Выбрать главу

Нашэсьце мятлушак

У ліпені горад захапілі белыя мятлушкі. Яны кружыліся вакол поўні і вулічных ліхтарняў, езьдзілі ў тралейбусах і кватаравалі на кніжных паліцах над ложкам. Яны апускаліся нам на плечы, калі мы любілі адно аднаго перад нашым суўдзельнікам — авальным люстэркам, і зьняможана засыналі на набітых эратычнымі фантазіямі падушках. Яны будзілі нас, асьцярожна апускаючыся на павекі, пад якімі круціліся відэастужкі сноў, і ў завейным танцы паўтаралі рыфмы і рытмы нашае юравабнасьці. Ты лічыла мятлушак нечымі душамі і паіла віном. Я называў іх дзіцячымі ўспамінамі і частаваў марозівам... Аднойчы ты сказала, што вынайшла магічную формулу пераўвасабленьня ў мятлушку і, абдымаючы цябе ў той вечар, я ўжо ведаў твой выбар.

Закаханыя глуханямыя

У гэты дажджлівы дзень успомні кавярню з багемнаю рэпутацыяй, куды мы заходзілі на філіжанку кавы зь мігдалавым лікёрам (постскрыптум нашага спатканьня), кавярню, куды завітвалі парачка лесьбіянак і здабытчык дыямэнтаў зь Якутыі штораз з новаю дамай. Успомні, закаханыя сядзелі за столікам пад нязграбным пэйзажам з парушанаю пэрспэктывай, і мы не адразу заўважылі, што яны гавораць рукамі, бо нашы рукі таксама ніколі не маўчалі, прычым іх лексычны запас здаваўся нам бязьмежным. Мы крыху паспрачаліся на тэму: як глуханямыя клічуць адно аднаго і як называюць нас, калі мы завём іх глуханямымі? Успомні, яго доўгія пальцы нашэптвалі штосьці такое, ад чаго яе профіль быў зьлёгку падведзены чырваньню, і ты сказала, што слова «кахаю» на іхняй мове вынайшаў самы закаханы з усіх глуханямых. Мы думалі, яны зайздросьцяць нам, бо на іх мову не перакладаюцца ні радасьць тэлефоннага званка, ні «Yesterday», ні музыка апошніх ускрыкаў, калі вусны ўтрапёна ловяць сваю здабычу. Успомні тых закаханых з дажджлівага гораду. Ты не зайздросьціш ім зараз? Прадчуваньне
Кепурка Уладзімера Караткевіча і зьлёгку правінцыйнае гіпсавае аблічча Станіслава Манюшкі. Шапаткі рой нязвыклых пяшчотных імёнаў і дзьве шаравыя маланкі ў небе над далінаю канапы. Сунічны пах дыні і прыціснуты да шкла чоўнік далоні, які паплыве празь некалькі краінаў. Адчуваньне, што цябе проста ампутавалі без усякага наркозу... Бутэлька нясмачнага цёплага піва, на дне якой хаваецца веданьне: гэты жнівеньскі дзень прысьніцца мне пасьля сьмерці, пакуль што адтэрмінаванай да XXI стагодзьдзя.