Выбрать главу

Экспэдыцыя ў Сахару

Твой драмадэр мэлянхалічна жуе схопленую плюшавымі вуснамі калючку, старанна робячы выгляд, быццам спрабуе здагнаць чырвоны дынар сонца, што коціцца за клясычныя барханы, з-за якіх выходзіць шакалядавы маладзён з тузінам піва ў памаранчавым вядзерцы. За рахманы нораў твайго драмадэра завуць проста кемаль, а ў перакладзе — вярблюд, але ты ўсё адно глыбока паважаеш яго, бо пах ягонае мачы адпужвае вужак і скарпіёнаў. Наперадзе горад Эль-Флявуар (у гэтых мясьцінах любое паселішча лічыцца горадам): пяцьсот жыхароў склікае муэдзін і прыкладна столькі ж ляжаць у пытляваным пяску, навечна павернутыя спакойнымі тварамі ў бок Мэкі. Вока адпачывае ад кірыліцы і лацінкі, бэтонны сьфінкс у паранджы працуе вартаўніком трохзоркавага гатэлю, а значыць, цудадзейная мача сёньня не спатрэбіцца і парт’е атрымае шанец развучыць «калі ласка» і «дабранач», што ніколі ў жыцьці яму не прыдасца. Код Беларусі — 375, і ты маеш выдатную магчымасьць у тэлеграфным стылі паведаміць у мікрафон, што цябе занесла ў Туніс, у Сахару, у тую кропку, дзе абрываюцца дарогі і разгортваецца прастора, населеная толькі міражамі, крылатымі вярблюдамі і бляндзіністымі шакаламі з рубінавымі вачыма. Парт’е таксама аматар далёкіх вандровак і ў жніўні гуляў зь белай жанчынаю па Парыжы, дзе і ты калі-небудзь будзеш бадзяцца па кавярнях — адзін ці з чорнай сяброўкаю, але пакуль што табе хочацца выйсьці з гатэлю і расьцягнуцца на цёплым пяску, павярнуўшыся тварам да краіны, у паломніцтва да якой ператвараецца тваё кожнае падарожжа, хоць ты патрэбны ёй ня болей, чым патрэбны зараз пільным сахарскім скарпіёнам пад гэтым атрамантавым небам, засьмечаным цьмянымі сузор’ямі і чародамі крылатых вярблюдаў.

Восеньскі тост

Нас трое — індыгавы вечар, вохрысты каштан і я з пляшкаю цёмнага віна, якую мы вып’ем за тваё цела: спачатку — за яго высокі гемаглябін і спачын мікробаў, што аддана служаць дзьвюм на год традыцыйным ангінам, потым — за яго садовыя сьцежкі і авантурныя альтанкі, дзе дазваляецца гаварыць выключна шэптам, потым — за яго імжыстыя хрызантэмавыя раніцы і небясьпечныя дзённыя пілігрымкі, за яго скрутныя віры, падступныя затокі і затанулыя ў іх караблі зь вядомымі адной табе мужчынскімі імёнамі, за канстанту яго экватару і ягоны нулявы мэрыдыян, праведзены празь дзьве плямкі з разраду асобых прыкметаў, за сусьвет твайго цела і непрадказальнасьць арбітаў яго населеных гуманоідамі плянэтаў і пустэльных астэроідаў, за яго сузор’і і туманнасьці, што існуюць у інфрачырвоным і ультрафіялетавым спэктрах, за жнівеньскія зьнічкі загаданых грахоўных жаданьняў, за... Сёньня надарыўся першы прымаразак, і ў кампаніі каштана і вечара я п’ю за тваё цела.

Канатаходка

Аддаўшыся сонечнаму ветру, ты йдзеш над праспэктамі й пляцамі, усьміхаючыся сустрэчным чайкам і пасылаючы паветраныя пацалункі п’яніцам на лавачках каля помніку пралетарскаму пісьменьніку. Ты йдзеш над гэтым горадам і гэтым жыцьцём, і мой позірк падтрымлівае цябе больш надзейна, чым любы балянсір. Ты ніколі не даведаесься, што аднойчы, калі ты аступілася і адчула абыякавае дыханьне лянівага зьвера бездані, я хацеў адвесьці вочы.