Выбрать главу

Дзьвінскі вецер

Надзейны смак маміных смочак ля вакна зь відам на ператвораны ў вар’ятню кляштар францысканаў, смак вады дзьвінскае лукавіны, якая рыхтавала мне цёплае месца сярод сваіх тапельцаў, ледзянцовы смак вуснаў юнай распусьніцы пад перакуленым у вербалозе чоўнам, смак першага глытку схаванай бабулінай самагонкі, горды смак крыві з разьбітых у бойцы з зарэчнай шпаною кулакоў, гаючы смак ветру, адной зь нешматлікіх, як зазначыў калега Камю, чыстых рэчаў, марскі смак жаночага лона, смак бясконцасьці, што кладзецца на вусны ў зімовыя месяцавыя ночы... А з будучыні ўжо ляціць насустрач тая, чый пацалунак, як вясёлка над жыцьцём, тоіць у сабе ўсе знаёмыя і нязьведаныя смакі зь іх адценьнямі, тая, якой вядомыя ўсе мае шляхі й сховы, тая, што кожную хвілю гатовая грацыёзна апусьціцца на маё плячо.

Вестка пра нас

Даўно няма нашай ўтравелае сьцежкі, а цёплая антэна сьпічастага валуна дагэтуль пасылае ў сусьвет тое самае паведамленьне пра белыя мяцёлкі адцьвілага скрыпеню, расплаўленае ў сонцы лісьцё маладой арабіны, двух рудых мурашоў на вузкай далоні і халаднаватыя клубы дарослай дзяўчынкі, якую ніколі не кахаў, якую ніколі не забуду.

Мая полацкая канапа

Зноў да раніцы не магу заснуць на сваёй старой канапе. Яна небясьпечна гайдаецца на дзьвінскай строме, яна прычальвае ў плыткай затоцы — каралеўстве смарагдавых стракозаў. Яна цяжка наладаваная школьнымі задачамі зь фізыкі і эратычнымі снамі. Яе борт у розны час аздаблялі розныя імёны — нязьменна жаночыя і нязьменна зь літарай «л», як і цяпер. Сярод альбомаў з маркамі даўно няісных краінаў, якіх чамусьці зусім не шкада, унізе яшчэ шкрабецца, чакаючы свайго дня, тузін пакручастых сюжэтаў. Варта заплюшчыць вочы, як цёплай яшчаркаю сьлізгане пад коўдру смуглявая аднаклясьніца, якая пасьля школьнае практыкі працавала прастытуткай на сваёй гістарычнай радзіме і неяк прыслала мне ліст з шасьціканцоваю зоркаю на паштовай марцы. Сьпяваюць штосьці настальгічнае бывалыя спружыны, шчодра абчапляныя пацеркамі небясьпечных згадак і лятункаў. Падушка з мамінага пасагу, быццам прачнуўшыся, пачынае п’янка пахнуць маладым сенам і бабуліным сьвятаяньнікам. У льняной прасьціне варушыцца ранішні ветрык. Дзедаў гадзіньнік ціха ганарыцца, што дайшоў да новага тысячагодзьдзя. Перад тым, як узьняцца ў бязважкасьць сну, усьцешана падумаю пра гэтую вечную полацкую гравітацыю.

Кабінэт

Абсталёўваю свой першы ў жыцьці кабінэт, да якога дажыў акурат на міленіюм, — сваімі кнігамі, што напішу ў ХХІ стагодзьдзі, кнігамі сяброў, якім ужо не дазвонісься зь віншаваньнямі, бо тэлефонны код туды пакуль ня вынайдзены. Вешаю на паўночную сьцяну сармацкі партрэт яшчэ не народжанай жанчыны, якой наканавана стаць маёй апошняю каханкай. Футуролягі цьвердзяць: праз дваццаць гадоў кожны зможа скарыстацца з магчымасьцяў кланаваньня (праблема ў тым, каб элемэнтарна не стаміцца). Зрэшты, сьмерць — таксама сьвята (хаця б таму, што бывае толькі аднойчы). Добра было б адзначыць яго за гэтым пісьмовым сталом, што памятае мае дыялёгі з Мацеем Казімірам Сарбеўскім і Хуліё Картасарам, даўжэзны хвост незабыўнай коткі Басоты, тры ці чатыры дасканалыя папенцыі etc. Хаваю ў шуфляду тастамэнт, паводле якога на стальніцы паставяць келіх к’янці і букет бясьсьмертнікаў-сухацьветаў.