Трохі інфантыльная начная размова з бабуляй
Сам-насам з ноччу
гатую кактэйль,
дзе прапорцыі
штораз мяняюцца,
але інгрэдыенты тыя ж:
пляшка «Мядзьведжае крыві»;
мая беларуская кроў,
кропля крыві цыганскай —
вынік задаўненага граху
шклоўскай прабабкі па кудзелі;
першае каханьне
ў першай клясе,
якое клічуць Ірачкай
(у пэрсікавым пушку
на худзенькай шыйцы
заблытаўся камарык
недаробленай радзімкі);
зімовыя мроі пра лета,
калі Ірачка
патоне ў Дзьвіне,
а я пасьпею
выцягнуць каханую
на парослы гусінай лапкаю
бязьлюдны пляж
і зраблю ёй штучнае дыханьне,
як намалявана на
выратавальнай станцыі;
калі з вуснаў у вусны
ўдзьмуваеш паветра,
сэрца вырастае і
выпраўляецца ў падарожжа па
зьдзіўленым дзіцячым целе,
бессаромна адгукаючыся
ў самых розных органах;
аднекуль вылупляюцца
птушаняты першых вершаў
(яшчэ ня ведаю, што гэта
называецца натхненьнем);
поўная адсутнасьць
тэлефонаў і тэлевізараў і
вечная прысутнасьць гіпсу
на зламаных руках;
пошукі полацкіх скарбаў
і найлепшы археоляг — Дзьвіна
зь яе падарункам,
манэтаю багаславёных часоў
Жыгімонта Аўгуста
з «Пагоняй» на рэвэрсе, якую
(сьцёртую бацькам на парашок),
неўпрыцям зьем,
бо ў ломкіх юных костачках
бракуе медзі;
сон, дзе пакутліва ня ведаю,
што рабіць з настаўніцай батанікі,
такой самай прыгожаю, як наяве,
толькі абсалютна голай;
добрая вядзьмарка
бабуля Аўгіньня,
маміна мама;
яна ўмее замаўляць зубы
і выводзіць «каціную драпу»;
яна вучыць, што няможна хлусіць,
бо пачуе сьвяты Мікола і
будзеш сікацца ўначы...
Бабуля, а ты таксама сікалася,
калі казала, што дзед Максім
памёр ад сухоткі,
а насамрэч яго ў трыццатыя
расстралялі ў магілеўскіх кар’ерах,
а за дзень да свайго скону
ты гнала ў лазьні самагонку,
хоць афіцыйна пайшла ў маліну;
ты кажаш,
мне ўжо досыць,
але ж гэта ўсяго сухое чырвонае,
а ня твой пяршак,
празрысты, як вада
ў сьвятой Ільлюцінай крыніцы,
і, відаць, гэткі самы карысны
для арганізму;
калі ты загаварыла адтуль,
скажы мне,
ці ёсьць там Беларусь
і ці разумеюць там
па-беларуску
і як я пазнаю цябе,
хоць, магчыма, я заслужыў
іншае месца, дзе мы
ніколі не сустрэнемся;
а хочаш, я пакажу табе
сваю кватэру:
вось лазенка, а вось прыбіральня,
а гаўбца няма,
і ты можаш не хвалявацца,
што я грымнуся з высачыні,
а тут, забагацеўшы,
зраблю камін
з такой самай «Пагоняй»,
якую некалі зьеў
разам з профілем
Жыгімонта Аўгуста;
на камінную дошку
буду ставіць зялёную пляшку і
піць за той дзень,
калі ты не пусьціла ў свой ложак
п’янага бальшавічка з раёну і
засталася вечнай удавой;
а хочаш, я ўключу тэлевізар,
і ты ўбачыш,
як расейскія бомбы
забіваюць чачэнскіх дзяцей, —
пэўна, дзеля таго,
каб яны ня сікаліся ад страху;
а тваіх улюбёных «падушачак»
сёньня няма,
я прынясу іх табе пад бярэзіну,
дзе ты бываеш на Сёмуху
ў абліччы заўсёднае пчолкі;
чаму ты так рана
адляцела ў Вечны вырай,
назаўсёды пакінуўшы мяне
трохі інфантыльным полацкім мальцам,
які пачаў пісаць верш
і адразу зблытаўся.