Тады ён і спахапіўся, што не спачувае ні зарубленаму сякерай пад Журмунамі суайчынніку, ні забітаму пад Краснаполлем эсэсману, ні — экіпажу свайго самалёта.
Гофман не лічыў сябе знаўцам мастацтва, аднак ведаў напэўна: расцягнутае паміж бярозак палатно — твор мастака, бо нараджэнне яго папярэджвалі мукі, цярпенне і боль.
Перад ім была праўда — зусім не падобная на тую, да якой ён меў дачыненне. Яна жыла ў спартанскіх умовах, бядзе, прымітыве і голадзе, аднак жыла, крычала, хапала за душу. Разумны і здольны да суперажывання чужынец адразу скеміў — незвычайны твор служыць лесунам апорай, іх зброяй.
Пастаяўшы пару тыдняў з выпацканым суніцамі драўляным нажом, Гофман вярнуўся да ранейшага пытання. Паказаў на забітую ды спытаўся ў грузіна цяпер ужо вінавата, са спачуваннем:
— Лядо, даст іст алес ва-ар? [14]
Грузін маўчаў.
— Лядо-о! — ён ужо тузануў мастака за гімнасцёрку.— Заг маль — даст іст алес ва-ар? [15]
Партызан перастаў маляваць, пачаў тлумачыць, як мог, падрабязнасці смерці сваёй нявесты. Немец уважліва слухаў, сяды-тады кідаў кароткія рэплікі:
— Ах, зо-о!.. Фэрфлюхтэ!.. Дас іст шрэкліх, доо-нэр-вэ-этэр!.. Ніхт цур гляўбэ!.. [16]
Ці таму, што Ладо ўпершыню меў магчымасць перад уважлівым слухачом і чужым чалавекам выказаць сваё гора, ці з—за сваёй чуллівасці, ён давёў сябе да таго, што ледзь не расплакаўся.
Немец спахапіўся:
— Лядо, але ж я з усім гэтым свінствам нічога не маю агульнага! Я ж ні ў каго не страляў, не гвалціў, не рабаваў!
— Дзядзьку свайму скажы!
— Але ж — праўда!
— Чым ты займаўся пяць гадоў? Вазыў такім злачынцам шака-лад, шнапс, патроны, пошту! Ты — іхні саўдзельнік, памагаты! Вы усе — з адной шайкі!
— Дас іст вар!..
Праз хвіліну немец спахапіўся:
— Але ж я нічога пра гэта не ведаў!
— Всэ так кажуць, калі вас зловяць партызаны!
— Я!.. Нас, Лядо...
Праз хвіліну немец загаварыў зноў:
— Нас, Лядо, агарнула нейкае адзічэнне. Я на ўласныя вочы бачыў, як у 19З9 прымалі капітуляцыю польскага гарнізона Вэстэр-плятэ на ўзбярэжжы мора. Нямецкі генерал палякам аддаў чэсць, загадаў свайму салдату пачысціць нават польскаму камандзіру[17] боты. П'яныя салдаты тады ў Беластоку спалілі сінагогу з людзьмі. Адразу была створана камісія і гітлераўцаў перадалі трыбуналу! А зараз — оу, оу-у! — усё гэта — анекдот! Донэрвэ-этэр, куды мы так дойдзем?!
Стала відочным — у гэты дзень мастаку над карцінай не працаваць.
Выліўшы душу, Ладо цяжка ўздыхнуў ды загадаў:
— Ладна, Вілгэлм. Здымай палатно, бяры фарбу — айда дамоў!
Такім чынам, няхітрая зброя ўдар нанесла першаму Гофману. У малюнку ён успрыняў імпульс сумлення і адрасаваную яму пагрозу. Дзіўныя лесуны нават прымітыўным гудронам, навэдзганым на прас-ціну, сшытую з дзесятка анучак, бараніліся супроць страху, прыні-жэння і грубой сілы чужынцаў.
Уражаны немец адчуў: у праціўніка дастаткова падстаў, каб у парыве апраўданай злосці сцерці яшчэ аднаго служаку фельдмаршала Герынга з зямнога твару. I калі праціўнік пакінуў яго жывога, то зрабіў гэта толькі з—за пачуцця ўласнай сілы. Што ні гавары, такое можа сабе дазволіць толькі вораг дужы, а Гофман, як кожны радавіты немец, сілу і ўстойлівасць паважаў перш за ўсё.
17.
Не давала спакою і бабка Насця. Разоў з дзесяць на дзень кабета прыставала са сваёй дробязнай клапатлівасцю. Ён аж занадта прыглядаўся да савецкіх палонных у Германіі і наглядзеўся, як з імі абыходзіліся немкі, аднак гэта яго тады зусім не кранала.
«Чаму мы такія бессардэчныя?!»- толькі цяпер спахапіўся немец.
Гофман багатварыў кожную жанчыну і, бы старажытны рыцар, меў звычку выбіраць сабе даму сэрца ды на яе маліцца.
Зараз на памяць яму прыйшлі нявольніцы, што абслугоўвалі нямецкія сталовыя, гасцініцы, шпіталі. Успомніў іхнія твары — поўныя цярпення, суму, затоенасці. Нават у рухах тых мілавідных славянак (іх расавую прыналежнасць ён беспамылкова вызначаў па носе) прабіваўся нямы плач ды заглушаны крык ад гора, прычыне-нага чужынцамі; думкі іхнія луналі далёка, самі ж яны чагосьці чакалі, чакалі, чакалі...
Нагадаў Гофман і дзяўчат, што жылі побач з ім у лагеры. Спачатку ён шукаў у іх яўрэйскіх рысаў — так было прынята апісваць у газетах палонных — «бальшавіцкіх бандытак»,— якіх «brane Kerlen aus dem Polozoker mütige Jagbkommando»[18] пасля допыту вялі на плошчу да шыбеніц. Брахня і гэта: яны таксама — мясцовыя сялянкі.