Выбрать главу

Музыка з ваколіцаў Сыднэю

У старадаўнім парку графаў Ельскіх у апошнюю нядзелю кастрычніка я сустрэў ліпу, якая насамрэч была зусім ня дрэвам, а дыярыюшам яшчэ аднаго нашага году з дакладнай колькасьцю падлічаных ветрам лісьцяў, на авэрсах якіх зьнікалі ў замкнёным тунэлі празрыстага даўкага часу нашы закадзіраваныя ў залацістых эпітэліях дні — дзень, калі мы адкрылі ў мяне рабацінку, ўрачыста прысвоіўшы ёй інтымнае імя, як астраномы даюць імёны невядомым зоркам; дзень, калі я зразумеў, чаму лётаюць Шагалавы закаханыя (разгадку шукайце ў анамаліях віцебскага рэльефу); дзень, калі ты не пасьпела адбараніцца ад мяне ў паганскіх полацкіх лугах, густа населеных сылюрыйскімі кузуркамі, якія... Вохрыстыя рэвэрсы прысьвячаліся нашым начам і таму занадта часта заставаліся цнатлівымі, нібы стос паперы на стале ў памерлага ўвосень паэта з мухай-тапельніцай у яго астатнім келіху, аднак узгадай: там занатаваныя ноч, калі мы любіліся на зэбрастым мангальф’еры, што ледзьве пасьпеў узьляцець над расчараваным натоўпам гледачоў; ноч, па-над якою вырабляў рызыкоўныя піруэты двухмясцовы самалёцік, здатны на доўгія бесьперасадачныя рэйсы ў экзатычныя краіны паблізу тропікаў Раку і Казярогу; ноч, калі ты сьвяцілася на прасьцінах роўным матавым сьвятлом вялікага цёплага сьветлячка з падфарбаванымі віном жаночымі вусікамі, якія... Сутоньвалася, і пажоўклай чародкаю раставалі ў часе нашы непражытыя дні — у горадзе, дзе заўсёды цьвітуць каштаны, а раку вартуюць лятучыя патрулі грудастых шэрых чапляў; на высьпе з антычным радаводам, запісаным у храмах Афрадыты Кіпрыды мінойскімі пісьмёнамі; на гістарычнай радзіме качканосаў і кенгуру, якіх мы будзем гадаваць на ўласнай фэрме ў ваколіцах Сыднэю, слухаючы вечарамі музыку, якая ўжо гучыць у старадаўнім парку графаў Ельскіх у апошнюю нядзелю кастрычніка.

Чатыры вятры

Чатыры вятры прыляцяць да мяне на другі дзень Вялікадня, і ў кожнага будзе жаночае імя. Усходні будуць зваць зусім банальна, затое некалі ён атрымаў пяшчотную мянушку, якая чамусьці нагадвае ласку. Вецер з захаду будзе мець летапіснае імя каралеўны і прынясе водар ранішняй кавы. Паўдзённы вецер мядова запахне шыпшынавай кветкай з скрыжаваньня дзьвюх цёплых сьцежак. У паўночнага будзе балцкае імя, і маё сэрца зашчыміць, бо я забуду яго, а ўспомню толькі стары невад, набрынялы вільготным пахам, што кропля за кропляю сьцякае ў салёныя сьляды босых ножак.
Цэлы дзень будуць кружляць вакол дому чатыры вятры, а ўвечары апусьціцца зь неба ласкавая вусьціш, якую завуць так, як цябе.

Архіўны ўік-энд

Ранішняя газэта, аздобленая партрэтам нізкалобага прэзыдэнта зусім чужой краіны, ў потнай лядоўні тралейбуса, нямытая ад Вялікадня бамжыха, дух сьмецьцевага кантэйнэру ў іпастасі дымаватага ката і ўсё астатняе імгненна робяцца архіўнымі адзінкамі, сагрэтымі надзеяй на спатканьне з уніклівымі мышамі маёй памяці. (Трохі супраціўляецца адно прывакзальны ўладальнік кардонкі з просьбаю ахвяраваць на хлеб, накрэмзанай па-беларуску.) Нядбайна забываючы нумараваць фонды і вопісы, я здаю ў архіўныя сутарэньні патушаныя вокны на дзявятым паверсе ў Полацку і вокны на розных іншых паверхах, адкуль мне адкрываліся краявіды з мэнтолавым пахам, барокавыя валюты цьвілі на сьценах сталінскага бараку ў майстэрні майго сябра, дзе нам пазіравалі найпрыгажэйшыя жанчыны дзьвінскага левабярэжжа, якія даўно эмігравалі ў Нафтаюганск, Тэль-Авіў і Плешчаніцы; прапахлыя смажанай цыбуляю сухія ружы на чужых кухнях; паветраныя шары хрызантэмаў у сьлізкіх вантробах падземных пераходаў; цацачны «Боінг» польскай кампаніі «Lot» над крыгаю Грэнляндыі; здабытыя з футэркаў і сукенак, да краёў поўныя жарсьцю і фрыгідныя, як паўночныя малюскі, жаночыя целы... Пад ухвальную моўкнасьць шызае птушкі мэлянхоліі, што падарожнічае на маім плячы, бязь лішніх развагаў сьпісваюцца ў архіў мая правадніца на жыцьцёвым шляху зорка Мерак у сузор’і Вялікага Возу, твой марэлевы пасак апэндыцыту, нашая чадная прыморская карчомка з штурвалам на дзьвярах, адкуль мы вынесьлі, акуратна загарнуўшы ў сурвэтку, келіхі, нажы і відэльцы, зьвязваючы сябе яшчэ і агульным крымінальным мінулым. Дасканалы сьвет люмінэсцэнтных лямпаў і наваскаваных паркетаў імкліва папаўняецца, пагрозьліва заяўляючы аб сваіх прэтэнзіях на тэрыторыю будучыні, — бо ты не прыйшла і сёньня ў мяне архіўны дзень. Сьмяротная пагроза гэтаму стваральнаму спакою тоіцца на вітрыне сустрэчнага супэрмаркету ў абліччы вузкаплечай і стройнай пляшкі такайскага (шызая птушка на плячы ўстурбавана ўзмахвае напудранымі крыламі), вузкаплечай пляшкі, падобнай да цябе болей за любую дзяўчыну з суботняга праспэкту Францішка Скарыны блакітнавокім букетам маладога падступнага хмелю твайго цела, здольнага аднаўляць тэксты палімпсэстаў, на чыіх пэргамінах я мог ператварыцца ў архіўную адзінку з нумарам і не чакаць цябе на вуліцы твайго імя, каб назаўтра зноў непазьбежна ўспомніць пра свой дыплём гісторыка і досьвед архівіста.