Прадзіва Сьвятой Дзевы
Адкрываю канвэрт
з страхам:
а раптам твой ліст
станецца
лубянай старонкаю
палімпсэсту
альбо
глінянай таблічкаю
з вусенямі
няўцямных герогліфаў,
але папера разгортваецца
ў тонкі лісток
срэбра
і зьвініць
крышталёвым рэхам
твайго наструнена-адданага
цела,
а гаўбец
мякка адрываецца ад сьцяны
і плыве праз грызайль
імжыстага гораду
ў трымклівую верасовую
вусьціш,
навылёт прашытую
срэбнымі ніткамі,
якія ты называла
прадзівам
Сьвятое Дзевы.
Партыя ў більярд
У тую ноч
мы гулялі ў більярд.
Дагаралі ў каміне
рэшткі мінулага дня;
дымок ня пахнуў нічым —
напэўна таму,
што ад раніцы да вечару
мы так і не сустрэліся.
Я засяродзіўся на карамболях,
а ты
з грацыяй марцовае коткі
раптам выцягнулася
на зялёным сукне
ўва ўсёй раскошы
юнага
віялянчэльнага
цела і,
узмахнуўшы вейкамі,
прапанавала лічыць,
што гэта — поплаў
з матылькамі і смолкамі.
Мілавіца
зазірала ў вакно,
пазіруючы астраномам
і не здагадваючыся,
што тваё ўлоньне
пахне слуцкімі бэрамі.
А калі стаміўся камін,
калі адсьпявала віялянчэль,
і сьцішыліся ў люзах
блакітныя мятлушкі,
ты санліва сказала,
што твая душа
заначуе ў маёй...
Мы прачнуліся
ў розных ложках,
каб здрыгануцца
ад холаду,
каб выпіць ранішнюю каву
з тваёй срэбнай сьлязінкаю,
каб праз стагодзьдзе
ўспомніць наш більярд
у вандроўцы
па іншым часе.
Хто прыдумаў,
што ўсё праходзіць,
нават тое,
што праходзіць
праз сэрца?
У Англіі
У Англіі
ёсьць каралева
і ветлівыя палісмэны.
У Англіі
жывуць шэрыя вавёркі
і гарадзкія лісіцы.
У Англіі
смачныя пірагі з ныркамі.
У Англіі
ёсьць магіла Карла Маркса,
якую можна заслаць
газэтай «Советская Б.»
і выпіць,
каб капіталісты ўсіх краінаў
зьядналіся.
У Англіі
растуць магноліі,
а на сьняданак бываюць
сьвежыя суніцы.
Але ў Англіі
няма цябе,
і твайго
зьлёгку санлівага позірку,
і тэлефонаў з тваім голасам.