15.
Самая значная падзея ў той дзень — паводзіны абкружанай роты СС у Краснаполлі.
Немцы ўварваліся ў гэтую вёску на світанні распраўляцца з астаткамі насельніцтва, але яно паспела ўцячы ў лес. Брыгады з трох бакоў абкружылі карнікаў, а чацвёртага — мініравалі поле. Бергман чуў у штабе — абкружаныя галадаюць. Раніцой, пераапрануўшыся ў жаночую вопратку, эсэсавец выйшаў у пераспелае жыта нарваць каласкоў. Назіральнікі заўважылі пад кофтай аўтамат, карніка скасілі.
Размова перайшла на першыя дні вайны, калі прысутным даводзілася таксама харчавацца каласкамі, пераапранацца.
З пакуначкам набліжалася бабка Насця — зноў несла пачасту-нак падапечнаму. Ладо кіўнуў, каб не перашкаджала, ды расказаў пра першыя гадзіны трагічнага чэрвеня 1941 года пад Журмунамі.
— Панымаіш, прачынаюся — грукат і зэмлатрасенне! Вылатаім з палатак — склады гараць, танкі гараць, усюды паныка, нэразбэрыха! Бяжыць са страйбата салдат з нэмэцкай пылоткай у руцэ, крычыць: «Ай, братцы, тыкайтэ, нэміц валіць на нас! Валам валіць і стрэляіт з чагось! Кулі сыплюць, як гарохам, я аднаго фрыца сякерай забіў, ай, братцы, тыкайтэ!..»
Папоў расказаў, як у Дзвінскім лагеры суцэльную масу байцоў расстрэльвалі з аўтаматаў, забівалі адзіночнымі стрэламі — проста так, без прычыны. Астатніх палонных вадзілі на савецкія склады паліць зімовую вопратку. З тэхнікумаў, інстытутаў і школ прымушалі выносіць бібліятэкі, кідаць у агонь, а прабіркі з лабараторыяў — у ямы.
Хлопцы дзівіліся: дзе ж славутая нямецкая ашчаднасць, прад-бачлівая гаспадарлівасць, дзе адзнакі таго, што немцы — народ філо-сафаў, вучоных? Тое, як вялі вайну і абыходзіліся з людзьмі, не ўклад-валася нармальнаму чалавеку ў галаве. У Полацку, Віцебску салдаты вермахта на рынках мяняюць на самагонку коўдры, бялізну, шынялі з вайсковых складаў, прадаюць амуніцыю і нават зброю. Ледзь не кожнага «амтс-», «крайскамісара» можаш купіць за залатую манету, сярэбраную лыжку, адрэз сукна ці кавалак шоўку. Каго бяруць у старасты, паліцыю, на службу ва ўправу? Мясцовых крыміналістаў, бандзюгаў, алкаголікаў і люмпенпралетарыяў — людзей без прынцыпу і маральнага стрыжня, уладу будуюць на даносах, інтрызе, падмане і тэроры.
Фанатык штурман гаворыць пра культуру і цывілізацыю, ха!
Немцы прынеслі Еўропе разбурэнне, пакуты, яны поўныя сярэдневяковай пыхі і чванства, высакамернасці і душэўнай глухаты. Спальванне ў будынках ашалелых ад гора жанчын з дзецьмі, закоп-ванне для забавы жыўцом у ямы палонных камісараў ставіць нацыс-таў за той мяжой, калі жывая істота завецца «пляць!», «фэрфлюхтэ гунд!», «русішэ швайн!», «млека, маслё, шнапс!» — увесь набор слоў, якія за год акупацыі чулі тут ад «цывілізаваных» арыйцаў. Людзі без падказак атаясамілі нацыстаў з «псамі-рыцарамі», бо і тыя нішчылі, рабавалі, палілі...
Хірург расказаў смешны анекдот, прынесены са Свянцян.
Адзін яўрэй вышмыгнуў з гета, каб здабыць ежы для сваіх дзетак. Затрымаў яго патруль, здаў жандармерыі. Аднавокі баварац павёў няшчаснага на агарод расстрэльваць ды аб'явіў: даруе жыццё, калі яўрэй адгадае, каторае вока ў немца шкляное. Злоўлены адразу адгадаў. На пытанне ж, як яму ўдалося, чыстасардэчна прызнаўся:
— Уй, пане жандар, як жа я мог памыліцца?! Яно ж гэтак па-людску на мяне глядзела! Уй, пане жандар, памыліцца я не мог!
16.
А гэтым часам палонны размову партызан перажываў па-свойму.
Прыслухоўваючыся да гутаркі сяброў аб пераапранутым у жано-чую вопратку немцу, Гофман цяпер асэнсоўваў па-новаму паводзіны суайчыннікаў. Пасмяяўшыся з эсэеаўцаў, пяць партызан гаварылі ўжо пра іншае, а палонны з пачуццём балючай віны кагосьці ў душы папракаў:
«На які чорт у гэтае самае Краснаполле зноў палезлі нямецкія салдаты? Што за ідыёт выдумаў бязглуздую авантуру — пасылаць дасціпных ды бывалых, дасканала абвучаных і добра экіпіраваных хлопцаў з-над Рэйну і Баварыі, Гамбурга, Сілезіі і Памераніі на такую справу, што не прыносіць гонару ні аднаму немцу і прыніжае Германію?!
Вайсковыя нямецкія ведаюць, як сервіраваць стол, якія ўжы-ваць бакалы да якіх він. Іх грунтоўна вучаць, як сябе трымаць нават у бардэлі. Кожны нямецкі салдат і афіцэр дома такі сціплы ды стрыманы, ветлівы і карэктны, ціхі ды рахманы. Ніхто з іх не заглянуў бы да суседа на падворак, не сказаўшы «Guten Tag», не зайшоў бы без дазволу да чужога чалавека ў дом, тым больш — не сеў бы за стол; яму і ў галаву не прыйшло б сарваць з чужога дрэва грушу. Чаму ж столькі бесчалавечнасці, эгаізму і фанабэрыі ў іхніх паводзінах на акупіра-ванай тэрыторыі?! Чаму ўсе — нібы падмененыя за межамі Германіі?!»