, дзе ў зарасьніку аеру драмала шэрая чапля вечнасьці.