Успомніў я каравокую маладзічку, у якой гэтая мнагадзетная распутніца і самагоншчыца адбівае мужа, і спахапіўся:
«Фу, раскіс, як баба. Ці маю права быць добранькім? Мо «балціец» і грошы ўкраў, каб заплаціць ёй за паўлітра. А муж — паранены пад Берлінам, памёр інвалідам вайны. У хаце хворая дзеўка, нэндза. Ліха на яго, як усё заблытана!»
Я неспакойна паварушыўся, паклаў рукі на стол. Пальцы мае натрапілі на абгрызены пенал, невылівайку, самаробную торбу з кужалю. I мне калісьці маці пашыла дакладна такую самую торбу кароў пасвіць, а ў гэтай — сшыткі. Падручнікі — жмуты пацёртай на мачала паперы. Недзе ходзяць з гэтым у школу, настаўнікі ў такіх сшытках выводзяць адзнакі...
— Сонька, а на чым ты сядзіш? — пацікавіўся маёр.
— От, няма на чым іншым, то сабе села абы на што і сяджу! — пасля хвілёвай разгубленасці кінула маладзіца з фальшывай бестур-ботнасцю.
— I пахне нешта ў цябе...— пацягнуў маёр носам.
— Мала чым можа пахнуць?!
— Ану, падніміся!
З вясёленькага настрою ўдава перайшла адразу да слязлівай просьбы ды хапіла маёра за рукаў:
— Таварыш нача-альнік, не трэ-эба!
Але мужчына ўжо звалок яе з дзяжы, сцягнуў цёплую хустку, зняў века.
У дзяжы ўзыходзіла наздраватае бардовае цеста. Пах браджэння цяпер пачуў і я. Толькі зараз уцяміў — гэта ж і ёсць славутая брага, з якой гоняць самагонку.
— Што ты надумаўся рабіць?— раптам перамянілася жанчы-на.— Дзяцей загубіць хочаш?!. Лю-удзі, рату-уйце! — загаласіла яна з надрывам, I адразу дапамаглі ў гэтым шэсць галасоў; у хаце ўзняўся лямант. Маёр спакойна чакаў, каб у памяшканні супакоіліся.
У мяне сціснулася сэрца ад літасці. Я крануў жанчыну, папрасіў:
— Перастаньце, малых палохаеце! Удава мяне бытта і не заўважала.
Гэтая чарнявая ведзьма паддала мяне, я ведаю! Усё жыццё чапляецца з—за мужа! Чаму яе там у Падароску машына не раздавіла, трактар не пераехаў, шалёны сабака не пакусаў?!. Хай задавіцца сваім лысым прыдуркам! У вайну я са сваім мужыком усё ад яго ха-валася і дрыжала, каб у камендатуру на нас не данёс, а цяпер бяды ад яго ведзьмы маю! Ах, чортавая зараза, паддала ўжо!..
— Ніхто вас не паддаваў,— спалохаўся я,— мы зайшлі да вас выпадкова, не плачце!
— Не плакаць?! — толькі цяпер убачыла яна і мяне.— А чым дзяцей мне карміць загадаеш? Ты ім хлеба дасі, ты-ы?!. Паглядзі, панок, што на мне!
Жанчына адхіліла на грудзях сукенку і паказала голае цела аж да жывата.
— Так зімой і летам хаджу, а ты шчэ кажаш не плакаць! Мне выць трэба, глядзі!
Кабета падляцела да сцяны і ткнула кулаком у дзерава там, дзе бярвенні ўваходзілі ў вушак ад акна. Рука яе па локаць улезла ў спарахнелае дзерава, а цераз сцяну засвяцілася дзірка; сцяну гэтую будавалі, напэўна, да адмены прыгоннага права.
— Твае дзеці, панок, у цяпле жывуць? Думаеш, мне не хочацца, каб не мерзлі і мае? Пасядзеў бы тут зімой!..
Раптам я адчуў, што сапраўды чамусьці вінен у яе беднасці, як і ў тым, што знайшлі ў яе брагу. Як найбольш мякка, я запрапанаваў:
— Трэ ісці працаваць у калгас, то будзе ў вас хлеб і да хлеба.
— А ты сам хоць адзін дзень парабіў у калгасе? Ты ведаеш, што гэта такое? Летась цэлае лета жала са сваёй сям'ёй, а брыгадзір мые і грама не выдаў! Каб з яго, п'яніцы, на тым свеце ў пекле гэтак збыткавалі, як ён з маіх дзяцей назбыткаваў!
— Іхні калгас амаль нічога не выдае на працадні! — асцярожна ўставіў маёр.
— Даведку дачцэ вырабіць для бальніцы — нясі сакратару сельсавета літар! Завезці да доктара дзіця— каня пе дадуць без літра! Купіць што дзецям на ногі трэба, а ўзяць грошай адкуль? Хто мне іх заробіць, хто дасць, як не за паўлітра? Хату трэ паставіць, лесу да-мовілася купіць, адкуль мне ўзяць на той лес тысячы? За гарэлку — калі ласка?..
— Ну, перабольшваеш, не зусім так!— абарваў яе маёр.— Сонька, ты добра ведаеш, што самагонку гнаць забаронена. Дзе твой апарат?
Жанчына апусцілася на лаву, паклала на калені рукі. Жылы на іх набухлі. Сонька паплявала на іх ды пачала пальцамі расціраць.
— У хляве, бярыце! — кінула яна, стомленая, пасля доўгай паў-зы. Потым цяжка ўздыхнула ды загаварыла спакайней: —Не забірай-це яго, таварыш маёр! Ён не мо-ой, мне добрыя лю-удзі пазычылі...
— Нічога, нічога, скажаш ім, няхай дзякуюць, што шчэ танна абышлося і так.
Выйшлі мы на двор. За хатай быў хлеўчык. У агародзе па калені ў гнаі стаяла карова. Побач — змайстраваная печ з сістэмай жалезных бочак, катлоў і медных трубачак. Самагонны апарат я бачыў упершыню. Даволі прымітыўная канструкцыя. Дзве ржавыя бочкі з адціснутым нямецкім словам «petroleum». Счарнелая медзь трубачак. Нядбайна склееныя глінай цагліны. Вышчарблены і брудны гаршчок, куды сцякала разагрэтая вадкасць. У печы спакойна сабе гарэлі трэсачкі...