Выбрать главу

Аднак Архіп цяпер не слухаў, што гаворыць жанчына. Дзядзька ўпарта глядзеў спадылба на немца з драўлянай фінкай, цяжка соп ды нешта сваё, надта цяжкое думаў.

А гаваркія бабы бытта ўсё чыталі і чыталі палоннаму абвінаваўчы акт.

— Шчэ і шкадуеш іхі — папракнула самая жвавая кабета бабку Насцю.— А што яны з Фадзеем-музыкантам зрабілі?! Сляпы Фадзей, бывала, перакіне цераз плячо свой гармонік і ходзіць з хрэсьбін на вяселле босы. Чалавек быў добры, рахманы. Спытаеш яго, чаму не абуваецца, а ён: «Так зямельку лепш адчуваю — бачыш, без кіёчка хаджу!» Нехта данёс у камендатуру, што музыкант — партызанскі сувязны. Прыехалі ў нашыя Малыя Асеткі немцы і давай сляпога бізунамі караць. Тады сагналі ўсю вёску, каб усе глядзелі, што нас чакае за сувязь з партызанамі. Запіхнулі Фадзея ў хлявок ды падпа-лілі. Музыкант з сенавала вывалак гармонік і ўрэзаў «Інтэрнацыянал», а такі во малады афіцэр нямецкі, бы гэты лётчык, спахапіўся — фотакартка будзе надта добрая! — пабег да машыны за апаратам. Калі вярнуўся, нельга ўжо было нічога разабраць: хлеўчык вышчараўся чырвонымі кроквамі, паміж імі шугала полымя, хоць яшчэ і чуваць было слабенькі голас гармоніка. Мы, бабы, усе, як адна, галосім, а немец, каб на яго халера, злуе — упусціў, бачыце, надта добры здымак!

— Ах, бо-ожа, мо і майго старэйшага, што ў войску, такія вылюдкі таксама зні-ішчылі!

— Мая ты Ве-ерацка, а з цябе таксама недзе здзе-екаваліся, белыя руцанькі выкру-уцвалі, мілы тварык твой паганы бру-удзілі, а я нават магілкі тваёй не ве-едаю! — ужо мацней загаласіла цётка з Пакоціна.

Жанчыны бытта чакалі каманды. Кожная мела сваё гора, бабы ўзнялі жудасны лямант, дзе ўжо не разабраць было слоў.

Збіраючы факты для гэтай гісторыі, папрасіў я і Герашвілі апісаць той самы момант.

З пісьма Ладо выходзіла — лямант з толку мастака не збіваў. Вось што ён напісаў мне:

«Бабы — сваё, а мяне якраз аланавалі камары, заразы, бо яшчэ не прыпякло сонца. Ніхто з цётак не здагадаўся ўзяць галінку ды зганяць з мяне крывасмокаў. З лютасцю клаў я на палатно гудрон, ля-паў сябе, куды мог дастаць далонню, размазаў па твары кроў, а пра-клятыя крывапійцы насядалі яшчэ больш. Але ж ва мне было столькі лютай энергіі, што звяртаць увагу на такое глупства не было калі.

Спачатку камарыны звон гучаў ва унісон бабскаму ляманту. Паступова да мяне іхняе выццё стала даходзіць як цераз імглу ці праз сон — якраз вырысоўваўся вобраз.

Бытта з усяе сілы трымаў я ўжо загрудкі забойцу, бытта я ў сваёй Калхідзе на пахаванні Ніны, бытта з маёй вёскі збегліся ўсе бабы ды над вухам у мяне прычытаюць над нябожчыцай па-грузінску:

Ва-а-а-ай!..»

Паступова жанчыны супакоіліся.

Цётка Насця прынесла з кухні саганчык з новай бульбай. Калі разгарнула з цёплай хусткі ношу, з саганчыка яшчэ валіла пара. Разўмеючы добра, што аднаму немцу пачастунак даваць не выпадае, старая схітрыла:

— Ладо, ты ўсё малюес і малюес — адпацні крыху! Адпацні-і! Вазьміце, хлопцыкі, мае бульбацкі, паспрабуйце, свезанькай!.. Ноццу хадзіла ў Краснаполле капаць... Сцэ не надта, але ўзо мозна есці... Са свайго агарода...

Усім стала няёмка, а найбольш — немцу.

Аднак Ладо не раздумваў. Выцершы рукі аб верас, зачарпнуў жменяй бульбіны — маленькія, бы галубіныя яйкі. Загадаў свайму падапечнаму:

— Эсэн!

Яшчэ нядаўна так разлютаваных жанчын цяпер бытта хто падмяніў. Пабурчэўшы на сваю дабрату, учынак бабкі Насці яны ўхвалілі.

— Вільгельм, эсэн! — паўтарыў Ладо.

— То вазьмі, калі яна наварыла — гэтак старалася! — асцярожна параіла нейкая цётка.

— Еш, сынок, еш! — падагнала бабка.

Палонны вінавата падпарадкаваўся — няўпэўнена тыцнуў у бульбіну драўляным нажом з засохлымі слядамі чырвоных ягад, няўпэўнена паднёс пачастунак да рота.

Прырода чалавека такая, што кабеты з прыемнасцю глядзяць на мужчын, якіх яны кормяць. Праз хвіліну яны ўжо дружна прыставалі:

— Еш, што ўжо зробіш, калі так выйшла! Чаго ўжо там...

— Наядайся, калі даюць, бо як яно там будзе, невядо-ома!

— Ніцога! Усё, дасць бог, у цябе нала-адзіцца! — падбадзёрвала яго асмеленая бабка,— Вайна хутка сконцыцца, і ты к сваім дабя-рэсся! Дабярэ-эся, ніцо-ога!.. Толькі цярпі, сынок, не задзірайся тут, барані бог, з нацальствам, партызанам саступай даро-огу!

1З.

Праз два тыдні палонны схуднеў, а ўвесь яго лоск еўрапейскага турыста з вайсковай фірмы «Вермахт» некуды падзеўся. Аднак скардзіцца на кепскія адносіны да сябе не мог. У лагеры бліскалі ў яго бок злоснымі вачыма, аднак адкрыта не насміхаліся.