Белы, як лунь, грузін здзівіўся:
— Гэта — ты, Касы?! Другі нумар з «дзегцяра», што збіў летам «хейнкеля» ля Перавоза?
— Я, Ладо. Прывітанне!
Сябры кінуліся ў абдымкі. Пра грузіна сёе-тое я ўжо чуў, расказвалі пра яго, мяне чалавек зацікавіў, і я застыў.
— А памятаеш, як тады бабы сцапалі твайго лётчыка?
— Яшчэ б не памятаць!..
— Сцапалі нават шчэ з парашутынмі лямкамі на плячах ды ледзь не акалечылі!
— Ну!.. Наш Раман Ягоравіч кажа на допыце яму: «Памятаеш, фрыц, 1812 год?» А той: «Цяпер — 1942!» Падляцеў Пецька кухар ды на яго: «Стараста з Перавоза табе рабрыны паломіць — навошта пеўня бомбай забіў? Адзін быў на цэлую вёску, і ты ўгробіў — куры вырадзяцца цяпер!» Немец яму: «Мы ведалі, што людзі ў лес паўцякалі, апрача курэй у вёсцы нікога няма, але загад ёсць загад!» Урэдны такі зараза немчык трапіў!
Грузіы не вытрываў, дапамог:
— Тады Ягоравіч загадаў: «Насця, вазьмі яшчэ каго з дзяўчат і адвядзі лётчыка ў штаб!»
Бо нашыя хлопцы па дарозе хлопнулі б нацыста ды заявілі б — уцякаў. Затое бабы нашы былі надта службістыя — ніякіх вольнасцей сабе не дазвалялі! Немец і праўда трапіў паганы!
I тут Герашвілі спахапіўся:
— А дзе наш «рускі неміц»? Той штурман-радыст з «Юнкерса-52», з якога я натуру пысаў дла краснапольскай Ніны — сястры Васіля? Пайшоў на заданне за Расоны, вяртаюся, а яго ўжо адправілі ў Роўнае Поле з дзяцьмі-сіротамі. Перад заданнем памяняўся абуткам з ім. «Табе, Вілгэлм,— кажу,— у Маскве выдадуць боты са склада, а я тут на заданні па балотах пахаджу ў тваіх нымэцкіх!» О, што і цяпер у мі-не ляжыць яго брызентавая торба з салдацкімі пысмамі ды газетамі!..
Размова адразу перайшла на Гофмана. Успомнілі тэлеграму, прыціхлі, а я насцярожыўся.
Ветэраны пачалі ўспамінаць, як штурман-радыст ратаваўся работай, які быў акуратны, з якой няўклюднай упартасцю заляцаўся да настаўніцы, вучыў грузіна на мандаліне іграць Штрауса, як з бабскай жаласці партызанкі падкармлівалі немца і жаласць паступова перадалася мужчынам...
Нехта выказаў нават думку: следчыя, мабыць, пераблыталі штурмана з лётчыкам Ёдке з «хейнкеля» — той і на Вялікую зямлю паляцеў заядлым гітлераўцам.
Нічога не пераблыталі, хлопцы,— цяжка ўздыхнуў самы пажылы ветэран.— То быў час — не дай бог. Нават нас, савецкіх людзей, тылавыя разумнікі пасля вызвалення колькі цягалі і дапытвалі — дзе быў, як з лагера ўцёк, чаму не загінуў як іншыя!.. У «Жывых і мёртвых» Сіманава ўсё гэта праўдзіва апісана!.. Сабе ўяўляю, як да немца тады чапляліся?..
Хвіліну маўчалі. Вінаваты Ладо прызнаўся:
— Калі я даведаўся пра тыліграму, мяне доўга грызла сумленне: навошта шчэ і боты ў яго забраў!
Ветэраны сталі меркаваць: што ж з тых дзён немец запамятаў найбольш? Усе былі ўпэўненыя — былога штурмана, вядома, не раз, не два цягнула на шматпакутную Віцебшчыну, дзе з партызанамі паспытаў радасць і бяду, дзе адкрыліся яму вочы і ён скінуў з сябе налёт карычневай чумы.
2.
Агульнавядома — у Вялікую Айчынную вайну загінуў кожны чацвёрты беларус.
Прапорцыя гэтая не адносіцца да Віцебшчыны.
Там склаў галаву — кожны другі ці трэці. Былы штурман, калі яшчэ недзе жыве, напэўна страціў бы спакой, даведаўшыся,— яшчэ і зараз насельніцтва шматпакутнага краю над Дзвіной і Дрысай не дасягнула і блізка даваеннага ўзроўню.
Праз Віцебшчыну месцамі можаш ехаць трыццаць, а то і ўсе сорак кіламетраў і не толькі не ўбачыш ні аднаго дома — не спаткаеш звычайнага ўказальніка, што побач, праз кіламетр ці два ад асфальта ляжыць такі і такі населены пункт. Толькі астаткі прысад, здзічэлы куст бэзу напомняць часамі, што вось, дакладна ў гэтым месцы жыла некалі і любіла кветкі сям'я, а там, дзе размытыя дажджамі контуры шматлікіх падмуркаў ды кавалкі цэментавага круга ад калодзежа — жыў цэлы род.
У гэтым шматпакутным і святым закутку краіны ёсць зараз цэлыя раёны, дзе існуе толькі па некалькі вёсачак, а чыгунка Полацк — Дно — Ідрыца дагэтуль так і не адбудавана — няма каму і для каго аднаўляць пуць.
Хто палічыць сляпых, бязрукіх ды бязногіх віцяблян і тых духоўных калек, што, падобныя да сына Лысенкавай Тацяны, раслі пасля вайны, як прыдарожны лапух — сіратамі, у нэндзы ды брудзе, без належнага кантролю, покуль мацяркі, запрэжаныя ў бораны, гаравалі на полі, ад чаго псіхіка дзіцяці давала нечаканы зігзаг.
Часамі адзін аднаму скардзімся, што многа ў нас хуліганаў ды злачынцаў, маладых гультаёў і абібокаў, ды яшчэ дзівімся — адкуль яны ўзяліся. А ці не прычына ўсяму тое, што няшчасныя гэтыя хлопцы былі пазбаўлены здаровага і жыватворчага мікраклімату, які б напэўна стварылі для іх мільёны бацькоў і дзядоў, калі б тыя мужчыны не склалі на вайне свае галовы.