Выбрать главу
Я забываю словы. Словы забываюць мяне. Мы сустракаемся на белым аркушы, не пазнаючы адзін аднаго, сьпяшаючыся разысьціся, быццам у прыцемнай выгбе дзе-небудзь у Рызе каля сабору сьвятога Якуба або на менскім праспэкце насупраць кавярні «Паляўнічы». Толькі твае імёны яшчэ памятаюць мяне. Я пакуль пазнаю іх у крыклівых натоўпах чужых найменьняў, выводжу іх на паперы (чамусьці ў ніжнім левым кутку, чамусьці зялёным атрамантам), пішу іх сьцішана й асьцярожна, захінаю рукой ад ветру з расчыненага вакна — каб не паляцелі ў невараць чародкаю зялёных стракозаў. Баюся заблукаць бязь іх на гэтай гулкай белай роўнядзі, дзе так часта надараюцца праявы пад назваю fata Morgana. Баюся заблукаць незваротна.
Цябе завуць Трава. Цябе завуць Неба. Цябе завуць Вогнішча.
Цябе завуць Дарога.

Архіварыюс Война

Прыкладна раз на год, звычайна перад Калядамі паводле грыгарыянскага календара, мне сьніцца полацкі архіварыюс Аўгустын Война, маладжавы манах-базылянін з залатым зубам, таемны геданіст і, магчыма, мой продак, які ня першы год судзіцца з полацкімі езуітамі, складаючы каліграфічным почыркам дваццаць сёмую скаргу каралеўскім камісарам. Войну замінае спаць гадзіньнік на касьцёле сьвятога Стэфана. Война лічыць шарлятанствам мэханічную галаву з калегіюму, што гаворыць на ўсіх вядомых мовах, і наагул мае да Таварыства Езуса спадчынную нялюбасьць, за выняткам айца Папэ, якому (зусім дарэмна) давераны вінны склеп (ён таксама мне сьніцца, аднак трохі часьцей), айца Папэ, які можа нацадзіць з дубовае бочкі, равесьніцы Літавора Храптовіча, кухаль старога мёду і — бывай, любая застуда. Война здымае з паліцы мае кнігі з аўтографамі, сьпярэшчаныя іранічнымі маргіналіямі, за якімі сарамяжліва хаваецца чараватая пляшка, і — у залежнасьці ад настрою — звоніць па тэлефоне спачатку айцу Папэ або адразу мне самому — тут я прачынаюся ад начнога міжгародняга званка. Хтосьці маўчыць у слухаўку, плывуць па правадах удары гадзіньніка сьвятога Стэфана, пяюць на Дзьвіне цыбатыя асначы, хіхікае па-змоўніцку айцец Папэ, шэпча ўва мне ўпэўнены голас: ты таксама прысьнісься камусьці на Каляды, набраўшы тэлефонны нумар, які можна адшукаць адно ў паперах каралеўскага камісара, якому падае каліграфічную скаргу полацкі архіварыюс Аўгустын Война, маладжавы манах-базылянін, таемны геданіст і, магчыма, мой продак. Студня
Нахілюся над студняй, каб убачыць самога сябе.
Глядзяць на мяне з глыбіні то сьветлагаловы хлапчук, то сівабароды стары, а часам няма адлюстраваньня, быццам не нахіліўся ніхто над студняй.
Няўжо гэта я — хлапчук? Няўжо гэта я — стары? Няўжо гэта я — адсутнасьць адлюстраваньня?

Бібліятэка імя Скарыны ў Лёндане

Вечар, які бавіш удваіх з «Sarmatiae Europeae descriptio...», MDLXXXI* віцебскага камэнданта Аляксандра Гваніні, не вяшчуе нічога, апрача ленаватай чародкі думак пра ўвішнага італійца, што з маўклівага дазволу Кліё беспардонна сьпісваў у свайго падначаленага Мацея Стрыйкоўскага. (Абвінавачаньне ў плягіяце здымаецца з прычыны даўніны.) Зялёны авал сьвятла на велічным стале, вартым штабу маршала Нэя, дзе шарыкавая асадка на месцы цяжэзнага каламара з пазалочанымі музамі і гусіным пяром выглядае як міні-спадніца на шчадралюбных клубах каралевы Боны. Легкадумныя дыялёгі з героямі гравюраў на ломкіх аркушах in folio колеру леташняй аўсянае саломы. Вялікаму князю Альгерду можна выказаць шчырае спачуваньне (калі летапісцы, як зазвычай, ня ўводзяць нас у зман), што ён ня ведаў смаку перабрадзілага вінаграднага соку. У Віценя ніхто не замінае запытацца пра эпікурэйскія вусы карчомнага заўсёдніка, а яго мосьць Скіргайла няхай узгадае, як полацкія месьцічы прывязалі яго задам наперад да старое кабылы. Habent sua fata libelli** — аздобленае пацінаю выслоўе таксама гучыць легкаважна. I раптам ад паліцы з гатычнымі шрыфтамі вее трывожны ветрык. Тамы ў цісьнёных пераплётах спакваля поўняцца непрыхільнасьцю. Альгерд на тытульным аркушы пагардліва падцінае вусны. Сьвідрыгайла выцягвае з тула стралу. Нічога добрага не абяцае насуплены пагляд Вітаўта. Цяжкія завесы набываюць зьнячэўку скульптурную рэльефнасьць — іх хочацца падняць, каб пераканацца, што там сапраўды пуста, але лепей пакінуць гэтыя падазроныя складкі ў спакоі. Стары лёнданскі дом абуджаецца якраз у тую хвіліну, калі ты неабачліва аказаўся ягоным закладнікам, дом, які прасьцюжана ўздыхае, які бярэ ўнізе нечай рукою тэлефон, прымушаючы ўявіць стол бастыёнам і пасунуць бліжэй сьціплы томік in quarto пад даўжэзнай барокавай назваю «Собрание припадков краткое...» еtс., здаецца, адзіную кнігу, выдрукаваную па-беларуску за ўсё доўгае XVIII стагодзьдзе. (Факт, безумоўна, з гаркавым прысмакам, хоць стагодзьдзе ўсё ж прамінула ня марна.) Нешта дзеецца з часам: стагодзьдзі набываюць розную працягласьць і шчыльнасьць і, што самае небясьпечнае, пачынаюць дыфузаваць, у выніку чаго твой 1994-ты можа апынуцца дзе-небудзь паміж Вялікай францускай рэвалюцыяй і Люі Філіпам...