Выбрать главу

— Глады сюды, камісар! Глады, глады! Ён на фронце быў, а я на фронце нэ ваяваў, так?! Ён — Тарзан, бог, спартсмен, атлёт, мінэ уб'е?! Ён і Васыля ўб'е?

Ладо кінуўся да брата краснапольскай Ніны, падняў у яго край гімнасцёркі і тыцнуў у ружовыя шрамы.

— I Васыл нэ быў на фронце, толькі адын нэміц быў?! Толькі адын нэміц — Тарзан, бог, Апалон?! Толькі фашыст спрытны?! Пачыму нэсправедлыва гаворыш, камысар, пачыму нэміц так хваліш?!

— Ладо, не псіхуй! Падкідыша з дзетдома на выхаванне просіш? Немца ж вартаваць трэба! Вам, разведчыкам, другой работы не будзе, думаеш, як толькі няньчыцца з ім дзень і ноч? Унь Аляксей Майсеевіч з Барысам Паляжаевым прывезлі з Адамава абсталяванне для другога млына. Трэба для яго тэрмінова выкрасці ў немцаў на льнозаводзе дынамамашыну ды электраматор. Ноччу пасылаю пяць разведчыкаў на льнозавод, а колькі вас застанецца? Сцерагчы такога атлёта, думаеш, проста?

Раззлаваны грузін шпурнуў кубанку аб падлогу.

— Што ты гаворыш, камысар?! Брыгадны развэдка аднаго фрыца нэ ўкараулыт, так? Па-твойму, нэ ўкараулым адын чалавек, так? Цьфу-у, таварыш камысар, пачыму нэ вэрыш нам?! Права імэіш нам нэ вэрыць?! Нэ імэіш!

Партызаны зноў зарагаталі. Разведчык вылаяўся па-грузінску.

— Таварыш камысар, чэлавэкам будзь, Пётр Іванавіч! Ва-ай, натура какой харошый, поглады на ёго — вьілыты нэміц-фашыст!

— У лагеры не можаш падабраць здаравейшага?

— Унь Каралёў Раман альбо Ваня Іваненка — па метру дзевяноста! Папоў шчэ даўжэйшы! Апрані іх аднаведна — мундзіраў нямецкіх не знойдзеш?

— ЬІ-ы-ых, таварыш камандзір, што ты гаворыш?! Раман Егаровіч мундыр нымэцкі апране? Іванэнка мундыр фрыца адзэне?.. Ныхто нэ хоча пазыраваць фашыста, ныкога нэ ўпрашу! Всэх, всэх просыл, трофэйны папырос даваў, самагонка сколькі хочаш — ныхто нэ згадылса, а гэты — фашыст гатовы! Таварыш камысар, ён як спецыялна Гытлэрам прысланы!

Камісар пасмейваўся над мастаком, забаўляўся, бы з малым, а сам увесь час думаў.

На самай справе, што рабіць з палонным? Пакінуць у лесе проста так? Лішні клопат. Дзе трымаць, як вартаваць? Выклікаць самалёт з Вялікай зямлі? Там засмяюць — які сэнс гнаць дэфіцытную машыну з—за фронту сюды, ставіць пад смяротную небяспеку экіпаж з—за аднаго немчыка? Штурман — не фігура.

Ды і не адпускаць жа яго на ўсе чатыры бакі — абрыдлая люфтвафэ павялічыцца яшчэ на аднаго ворага. Чакаць падыходу камандзіраў? А што прыдумаюць яны?

Найразумней — расстраляць гітлераўца з—за мільёнаў пакут-нікаў, што церпяць, акрываўленыя гэткімі ж бравымі галаварэзамі, на вялізным прасцягу ад Ледавітага акіяна да Чорнага мора, ад Парыжа да Віцебска...

9.

I ўсё ж такі камісар аддаў немца разведчыку.

Супакоены Ладо павёў штурмана да сябе.

Насуплены палонны да самага вечара прасядзеў на нарах, не могучы забыць выпадку з пісталетам. Не ўзяўшы «ТТ», ён потым стаяў перад партызанскім начальнікам, як з голым азадкам, адказваў завучана на пытанні ды гарэў ад няёмкасці. Колькі ў штабной зямлянцы было той размовы? Мінут з трыццаць. I гэтага хапіла, каб Гофман назаўсёды запамятаў, што такое сорам. Не цешыла ўжо, што не прыкончылі.

К канцу дня кацялок з вячэрай прынеслі з партызанскай кухні і палоннаму. Елі моўчкі.

Герашвілі на правах галоўнага мастака ў брыгадзе меў асобнае памяшканне і цяпер задумаўся, як удвух будуць начаваць. Намерыўся паабразаць палоннаму гузікі ў нагавіцах, ручніком звязаць рукі і ногі ды пакласці немца спаць паміж сабой і печкай, але потым перадумаў.

Герашвілі вывеў палоннага на расчышчаны ад лесу ўзгорак, дзе выстраіліся радочкі накрытых яловай карой буданоў ды цягнуліся пасыпаныя жоўтым пясочкам дарожкі. На мешаніне грузіна-беларуска-рускай моваў, ублытваючы нямецкія словы, дапамагаючы сабе яшчэ рукамі і мімікай твару, Ладо растлумачыў немцу: уцякаць няма чаго і думаць — зловяць усё роўна, тут не акупаваная тэрыто-рыя, а — зона вольнай «Расонскай рэспублікі» з Савецкай уладай, майстэрнямі зброі, млыыамі, пякарнямі, шпіталямі, сістэмай сувязі ды варты.

Немец выслухаў свайго збаўцу моўчкі.

Завёўшы палоннага ў суседні пакой, дзе былі прылады да малявання, Герашвілі загадаў яму класціся на салому, папярэдзіў: пры падазроным руху — страляе праз сценку. I цераз акно няхай, барані бог, не думае ўцякаць — на вуліцы застрэліць кожны партызан.

Палонны пакорна вымавіў:

— Яволь!

10.

Раніцой да іх зазірнуў Нінін брат — Васіль. З трывогай адчыніўшы дзверы, спытаўся:

— Ці хоць жывы тут гэты дурань, ці не задушыў яго фашыст?