Выбрать главу

Маёр перакуліў нагой гаршчок, разбурыў печ, затаптаў агонь. Выкаціў бочкі на двор, папрабіваў сякерай. Рабіў усё гэта ён не спяшаючыся, з веданнем справы.

10.

Вярнуліся мы ў хату. Начальнік міліцыі паклаў ка лаву медныя спіралі, палез у планшэт па блакнот.

— Дзядзя-а, не забірайце мамку-у! — абкружылі яго дзеці.

— Не садзіце ў турму-у!

— Нічога, дзеткі. Забяруць мяне, забяруць і вас, вам будзе не горай!

— Ма-ам, мы не хо-очам, нікуды, не хадзі-і!

— Не дава-айся!

— Дзядзя-а, не бяры-ыце яе!

Малыя павіслі ў маёра на кіцелі.

— Ладна, дзеці, мы яе не возьмем,— запэўніў ён.— Толькі марш адгэтуль на двор! Марш, марш, марш!— начальнік павыпіхваў усіх у сені, зачыніў дзверы.— Сонька, падыдзі бліжэй, пратакол будзем пісаць.

Жанчына не кранулася з месца. Рушыўся парадак яе жыцця, і перад сабой цяпер яна не бачыла выйсця.

— Пішыце што сабе хочаце!—заявіла яна апатычна.— Пішыце і мяне забірайце. Заадно бярыце і малых, горай нам не будзе там, абы былі разам!

Пратакол — гэта суд. Трэба быць апошнім шэльмай, каб садзіць кабеціну ў турму. Маёр з пытаннем глянуў на мяне — ці не стану потым скардзіцца, што ён парушыў закон?

— Ты, кажуць, у партызанах была? — спытаўся ён так, нібы мне аб'яўляў.

— Бытта не ведаеце! — падхапіла яна намёк.— Дзіця грудное мела, таму ў лес не бралі. З мужыком былі ўсяго толькі сувязныя. З Беластока, а нават з самай Варшавы ці з Мінска ўвесь час да нас прывозілі пасылкі. Тады брала малую — тую, што цяпер туберкулёзам хварэе — на рукі, пакет загарну ў пялюшкі і сцежачкамі ля гарнізона — у лес, а там мяне ўжо чакаюць.— У жанчыны вочы бліснулі гневам: — За гэта потым усе яны сабе паатрымлівалі чыны, ордэны, ма-шыны, а нам з мужам выдалі — фігу!

Маёр пабачыў, якое ўражанне на мяне зрабілі яе словы, і ўжо ўпэўнена аб'явіў:

— Ладна, пісаць нічога не будзем. Толькі больш не жані гэтай дрэні, не ганьбі сябе! — ён схаваў блакнот і накіраваўся да пліты.— А брагу, Сонька, пасалю. Дзе ў цябе соль?

— Пакі-іньце, таварыш начальнік! Апошні раз выганю! Столькі мукі, столькі дражджэй змарнавала!.. Дзецям што—небудзь прыкуплю. ім жа ў школу хутка, не псуйце дабро-о!..

— Сама ведаеш, што не магу так пакінуць — закон.

— Вы ўсё мо-ожаце!..

— Нічога — карове яе аддасі.

Сокька напружана сачыла за яго рукамі. Маёр з вышчарбленай глінянай міскі зачарпнуў жменю солі, кінуў яе ў бардовае месіва. Брага ціха сыкнула — нібы надутая камера спусціла дух. Удава адразу асунулася — бытта ў яе на вачах толькі што памёр родны чалавек.

— Трубкі пакіньце,— папрасіла глухім голасам.— Добрыя людзі пазычылі мне...

— I іх забяру, нават не прасі. Гэй, матрос! — стукнуў ён у шыбу.— Ану, занясі мне змеявік у машыну — у канцы вёскі яна!

— Слухаю, таварыш маёр! — даляцела з двара. Салдат ляніва ўвайшоў у хату, узяў трубкі ды паплёўся.

Калі за хлапцом зачыніліся дзверы, Сонька не вытрывала. Яна хапілася за галаву ды ўпала ў істэрыку зноў:

— Ах, гэтая курва, ах, чортазая ведзьма, як яна загубіла маіх дзяцей?! Ну, цяпер табе каўтуны вашывыя павыдзіраю, будзеш бачыць свайго лысага чорта!.. Гэты матрос і сіратой з—за яго пакутуе, Палагея Казлоўская праз яго загінула!.. Лукашык убачыў яго ў Зеляневічах і шапнуў: «Скачы бягом у сваю вёску і скажы Палагеі, хай аддасць каму дзіця ды ў лес уцякае, бо да яе едуць з вобыскам нем-цы!» Але ж яму прыспічыла выпіць з кампаніяй. У Вількаўшчыну прыбыў, калі яе ўжо забралі. Потым пабаяўся, што не даруюць яму партызаны, падаўся служыць у паліцыю Да Ізабэліна! Пастаяў на варце тры месяцы перад камендатурай ды ўцёк да Германіі рабіць на завод!..

На жаль, я тады яшчэ зусім не ведаў, хто такі быў Лукашык, што за пакеты прыбывалі з Беластока, Мінска і Варшавы ў Вількаў-шчыну, якую ролю сыграла Казлоўская ў жыцці артысткі Белай і што за дзіця гадавала ўдава. Я толькі бачыў мнагадзетную жанчыну, якая сыграла ў вайну пэўную ролю, а цяпер патрабуе ад мяне дапамогі.

— Не плачце, супакойцеся! — пачаў я зноў суцяшаць,— Мы вернемся ў раён да начальства ды пастараемся, каб выдзелілі вам лесу, грашовую дапамогу...

Удава зняважліва на мяне зірнула.

— Буду я не Сонька, калі не выдзеру ёй слепакоў!

Вось і надышоў якраз момант ствараць умовы, каб зайсці да маладзіцы.

— Скажыце, пра каго вы ўсё гаворыце, хто вам перашкаджае? Мы зараз пойдзем і папярэдзім, каб вас не чапаў. Я з рэдакцыі. Напішу пра яго ў газеце. Пра якую жанчыну вы ўсё гаворыце?