Выбрать главу

— Думаеш, я табе няпраўду гаварыў? Чаму вы мне ўвесь час не верыце?!

I з той жа злоснай перакананасцю, дапамагаючы сабе жэстамі, мяшаючы ад хвалявання рускія, беларускія і нямецкія словы, усім аб'явіў:

— Гітлер — шайсэ, даўно вайну прайграў, пераканаюцца неўзабаве ўсе мае суайчыннікі! Я не хачу належаць да яго шайкі! К д'яблу ўсё — я не маю нічога агульнага з іх злачынствамі! Альзо, застаюся з партызанамі нават і тады, калі захочаце мяне расстра-ляць! Лядо, мэльдэн біттэ, камісару! Я ўдзячны свайму лёсу, што мяне закінуў сюды на пакуты і нягоды — з прыемнасцю іх буду несці і далей!

Апошні час Гофман бурчэў на суайчыннікаў, але партызаны падазравалі фальш: маўляў, лесціць, нягоднік, каб шкуру ўратаваць. I — на табе, такі ўчынак!

Раніцой у шалашы-сталоўцы адбылася такая сцэнка.

За сталом з грубых дошак сядзела з пятнаццаць партызан. З распаранымі ад гарачай стравы тварамі яны лыжкамі цягалі мясны булёнчык без солі ды не зводзілі з немца вачэй.

Гофман быў яшчэ злы — усё не мог адагрэцца. Яго разумелі і спачувалі. Здарылася б падобная сітуацыя ў Сялявішчах з кім—небудзь з іх, і кожны хлопец прыдумаў бы сем прычын збегчы ў якую—небудзь халупу ці зямлянку, каб пагрэцца ды папрасіць гарачай стравы. Немец жа баяўся, каб не прычапіліся да яго, не пазналі ў ім палоннага, не западозрылі лазутчыка. Мусіў цярпець і двое сутак на такім холадзе нічога не браў у рот. Лёгка было сабе ўявіць, як ён таўчэцца ля запрэжаных коней, прыкідваючыся, што іх корміць ды накрывае дзяругамі, затым паныла валачэцца трыццаць пяць кіламетраў па снежнай цаліне ў лагер, стараючыся перахітрыць брыгадныя заставы.

— Вілгэлм, табе мідаль трэба даць за гэта! — пахваліў яго грузін, падносячы лыжку да рота.

— Ад камандавання! — дадаў яго сусед.— А мы, покуль што, давайце пачэпім яму самаробны!

Немец быў у дрэнным настроі і раздражнёна гыркнуў на гумарыста:

— Што ты сярбаеш, як паравоз, не можаш есці па-чалавечы?!

Хлопцы дружна зарагаталі.

Грубыя лесуны, якія не аднойчы заглядалі смерці ў вочы, сэрцам бывалых людзей адчулі значнасць падзеі,— кавалер жалезнага крыжа, мацёры акупант, што ўсіх тут абзываў бандытамі, з іх дапамогай пераўтвараецца ў саюзніка.

27.

Завея памалу сціхла.

Як звычайна бывае ў такіх выпадках, за буранам ударыла адліга. Атрады саньмі адправіліся таптаць снег на партызанскі аэрадром, але калі прыляціць у Сялявішчы самалёт зноў, ніхто, ніводзін чалавек толкам не ведаў.

Чакаючы паўторнай адпраўкі, немец цяпер адчуваў сябе зусім прывольна. Адаспаўшыся ў цяпле, у наступныя дні, хадзіў куды толькі хацеў, а хлапчукі з сямейных зямлянак, убачыўшы яго здалёк, крычалі:

— Унь рускі немец!

Аднаго вечара разведчыкі з Гофманам адправіліся на канцэрт самадзейнасці ў доўгую будыніну — партызанскі клуб. Колькі ў блакаду самалёты кідалі бомбаў, секлі з бартавой зброі. Дзіркі дзяўчаты замазалі глінай, залу і сені Герашвілі з напарнікам упрыгожылі зноў лозунгамі ды карыкатурамі на немцаў — будыначак і далей служыў свайму прызначэнню. Сотні людзей з вінтоўкамі між кален, з аўтаматамі на шыі зараз у ім з аднолькавым запалам прытупвалі хвацкім танцорам, слухалі ігру на цытрах братоў Гарчако-вых, дэкламацыі з твораў Шолахава і Талстога, упіваліся пераборамі баяна сляпога Васіля Мураўёва. Рэакцыя была шчырай, жывой і бурлівай.

Ледзь не апаўночы ў абкружэнні партызан Ладо з немцам дабіраліся дамоў.

Хто такі быў Гофман?

Ён не пусціў пад адхон поезда, не ўратаваў з—пад шыбеніцы патрыёта — нават сам шкодзіў партызанам. Аднак чалавек гэты таксама зрабіў подзвіг — перамог сябе, даставіўшы партызанам прыемныя эмоцыі, таму зараз быў цэнтрам увагі.

Стары Архіп з Баканіхі — равеснік майго бацькі. Яны нават падобны адзін на аднаго характарамі. Як і майго старога, Архіпа тады не адзін дзень, мабыць, мучыла адно. Лічачы ўжо немца цалкам сваім, бытта папракаючы ўсіх астатніх яго суайчыннікаў, дзядзька з Баканіхі выпаліў:

— Слухай, лётчык, адкажы мне на такое. Твае немцы, халера іх не брала, людзі не дурныя. Навошта ж тады пайшлі на нас? Вайна — мукі, раны, кроў...

Дзядзькава пытанне Гофман прыняў усур'ёз.

— Яшчэ ніколі, фатэр, жахі не ўтрымалі людзей ад вайны. Кожны думае: на такой бойні памрэ не ён. Зрэшты, войны цяпер плануюцца асобнымі дэмагогамі. Такія тыпы іграюць на патрыятызме сваіх народаў ды ўводзяць людзей у зман.

Партызаны не спадзяваліся павароту гутаркі на гэткі ўзровень, з павагай прыціхлі. Цемра не давала бачыць, ці дзядзька зразумеў немца. Стала чуваць — нехта баўтануўся ў глыбокую лужыну, вылаяўся: