Выбрать главу

— Так вы і праўда яе не ведаеце? — Сонька паказала праз акно: — Унь, у шаляванай хаце жыве!

— Ну, нам трэба ісці,— уздыхнуў маёр.— Цяпер я нічога канкрэтнага не абяцаю, а вярнуўся ў раён, пагавару з начальствам і падкінем табе што-небудзь. Калі будзе пастанова, заеду і скажу. Не забудзь вядро вады завалачы ў хлеў. Агонь мы затапталі, гарэць там у цябе няма чаму, аднак на бяду мала трэба.

— Бывай!

— Ой, пачакайце! —- успомніла ўдава ды кінулася да дзвярэй.

Цяпер толькі я ўбачыў у сенях высокага мужчыну ў сіняй фуфайцы ды гумавых ботах.

— Гэта мой брат! Гэты — усе тры гады вайны прабыў у Гута-Міхаліне! Цяпер жыве тут, за рэчкай! — Сонька выхапіла з яго рук бутэльку самагонкі з папяровай затычкай.— Тава-арыш, не адкажы-ыце нам, заста-аньцеся, пачасту-ую вас!

Я ачмурэў.

— Не! — кінуў маёр ды рашуча пайшоў з хаты.

— То вазьміце з сабой, у Крыніцах вып'еце!— пабегла за ім удава.

Я не вытрываў і зарагатаў. Кабеціна глянула на мяне, пакрыўдзілася і адстала. Мне зрабілася няёмка.

Зноў мы крочылі па вёсцы ўдвух. Толькі я цяпер адчуваў сябе з маёрам зродненым, як роднішся на фронце з новым салдатам ці камандзірам пасля першага бою. Мы абодва перажывалі тое, што бачылі.

— Старшыня калгаса тут нікудышні,— нібы думаў услых, нібы скардзіўся мне маёр.— Васько. Адкуль яго ўжо ні здымалі!.. Вількаўшчыну далучылі яму нядаўна. Яшчэ і са сваімі вёскамі не разабраўся, навошта яму клапаціцца пра гэтую?.. Зрэшты, Васько такі, што прапанавалі б далучыць яму Марс, і ён не адмовіўся б, а потым не заглядваў бы і туды.

Маёр уздыхнуў:

— Эх, кадры вёсцы патрэбны ды грошы на будаўніцтва! Праўду кажучы, то і Сонька з такіх баб, што не надта з ёю дамовішся. Ляні-вая да работы, уяўляю сабе яе працадні. Дзеўкі дома, а які бруд, і нават не саромеецца. Як, птушкі божыя жывуць, адно апраўданне — цемра. Давайце заглянем цяпер да Юзэфа!

— А я мушу шчэ зайсці да Соньчынай саперніцы! — спахапіўся я.— Найду вас у Казлоўскіх!

11.

Ступіў я на чысценькі падворак. Ашаляваны домік быў пакрыты гонтай, вокны пафарбаваны ў сіні колер. Зайшоў я ў сені, адтуль — на кухню. Там была падлога з новых дошак. Шыбы, мэбля свяціліся чысцінёй і свежасцю. Сцены — белыя, без плямінкі.

За пакрытым новай цыратай сталом абедалі — лысы мужчына, тры юркія дашкольнікі і каравокая маладзічка. У дарослых лыжкі застылі ў руках. Шустрыя ды загарэлыя хлопчыкі ўзнялі на мяне жывыя, цікаўныя вачаняты.

— Дзень добры! — павітаўся я.

— Дзень добры...— пасля паўзы, насцярожана буркнуў мужчына.

— Прыемнага апетыту.

Мужчына нездаволена прамаўчаў.

— Дзякуем! — падхапіла яго жонка.— Калі ласка, да стала, тут шчэ і вам хопіць!

Кабета нахіліла каструлю са стравай. Запахла перцам, лаўровым лістам, развараным гарохам. Няўжо яна ўправілася і абед згатаваць?

— У Крыніцы паеў.

— Тады хоць сядайце! — падставіла яна сваю табурэтку.

Я сеў і глянуў на яе мужа.

Ахайная зялёная куртка з замком. А галава! Звычайна лысіны бываюць у людзей поўынх і дадаюць ім саліднасці. Гаспадар жа меў худзенькі тварык, сам быў шчуплы, таму чэрап яго разіў галізной — чалавек выглядаў на коміка.

Мужчына ўсё быў насцярожаны, і я адвёў вочы. Яшчэ раз палюбаваўся чысцінёй і парадкам у памяшканні, шустрымі, коратка стрыжанымі лобікамі малых.

Пра што гаварыць?

— У мяне да вас справа, — пачаў я няўпэўнена. — Але няхай мо спачатку дяеці пад'ядуць, каб без іх...

Маці так і не садзілася болей, яна падхапіла:

— Паелі ўжо!

— Ай, ма-ам, шчэ не-е! — занылі хлопчыкі — ім яўна захацелася паслухаць дарослых.

— Хлопцы, а ну марш на двор! — крыкнула маці.

Дружна загрукаталі табурэткі. Стукнулі дзверы. Мы засталіся ўтраіх.

Муж усё гэтаксама спадылба насцярожана глядзеў. Яму было каля трыццаці пяці. Зялёная спартыўная куртка на замку рабіла чалавека спрытным і маладжавым.

Што ты за фрукт і чаго мяне гэтак баішся?

— Скардзяцца на вас, што людзям жыць перашкаджаеце?

— Хто? — са шчырым здзіўленнем узняла цёмныя бровы мала-дзіца, а муж трывожна заёрзаў на табурэтцы.

— Софія Хіцук.

— Хіцу-ук? — як артыстка разыграла кабета.

— А хто вы такі? — непрыязна буркнуў муж.

— З рэдакцыі. Правяраю факты для фельетона.

— Я ў Соньчын бок нават не гляджу! — лёгка падхапіла маю выдумку маладзіца ды з імпэтам напала на мужа: — Гэта ты ад яе не вылазіш! Столькі грошай распутніцы перанасіў, а яна, бачыш, шчэ брэша на цябе! Во, так табе, яловаму дурню, і трэба! Толькі ж ты глянеш у вочы дзецям, калі кожны малы стане тыкаць ім шчэ і газетай?!