Але гэта ўжо іншая тэма.
3.
Некаторая насцярожанасць ды аўтарскі вопыт прымусілі мяне пры напісанні гэтай неверагоднай гісторыі прозвішча нямецкага штурмана замяніць. Рабіў я гэта з вялікай неахвотай і шчыра спадзяюся — пры першай магчымасці з'езджу ў Падольск, пакапаюся ў вайсковых архівах, выяўлю сляды свайго героя, навяду кантакт, даб'юся ад яго дазволу ды ананімнасць асобы ў творы пры наступнай публікацыі ліквідую.
Бо хоць аж пяць гадоў штурман-радыст насіў на сабе ненавісны нам мундзір лейтэнанта люфтвафэ, у адным з музеяў шматпакутнай Беларусі вісіць (і будзе вісець не адно пакаленне!) жахлівая карціна з краснапольскай Нінай, дзе з правага боку ад яе — партрэт нацыста з акрываўленай фінкай, спісаны грузінам менавіта з Гофмана (яшчэ адзін парадокс вайны!), аднак гэтаму немцу сваіх паводзін сярод беларускіх партызан саромецца няма чаго, а гісторыя яго перараджэння — не простае замілаванне лёсам нямецкага палоннага.
1976—1980 гг. Гродна — Віцебск
ЭСЭ, НЯВЫДУМАНЫЯ ГІСТОРЫІ
ДНО
У 197З годзе ў нашым горадзе адбыўся суд над пяццю былымі паліцаямі. Рэлікты гэтыя прытаіліся сабе ў ціхіх куточках краіны ды пражылі трыццаць гадоў бязбедна і спакойна, покуль работнікі дзяржаўнай бяспекі не вывелі іх на чыстую ваду.
Перад судом разам са сведкамі — цудам ацалелымі ахвярамі гэтых падонкаў — прайшло і дванаццаць былых паліцаяў, якія ў свой час адбылі кару ды цяпер, як звычайныя грамадзяне, сведчылі на пяцярых былых саслужыўцаў.
Шасцідзесяцігадовы мужчына неакрэсленага выгляду цяжка ўздыхае ды суду гаворыць:
— Дзяцінства маё прайшло без бацькоў — сірата я, грамадзяне прысутныя! Таму і маленства ў мяне было цяжкое. Пас кароў... Усё па чужых... Прыйшлі немцы — куды дзецца? — паціскае плячыма.— I пайшоў я ў паліцыю. Памыліўся, грамадзяне суддзі! Вельмі намыліўся, зглупеў!.. Затое потым чэсна прызнаўся, і радзіма мне ўсё даравала. Я надта вінаваты перад бацькаўшчынай, але яна, як маці родная, усё мне спісала і сказала — жыві сабе, Мікалай, на здароўе!.. Грамадзяне прысутныя, выхоўвайце сваіх сыноў і дочак адданымі радзіме, каб яны ніколі не пераходзілі на бок ворагаў, а былі такімі, як Аляксандр Матросаў!
У зале некалькі жанчын запляскалі ў далоні.
— Што вы тут кранаеце святыя імёны — на апладысменты зарабляеце? — абарваў яго пракурор.— У паліцыі вы ў кашаварах хадзілі? Вы ж разам з іншымі расстрэльвалі дзяцей, жанчын ды старых бабуль, рабавалі ды палілі, білі людзей ды глуміліся над імі!.. Хіба ж гэта даруецца?! Вы ж нават свайго апошняга дзядзьку з Зеляневіч паддалі на расстрэл за адно тое, што вам некалі надраў ён вушы за яблыкі. Мо няпраўда?
Рэпліка з залы:
— Расстраляў усіх сваіх ды шчэ крычыць — пашкадуйце мяне, сірату!
Едкі смяшок збіў паліцая з панталыку, куды падзелася яго бадзёрая найгранасць.
Тым часам пракурор агаляў яго зусім:
— У вас, як выявілася сёння на працэсе,— медаль за храбрасць. За што вы яе атрымалі? Напомнім. Прачэсвалі лес ля вёскі Бяляны і надышлі на сонную радыстку. Дваццацігадовае дзяўчо з рацыяй пасля дальняй дарогі заснула пад елкай на голым снезе. Перад тым, як здаць немцам на расправу, вы дзяўчыну згвалцілі!
Зала ахнула.
— А потым? — прадоўжыў пракурор.— Вось вы вялі праз Гута-Міхалінскі лес затрыманых лесарубаў. Вам здалося, што яны хочуць уцячы, і вы давай іх расстрэльваць! Дзядзька адзін стаў перад вамі на калені, аднак вы са сваім калегам,— пракурор кіўнуў на лаўку падсудных,— стрэлілі яму ў рот! У чатырнаццацігадовай дзяўчынкі вырашылі раней сцягнуць боты і кінулі сябру вашаму цынічны жарт са свайго лексікону: «Каб не папсаваць, бо буду цэліць у грудзі, а траплю шчэ ў халяву!» Затым вы хадзілі паміж тымі, хто шчэ варушыўся, і дабівалі. Ваш калега толькі што паказаў, як вы ля самай дарогі прыкончылі маладую жанчыну — лёгка параненую. Дастрэлілі?
Пасля хвіліны цягучага маўчання паліцай ні то з абурэннем, ні то з жалем, ні то з выклікам заявіў:
— А чаго яна ўздумала якраз у той момант спадніцу на калені нацягваць? Хто б ведаў, што жывая?!.
— Ах-х!..— па зале пракаціўся выбух абурэння.
На лаўцы падсудных — пяць тыпаў. Камандзір узвода карнікаў, трое радавых ды спераду, з амушчанай галавой, кулямётчык Кнап з Зеляневіцкага гарнізона. Худзенькі смяцюх у светлым пінжачку. Яго маладая адвакатка мне расказвала: «Зайду да яго ў камеру, а ён плача. Дам цукерачак, і ён адразу супакойваецца ды робіцца ласкавы, бы дзіця...»