Выбрать главу

Дзьвінскі вецер

Надзейны смак маміных смочак ля вакна зь відам на ператвораны ў вар’ятню кляштар францысканаў, смак вады дзьвінскае лукавіны, якая рыхтавала мне цёплае месца сярод сваіх тапельцаў, ледзянцовы смак вуснаў юнай распусьніцы пад перакуленым у вербалозе чоўнам, смак першага глытку схаванай бабулінай самагонкі, горды смак крыві з разьбітых у бойцы з зарэчнай шпаною кулакоў, гаючы смак ветру, адной зь нешматлікіх, як зазначыў калега Камю, чыстых рэчаў, марскі смак жаночага лона, смак бясконцасьці, што кладзецца на вусны ў зімовыя месяцавыя ночы... А з будучыні ўжо ляціць насустрач тая, чый пацалунак, як вясёлка над жыцьцём, тоіць у сабе ўсе знаёмыя і нязьведаныя смакі зь іх адценьнямі, тая, якой вядомыя ўсе мае шляхі й сховы, тая, што кожную хвілю гатовая грацыёзна апусьціцца на маё плячо.

Вестка пра нас

Даўно няма нашай ўтравелае сьцежкі, а цёплая антэна сьпічастага валуна дагэтуль пасылае ў сусьвет тое самае паведамленьне пра белыя мяцёлкі адцьвілага скрыпеню, расплаўленае ў сонцы лісьцё маладой арабіны, двух рудых мурашоў на вузкай далоні і халаднаватыя клубы дарослай дзяўчынкі, якую ніколі не кахаў, якую ніколі не забуду.

Мая полацкая канапа

Зноў да раніцы не магу заснуць на сваёй старой канапе. Яна небясьпечна гайдаецца на дзьвінскай строме, яна прычальвае ў плыткай затоцы — каралеўстве смарагдавых стракозаў. Яна цяжка наладаваная школьнымі задачамі зь фізыкі і эратычнымі снамі. Яе борт у розны час аздаблялі розныя імёны — нязьменна жаночыя і нязьменна зь літарай «л», як і цяпер. Сярод альбомаў з маркамі даўно няісных краінаў, якіх чамусьці зусім не шкада, унізе яшчэ шкрабецца, чакаючы свайго дня, тузін пакручастых сюжэтаў. Варта заплюшчыць вочы, як цёплай яшчаркаю сьлізгане пад коўдру смуглявая аднаклясьніца, якая пасьля школьнае практыкі працавала прастытуткай на сваёй гістарычнай радзіме і неяк прыслала мне ліст з шасьціканцоваю зоркаю на паштовай марцы. Сьпяваюць штосьці настальгічнае бывалыя спружыны, шчодра абчапляныя пацеркамі небясьпечных згадак і лятункаў. Падушка з мамінага пасагу, быццам прачнуўшыся, пачынае п’янка пахнуць маладым сенам і бабуліным сьвятаяньнікам. У льняной прасьціне варушыцца ранішні ветрык. Дзедаў гадзіньнік ціха ганарыцца, што дайшоў да новага тысячагодзьдзя. Перад тым, як узьняцца ў бязважкасьць сну, усьцешана падумаю пра гэтую вечную полацкую гравітацыю.

Кабінэт

Абсталёўваю свой першы ў жыцьці кабінэт, да якога дажыў акурат на міленіюм, — сваімі кнігамі, што напішу ў ХХІ стагодзьдзі, кнігамі сяброў, якім ужо не дазвонісься зь віншаваньнямі, бо тэлефонны код туды пакуль ня вынайдзены. Вешаю на паўночную сьцяну сармацкі партрэт яшчэ не народжанай жанчыны, якой наканавана стаць маёй апошняю каханкай. Футуролягі цьвердзяць: праз дваццаць гадоў кожны зможа скарыстацца з магчымасьцяў кланаваньня (праблема ў тым, каб элемэнтарна не стаміцца). Зрэшты, сьмерць — таксама сьвята (хаця б таму, што бывае толькі аднойчы). Добра было б адзначыць яго за гэтым пісьмовым сталом, што памятае мае дыялёгі з Мацеем Казімірам Сарбеўскім і Хуліё Картасарам, даўжэзны хвост незабыўнай коткі Басоты, тры ці чатыры дасканалыя папенцыі etc. Хаваю ў шуфляду тастамэнт, паводле якога на стальніцы паставяць келіх к’янці і букет бясьсьмертнікаў-сухацьветаў.

Трохі інфантыльная начная размова з бабуляй

Сам-насам з ноччу гатую кактэйль, дзе прапорцыі штораз мяняюцца, але інгрэдыенты тыя ж: пляшка «Мядзьведжае крыві»; мая беларуская кроў, кропля крыві цыганскай — вынік задаўненага граху шклоўскай прабабкі па кудзелі; першае каханьне ў першай клясе, якое клічуць Ірачкай (у пэрсікавым пушку на худзенькай шыйцы заблытаўся камарык недаробленай радзімкі); зімовыя мроі пра лета, калі Ірачка патоне ў Дзьвіне, а я пасьпею выцягнуць каханую на парослы гусінай лапкаю бязьлюдны пляж і зраблю ёй штучнае дыханьне, як намалявана на выратавальнай станцыі; калі з вуснаў у вусны ўдзьмуваеш паветра, сэрца вырастае і выпраўляецца ў падарожжа па зьдзіўленым дзіцячым целе, бессаромна адгукаючыся ў самых розных органах; аднекуль вылупляюцца птушаняты першых вершаў (яшчэ ня ведаю, што гэта называецца натхненьнем); поўная адсутнасьць тэлефонаў і тэлевізараў і вечная прысутнасьць гіпсу на зламаных руках; пошукі полацкіх скарбаў і найлепшы археоляг — Дзьвіна зь яе падарункам, манэтаю багаславёных часоў Жыгімонта Аўгуста з «Пагоняй» на рэвэрсе, якую (сьцёртую бацькам на парашок), неўпрыцям зьем, бо ў ломкіх юных костачках бракуе медзі; сон, дзе пакутліва ня ведаю, што рабіць з настаўніцай батанікі, такой самай прыгожаю, як наяве, толькі абсалютна голай; добрая вядзьмарка бабуля Аўгіньня, маміна мама; яна ўмее замаўляць зубы і выводзіць «каціную драпу»; яна вучыць, што няможна хлусіць, бо пачуе сьвяты Мікола і будзеш сікацца ўначы... Бабуля, а ты таксама сікалася, калі казала, што дзед Максім памёр ад сухоткі, а насамрэч яго ў трыццатыя расстралялі ў магілеўскіх кар’ерах, а за дзень да свайго скону ты гнала ў лазьні самагонку, хоць афіцыйна пайшла ў маліну; ты кажаш, мне ўжо досыць, але ж гэта ўсяго сухое чырвонае, а ня твой пяршак, празрысты, як вада ў сьвятой Ільлюцінай крыніцы, і, відаць, гэткі самы карысны для арганізму; калі ты загаварыла адтуль, скажы мне, ці ёсьць там Беларусь і ці разумеюць там па-беларуску і як я пазнаю цябе, хоць, магчыма, я заслужыў іншае месца, дзе мы ніколі не сустрэнемся; а хочаш, я пакажу табе сваю кватэру: вось лазенка, а вось прыбіральня, а гаўбца няма, і ты можаш не хвалявацца, што я грымнуся з высачыні, а тут, забагацеўшы, зраблю камін з такой самай «Пагоняй», якую некалі зьеў разам з профілем Жыгімонта Аўгуста; на камінную дошку буду ставіць зялёную пляшку і піць за той дзень, калі ты не пусьціла ў свой ложак п’янага бальшавічка з раёну і засталася вечнай удавой; а хочаш, я ўключу тэлевізар, і ты ўбачыш, як расейскія бомбы забіваюць чачэнскіх дзяцей, — пэўна, дзеля таго, каб яны ня сікаліся ад страху; а тваіх улюбёных «падушачак» сёньня няма, я прынясу іх табе пад бярэзіну, дзе ты бываеш на Сёмуху ў абліччы заўсёднае пчолкі; чаму ты так рана адляцела ў Вечны вырай, назаўсёды пакінуўшы мяне трохі інфантыльным полацкім мальцам, які пачаў пісаць верш і адразу зблытаўся.