Выбрать главу

Давала ўжо паказанні пяцідзесяцігадовая жанчына:

— I мяне, дзеўку, выгналі туды ў лес на работы. Як пачалі яны па нас страляць, так кінулася ўцякаць ад бобікаў і я! А гэты, што сядзіць унь сперадзі ды зыркае воўкам, па мне ўсё разрыўнымі — бах! бах! бах!.. Трапіў! Два гады пластом ляжала і аніяк не магла памерці!.. Кішачкі наверсе ўвесь час сінелі, усё скурай ніяк не зацягвала!.. Ведама, бедна жылі, не было нават солі!.. Здавалася тады — наесца бы ўволю солі і — зажыве!..

Сведка зацягвала сваё паказанне непатрэбнымі дэталямі, і пракурор яе далікатна стрымаў:

— А вы добра памятаеце, што гэта быў менавіта Кнап? Столькі часу прайшло, можаце і памыліцца!

— Ці ж я магу такое не памятаць, таварыш пракурор? Ен жа з гарнізона часта да нас п'яны прылазіў, нават заляцаўся да мяне!.. Гэта ён тут, перад намі, такі смірненькі, бы тая авечка, а каб вы бачылі, які нахабны быў тады!.. Нічога, што маленькі — ніколі сваю бляшаную шапку не здымаў: нацягне яе аж па вушы!.. А калі нас гналі, усё стараўся мяне аблапіць...

— Падсудны Лапуста,— звярнуўся да былога камандзіра ўзвода пракурор.— Карысталіся вы тады разрыўнымі кулямі? На «акцыі» ездзілі ў касках?

З-за канваіраў усхапіўся мажны мужчына і бытта з крыўдай на тое, што яго хочуць тут улічыць у бракаробстве і нядобрасумленнасці, удакладніў:

— Калі адпраўляліся мы на заданне ці праводзілі «акцыі», грамадзянін пракурор, усе дыскі і магазіны ладавалі толькі разрыўнымі, а кулямётчыкам яшчэ выдаваліся і каскі, так точна!

У камандзіра ўзвода — чорная густая шавялюра, укладзеная пад польку. На ім цёмны касцюм, сам ён пад гальштукам... (Паводле слоў адваката, з хаты яму пішуць родныя: «Сцеражы сябе ад скразнякоў, Фёдар, усё з'ядай, што даюць, і не пі сырой вады; напішы нам, якога табе лякарства лепш прыслаць, якіх дастаць вітамінаў...»)

Расказваў ужо наступны сведка — былы паліцай з Зеляневіч:

— Нічога ўжо не засталося ў галаве, грамадвяне суддзі. Адно памятаю, што ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі, пастралялі ды адправіліся да іншай.

— Гульня для іх была гэта! — дзівіцца нехта ў зале.

Пракурор паліцаю напомніў:

— Потым на пажарышчы пасля вас заставаліся абгарэлыя трупы жанчын і дзяцей, прывязаныя да сцен дротам. Навошта ж вы іх прывязалі, хіба не разумелі, што ад гээтага іх чакала страшная смерць у пакутах?

Паліцай сцішыў голас:

— Бо загад быў такі, грамадзяне суддзі!.. Што вы ад мяне, простага чалавека, хочаце? Пытайце ў начальнікаў!.. Я пры паляках служыў панам, а прыйшлі немцы, і пры іх стаў служыць! Што загадалі, тое і рабіў, хіба ж я вінаваты ў гэтым?

— Шчэ адзін сірата! — рэпліка з залы.

У час перапынку выйшаў я ў калідор. Прабіраючыся цераз шчыльны натоўп узбуджаных гараджан, я пашукаў паліцаяў, каб пагаварыць з кім—небудзь з вока на вока. Не цярпелася даведацца, як цяпер такі чалавек адносіцца да страшнага перыяду сваёй біяграфіі і да сваіх учынкаў, бо не толькі важна, якую кару адмерае яму наш закон, самы галоўны суддзя чалавеку — ён сам.

Я доўга не мог знайсці патрэбнага мне сведку. Нарэшце ля туалета, у падвале, надышоў я на сходку якіхсьці людзей. На бочках ад піва і тары з—пад бутэлек сядзелі ні то грузчыкі, ні то землякопы. А былі яны ўсе якіясьці памятыя, шэрыя, невыразныя з твараў; цьмяныя вочкі гэтых мужыкоў неспакойна бегалі па баках.

Прыгледзеўшыся лепш, я раптам пазнаў нядаўніх сведкаў-паліцаяў — тых, хто былі на свабодзе. Тут ім ніхто не перашкаджаў, яны былі самі сабой і спакойна гутарылі. Я хутчэй выцягнуў блакнот, ручку і шмыгнуў у цень.

— Не выпусцілі б тады гэтай дзеўкі з «сінімі кішачкамі» жывой, і зараз не было б каму на нас капаць! — сцвярдзіў «сірата».

— Ды трэці ўзвод якраз кінуўся сцягваць барахло з бабаў! — з абурэннем дадаў яго сусед.

— Бытта не паспелі б! — заўважыў той, хто казаў «...ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі...».

А незнаёмы мне паліцай, паказанні якога я правароніў, пахваліўся:

— Адзін наш Кнап у той час аказаўся на вышыні! Мішка хапіў «дзягцяр», упаў каля пня і з двух дыскаў паклаў усіх... ІІотым немец нас паслаў дабіваць тых, хто шчэ варушыўся!..

— Ну! Загадаў — і куды дзенешся?..

— I трэба ж было ёй чапаць гэтую спадніцу! Было там на што глядзець, было б у яе што прыкрываць — адны жылы! — абураўся забойца.— А скажы, халера, якія гэтыя бабы жывучыя — бы тыя кошкі! Ідзі, заткні цяпер ёй рот!..

— Чаго яны тут да нас чапляюцца? — абураўся нехта невідочны для мяне.— Мы падстрэлілі там адно пару чалавек, астатнія былі ўжо ўсе трупы, праўда, братва?.. Няхай Кнапа цяпер і судзяць за яго работу!

— У «бляшанай шапцы», пхі-хі!..