Выбрать главу
(Першы дотык зьмяшае вымярэньні й эпохі, дзе мы існуем ва ўсіх ранейшых і будучых увасабленьнях; слодыч абуджэньня пацьвердзіць: мы з той самай матэрыі, што і нашыя сны.)
Калі сёньня ты не прысьнісься мне, я сам папоўню фаўну тваіх сноў сваёй сарамяжлівай сумотаю з пахам канваліяў, сваёй негаваркой пяшчотнасьцю з пахам язьміну, сваімі бессаромнымі вуснамі з гаркавым пахам рамонкаў. Я згодны нават на тое, каб мы з табою прысьніліся некаму трэцяму — хай паўторыцца той бязгрэшны сон, дзе мы сядзім на даху нью-ёрскага хмарачоса і, боўтаючы над безданьню босымі нагамі, успамінаем: калі ты сьнілася мне, калі сном быў я сам.

* Сьцеражыся той, што цябе пакахае (лац.).

** «Мэтамарфозы і сымбалі лібіда» (ням.)

Пакой

Прахожыя ідуць праз наш пакой і аддаляюцца, робячы жаданьне яшчэ вайстрэйшым. Галасы гораду гаснуць адзін за адным у нашых целах. Музыка гасьне апошняю — на вуснах і кончыках пальцаў.
Сьвет нараджаецца зь ціхага ўскрыку і сьмеху. Дыханьне творыць пэрсікавы пушок на шчацэ. Музыка прачынаецца ў анфілядах гарачых прасьцінаў.
Новая радзімка зьяўляецца на худзенькім плячы.

Брытанскі музэй

У антычным аддзеле, мы гутарым з імпэратарам Вэспасіянам (9—79 гады нашай эры), з тым самым, што абклаў падаткамі грамадзкія прыбіральні, каб сказаць сыну, што грошы ня пахнуць. Д’ябал зь імі, з прыбіральнямі, кажу я, але навошта было асуджаць на выгнаньне стоікаў? (А мая каханая згаджаецца ў гэтую хвіліну на спатканьне.) Затое я збудаваў Калізэй, апраўдваецца Вэспасіян. Але пры чым тут стоікі? — не разумею я. (А мая каханая сьмела ўваходзіць у чужыя дзьверы.) Вэспасіян незадаволена чмыхае мармуровым носам, страчаным у нейкім з дваццаці прамінулых стагодзьдзяў. Наш сусед Сэптымій Сэвэр зласьліва касавурыцца: балбатня замінае яму абдумваць паход на парфянаў. (А мая каханая паказвае сваю грыўку чужому люстэрку.) Хтосьці адбіў імпэратару Сэптымію абедзьве рукі, але, напэўна, не за тое, што ён пачаў узводзіць тэрмы Каракалы. Попел яшчэ не засыпаў фрэсак Пампэі, і смуглявы патрыцый любіцца зь нявольніцай, не зважаючы ні на нас, ні на Ікараву авантуру, ні на карабель Уліса. (А мая каханая падстаўляе вусны для пацалунку.)