Выбрать главу

Якраз з Дворышча прыйшла да аднаго з партызан сястра і апавядала навіну. Немцы ў мароз пакінулі ля гумен на агнявой мінамёты і зашыліся ў дворышчанскія хаты грэцца, а ў гэты час сямідзесяцігадовы Іван Сідоркін паналіваў у іх вады. Калі блакіраваныя партызаны пабеглі праз поле, афіцэр падаў каманду накрыць рухомыя фігуркі навесным агнём. Мінамётчыкі дружна хапіліся за міны, а ствалы — замарожаныя. Сувязная зараз апавядала, як расстрэльвалі старога Сідоркіна, як па вёсцы лавілі яго дзяцей, унукаў і жонку ды кідалі ў калодзеж.

Партызаны ўважліва слухалі, да немца не было ім справы.

Гофман углыбіўся ў паперкі.

«Я нічога яшчэ не пісала пра сто марак, прысланыя табой у маі,- дакладвала на фронт мужу фрау з Шарфэнвізэ.— Я іх адразу аддала тваёй маці, каб купіла сабе ваеннапалоннага. Цяпер яны танныя. Ня-даўна фраў Марта заплаціла групэнфюрэру Отта Нос-Ке грошы і той дазволіў выбраць кандыдатку з новай партыі жанчын, прывезеных толькі што з Расіі. Але работніца захварэла. У мінулую сераду фрау Марта пахавала дзве рускія бабы і цяпер баіцца, што адправіць на могілкі трэцюю, кажа: «Навошта было такіх здэхляў цягнуць сюды? Лепш пазабівалі б іх у Расіі, падлы ў нас рознай хапае!»

«Мой палонны будзе, напэўна, мацнейшы, бо яго, калі бралі да войска, аглядалі дактары. Як думаеш?»

Другая жонка папракала свайго мужа: «Генрых, ты сабе ўявіць не можаш, як табе не пашанцавала! Салдаты, што служаць у Нарвегіі, Даніі ці ў Заходняй Еўропе, шлюць і шлюць харчы, тканіну, бялізну, шаўковыя сукенкі, касцюмы, выдатны абутак. Едучы ў адпачынак, валакуць рукзакі, чамаданы, баулы, паўнюткія дабра. Гіта не мела да вайны нават звычайных панчох — цяпер фарсіць у дарагім футры нават у гарачыню і за свайго мужанька не дрыжыць так, як даво-дзіцца мне...»

Брат пісаў брату:

«Еду ў Растоў на работу па кантракту з фірмай Крупа. Падпісаў умову на 10 гадоў. Кажуць, на Доне тэрмін такі можна выцерпець, нездарма тылавікі выгледзелі там месца на дачу для фюрэра. Наш Вілі адправіўся ў Днепрадзяржынск па кантракту з фірмай «Сімэнс» на тры гады. Я завербаваўся надоўга, бо хачу прыгледзець сабе маёнтачак...»

Зноў ішло пісьмо нечае жонкі:

«У першых словах свайго паслання дакладваю Табе — пасылкі з вопраткай рэгулярна атрымліваю. Нічога, што заплямленая,— кроў лёгка змываешіа звычайным мылам і не пакідае ніякага следу. На бурыя плямы не звяртай увагі, пакуй усё...»

Сястра:

«Дарагі Фрыдрых! Нарэшце, на вакзале я хапнула буфет Вэбэра! Грубы Ганс некуды пераехаў, спадчыну яго перадалі мне! Мацер божая, вялікае табе дзякуй, нябесная царыца і святая Барбара!.. Кажуць, сын яго ў арміі вёў недазволеныя размовы, Алекса забралі ў канцлагер. Грубы Ганс пачуў і драпануў, але якая мне да гэтага справа, праўда?! У буфеце дапамагаюць муцці і стрыечная Грэта.

Ведаеш, чаму Вэбэры так збагацелі на сваім інтарэсе? Ніколі не здагадаешся. Паслухай!

Яшчэ прадзед Грубага Ганса пад прылавак насыпаў пяску з—пад плахі, на якой адсякалі на рынку галовы асуджаным на смерць! Ты хваліўся,— расстрэльваеш бальшавікоў. Падбяры для мяне і прышлі ў мяшэчку жменю такога пясочку. Толькі не забудзь, гэта важна! Мяшэчак пашыла і кладу ў бандэроль. Няхай цябе царыца нябесная і святая Барбара трымаюць пад сваёй апекай».

За тытульным лістом Бібліі штурман знайшоў прыклееную стандартную паперку, надрукаваную разборлівым готыкам, каб мог прачытаць кожны салдат. Тут быў зварот царкоўнай ерархіі:

«Браты! Цяпер ніхто ўжо не сумняваецца, што мы, немцы,— вышэйшая раса Еўропы ў тым разуменні, якое выходзіць за рамкі геаграфічных і геапалітычных катэгорыяў! Сёння, як ужо не раз было ў гісторыі, Германія стала зноў ратавальніцай Еўропы, воінам, што ахоўвае яе фарпосты! Божа, блаславі наш вермахт, які прызваны ахоўваць свет, блаславі нам любімага фюрэра! Хайль Гітлер!!»

Франтавыя навіны ў газетах былі даўнія і для Гофмана здаліся смешнымі. Пачаў глядзець «Зюд дойчэ цайтунг» з апошняй старонкі. Адразу натрапіў на аб'яву:

«5З-гадовы арыйскі доктар, ветэран з—пад Танэнбэрга, хоча мець нашчадка-мужчыну законным шляхам шлюбу са здаровай маладой арыйскай дзяўчынай — сціплай, працавітай, без завушніц, набожнай, найлепш без маёнтку, а галоўнае — без пасрэднікаў. Прапановы загадвае накіроўваць па адрасу...»

Гофман узняў вочы з-над папераў і азірнуўся.

Па-ранейшаму на яго не звярталі ўвагі. Дзяўчыне з Дворышча брат масціў месца нанач з саломы. Грузін маляваў плакат: на паперы са шпалераў віднелася свастыка ў выглядзе ні то кратаў, ні то павуціння, і на іх мастак выводзіў якраз контуры фізіяноміі Гітлера. Ля стала начразведкі Васіль калупаўся над радыёпрыёмнікам. За печкай гутарылі партызаны: