У Лёндане цьвітуць вішні.
У Менску падае дождж.
Уліс праплывае паўз востраў сырэнаў.
Мая каханая кажа ня мне:
гэта — маё надвор’е.
Déjà vu*
Новае расчараваньне
зьявіцца ў знаёмым абліччы:
цёплага надвячорка зь цішынёю,
што зьвіла гняздо ў тэлефоне;
цнатлівай ночы з «Вeatles»,
якія ў сьне
сыграюць разьвітальнае «Let It Be»;
бязьмежна-пустэльнага ложка
зь нядзеляю на даляглядзе;
пачатага рукапісу,
які ні да кога не прыраўнуе;
белагрудай коткі,
якая ўладкуецца на стале,
зусім паважна лічачы,
што дапамагае пісаць;
кароткага дожджыка,
які дзесьці пакратае лапкамі
жоўтую парасонку;
званка старой прыяцелькі,
чыё каханьне шмат гадоў таму
разьмінулася з тваім каханьнем;
вечаровага сябра,
які зьдзівіцца, калі ты
папросіш цыгарэту...
* Тое, што ўжо бачыў (франц.)
Вяртаньне ў Менск
Дзьве магілы
на зялёнай высьпе
праваруч шашы:
татаў
і мамін помнікі
з шасьціканцовымі крыжамі.
(Беларускай мовы
на могілках
прыкладна столькі ж,
як і за іх агароджай.)
Бельчыцы
з рэзыдэнцыяй полацкіх князёў
і лёхамі на той бок Дзьвіны,
бітком набітымі
гістарычнымі сюжэтамі.
Лепельскае возера,
дзе ў сярэднявеччы
жыў беларускі кузэн
лох-нэскае пачвары,
што здабываў сабе дэсэрт,
перакульваючы чаўны
з грамадзянамі
Вялікага Княства Літоўскага,
а калі спруцянеў,
смурод,
сьцьвярджаюць аўтары хронік,
моршчыў славянскія насы
ажно на Валовай азярыне
ў Полацку.
Абалона Бярэзіны
з чапурыстымі стажкамі,
аднаму зь якіх я неяк даверыў
сваю таямніцу.
У прыдарожных бярэзьніках
ужо прачнулася
бэзавая здань вясны,
зь якой душа хацела б правесьці
ўік-энд.
(Англіцызм —
вынік дачытаных
у ваколіцах Бягомлю
камэнтароў
да васямнаццатага эпізоду
«Уліса»:
месца дзеяньня —
пасьцель Молі Блюм,
ірляндзкай мадам Бавары,
дакладней — яе сонная сьвядомасьць;
час дзеяньня —
адзінаццатая гадзіна вечара,
а магчыма, —
вечнасьць.
У руках Джойса
на фатаздымку
таксама чытаецца
яго неадчэпнае пытаньне
пра душэўную хваробу
дачкі
ў якасьці пакараньня за «Уліса».)
Прызнаньне сястры,
што апошнім часам
яна ўсё пільней
глядзіць на вуліцы
на старых жанчын.
Магіла сябра
(таксама праваруч шашы),
які аднаўляў
Сафійку і Богаяўленскі сабор
і памёр,
чытаючы Караткевіча,
хоць больш любіў
Унамуна й Басё.
Лагойскія пагоркі,
за якімі пачынаецца
зона ўпэўненага прыёму
тваіх флюідаў.
Аўтобус
пасьпяхова пераадольвае
першую лінію
менскіх умацаваньняў.
Усё, вядома, іначай,
але
мне хочацца
ўяўляць цябе
зусім адну
ў цёплай ваньне зь зялёнаю пенай,
сам-насам з часопісам,
з жаночымі ўспамінамі
і з тэлефонам,
да якога ня трэба будзе бегчы,
пакідаючы на падлозе
мокрыя сьляды.
Памяць
Памяць
любіць павучка,
што жыве за старым гадзіньнікам.
Памяць
любіць жаўтлявую музыку
«Beatles».
Памяць
любіць матылькоў
на пыльным падвоканьні.
Памяць
любіць сухія гарачыя рукі.
Памяць
любіць вусны,
што ўмеюць піць да дна.
Памяць
любіць імя,
у якім тояцца сотні імёнаў.
Ян Баршчэўскі
Мы сустрэнемся
на пецярбурскім гасьцінцы,
недзе каля Клясьціцкай царквы,
а найверагодней — карчмы,
пад Янаў дзень,
бо ты ужо мусіш прайсьці
большую частку шляху
з Санкт-Пецярбургу ў Полацак
(гэты шлях, між іншым,
карацейшы, чым наадварот).
Ты будзеш ісьці,
адпачываючы ад прыватных урокаў
лаціны і грэцкай,
згадваючы ўхвальныя словы
самога Міцкевіча
(зрэшты, безь вялікага піетэту),
які два-тры разы пагартаў
твае вершы.
Ёселевы прусакі
ня здолеюць атруціць
смаку журавінавай палёнкі
(хоць у полацкіх айцоў-езуітаў
яна, безумоўна, мацнейшая).
Кабета Інсэкта зь Белай Сарокай
пакінуць нас у спакоі,
праўда,
мільгануцца перад агменем
велізарныя цені
Стаўраў і Гаўраў.
Урэшце
ў доме павятовага маршалка
сьцьвярджаюць, што і ты
частку дарогі з сталіцы
адольваеш наўпрост
у абліччы розных нязвыклых істотаў.
(Чаго ні наплятуць жаночыя языкі,
тонка ўсьміхаесься ты,
унікаючы адказу.)
Кашэчы кароль Варгін
і мышыны Паднор
угамуюць сваіх шматлікіх падданых,
дамовіўшыся пра нешта з Будзімірам,
каралём усіх пеўняў.
Полацкія чарнакніжнікі
нарэшце спахопяцца,
паветра ў карчме загусьцее
да кансыстэнцыі палёнкі,
час упакорыцца чарам, і
ня будзе аніякай гарантыі,
што мы ня выйдзем з карчмы,
цьвёрда трымаючыся на нагах,
у пухкую завею
з далёкай сьвечкаю
на падвоканьні шляхціча Завальні.