Гофман яму заўважыў — немцы нічога не ведаюць, бо няма дакладнай інфармацыі.
«Нявінныя авечкі! — разведчык раззлаваўся яшчэ больш.— Самім хочацца гэтай славы, крыві ды перамог! Усім гэтым бюргерам, чыноўнікам, каўбаснікам, крамнікам ды парабкам маёнткаў не церпіцца паспытаць таксама перамог любым коштам, але, жывучы ў глыбокім тыле, мроі свае ўсклалі на прыдуманых герояў! «Ах, нашыя штукасы, ах, фокевульфы, крыгс марынэ! Ах, нашыя панцэртрупэн, адчайныя кэрлэн з Га-Ка-Эль!..» Такая з'ява ў псіхолагаў называецца самарэалізацыя праз чужыя ўчынкі. Ты не быў чэмпіёнам у спорце? Куміра, напэўна, меў — баксёра, бегуна. Гэтым ты сябе супакойваў: каб не перашкодзілі, каб захацеў, дасягнуў бы такога самага поспеху і быў бы ў такой жа пашане! Кожны раз, калі ствараем ідала, як бы ўваходзім у долю з яго ўчынкамі, становімся пайшчыкамі яго славы і аўтарытэту!»
Перабіраючы сваё жыццё над Дрысай, Гофман не без сімпатыі да лётчыка нагадаў і бунтарскую яго тыраду. Яшчэ падумаў: слова «чаму» гучыць дзіўна там, дзе стагоддзямі чутны былі адно «jа» і «nein», таму немцы няздольныя зараз нават кінуць у твар свайму самаму ідыятычнаму начальніку, што ён дурань. Але вось мільёны іх атрымалі каналы, па якіх маглі выладоўваць свае страсці. З усёй энергіяй, арга-нізатарскім спрытам страсці пачалі выліваць. Рабіў гэта і Гофман.
9 лістапада 19З8 года ў «Крышталёвую ноч» разам з тысячамі сабе падобных у Гамбургу з лютасцю і маладым запалам Гофман біў вітрыны, выкідаў з абжытых кватэр дзяцей і жанчын, паліў на пляцы скірды кніжак і скандзіраваў:
«Здох-ні, яў-рэй!»
Выбух карычневага псіхозу, юнкераўская «дзікая прага знішчэння і крыві...» агарнулі мільёны суайчыннікаў, аб'ядналі ды запусцілі ў рух. I Гофмана агарнула ўжо шаленства ад нішчэння Польшчы, разгрому Бельгіі, Францыі, Югаславіі і Грэцыі. Штурман, нібы страціўшы галаву, стаў адчуваць, як кожны спалены горад, знішчаная дывізія чужых танкаў, затоплены карабель, забітая тысяча салдат, новы мільён палонных лесцяць яго самалюбству, павялічваюць ва ўласных вачах ці, як сказаў бы лётчык з «фізелершторха»,— сама-сцвярджаюць. Паступова і ў яго зарадзілася ўпэўненасць у выключ-насці немцаў, у непераможнасці вермахта, покуль ён не грымнуўся ў беларускі лес.
Да новага грамадства палонны зараз прыглядаўся са здзіўленнем.
Тутэйшыя людзі пайшлі ў лес, як ідуць на памост гімнасты ці баксёры, дзе нельга сябе схаваць за спіны сяброў. Гэтыя хлопцы былі на віду, паказвалі мужчынскія якасці там, дзе чалавеку натурай дадзена выявіць іх найбольш — у абароне свабоды і змаганні за Радзіму. Яны сабраліся не па мабілізацыйнай позве, як створана вялізная нямецкая армія, а — па загаду сэрца.
20.
Праз месяц Гофман пачаў ужо вылучаць камандзіраў у некаторых партызан.
Першым чынам запалі яму ў душу хлопцы-арыгіналы.
Вось той самы Антонаў — высокі маўчун з абыякавым, бы ў сіямскага ката, выразам твару і вачэй, аднойчы паказваў лесавікам прыёмы штыкавога бою. Рускі афіцэр апантана адбіваўся адзін ад дзесяці чалавек!
Начальнік брыгаднай разведкі — Нінін брат, Васіль, быў выдатным інструктарам. Аднойчы хлапец з'явіўся з камандзірамі ля разведчыцкай зямлянкі, трымаючы ў руках чамаданчык, у якім гармонікам складвалася рэльефная карта з макетамі. Партызан расхіліў адмысловую ношу — і перад сабранымі паўстала тэрыторыя з лясамі, рэчкай, мастамі, кулямётнымі гнёздамі, мінамётамі і гарматнымі батарэямі. Прысутныя выразалі ўказкі з ляшчыны і расселіся на спілаваныя сосны.
— Чаму мы не ўзялі гарнізон у Нішчы? — пачаў камандзір разведкі разбіраць баявую аперацыю.— Бо прымянілі нямецкую тактыку.
На бярвеннях рогат.
— Чаго рагочаце? Часамі фрыцы абкладуць нас з чатырох бакоў ды пачынаюць малаціць з усіх відаў зброі. Вось і мы абкружылі іх і не далі магчымасці адступіць. Які ў гарнізона выхад? Толькі адзін — каму хочацца паміраць? Боепрыпасаў да д'ябла — сядзі ды адстрэльвайся, покуль прыйдзе падмацаванне. У нас жа часу мала і страляць не стала чым. Патыркаліся, патыркаліся, а блакаду Нішчы давялося здымаць. Калі б немцам пакінулі адзін бок адкрыты, напэўна драпанулі б у Расоны! У «Вайне і міры» як Талстой разважае пра Напалеона? Параўноўвае яго з быком, што шалее на падворку, і раіць біць не па лобе, а ў зад, каб звер убачыў адчыненую брамку і вылецеў! Вось такія справы, рагатуны.
— О, боепрыпасаў у іх да халеры! — ажывіўся адзін з камандзіраў.— Наткнуўшыся на нас ля бальшака, карнікі ўзнялі такую страляніну, што ўсе кусты пасеклі! Такога густога агню яшчэ за ўсю вайну не спатыкаў, а нас — хоць бы каго драпанула! Палілі ледзь яе ва ўпор, ды богу ў вокны!