— А я скажу вам от што — па савецкаму закону за адну справу два разы не судзяць! Нас жа судзілі ўжо пасля вайны, і мы сваё адпакутавалі! Хто ім дасць права парушаць савецкія законы? — з глыбокім перакананнем пытаўся яшчэ нехта.
I тут яны толькі ўбачылі мяне ды спалохана змоўклі.
— Не рабей, рабяты! — са штучнай бадзёрасцю кінуў «сірата» ды палез у кішэню: — Давай закурым!
Гэтыя тыпы яшчэ нават цяпер былі тымі самымі паліцаямі. Іх не грызла ніякае сумленне, а мучыў толькі жывёльны страх за свае шкуры.
Пра што з імі гаварыць?
ГАЛГОФА СВАЯКОЎ
1.
Маміны дзядзькі — Волесь і Юляк — жылі ў маленькай вёсачцы Папоўцы.
Яна ляжала ад майго Страшава на палавіне дарогі ў Беласток. Ад нас да яе было аж дваццаць кіламетраў, таму маміных сваякоў перад вайной даводзілася бачыць рэдка.
Браты аднойчы прыехалі на вялікдзень у госці. Папоўскія бабы адразу адправіліся на кухню да мамы хваліцца дзецьмі, а мужчыны засталіся на падворку. Юляк з бацькам прысеў ля калодзежа на цэментавую балейку і павёў размову пра палітыку. Затое сухі і высокі, як дрыль, яго старэйшы брат пачаў жыва ды голасна, каб чулі нават суседзі, правіць нам, як у «царскую» вайну ён абдурыў генерала, а такі быў стралок з вінтоўкі, што «з калена» біў і зайцаў.
Маміны дзядзькі ад'ехалі, і бацька даў ім такую апінію:
— Юляк — хлапец фартовы і — «сімпатык» [26] А Волеся адно слухай. Ён табе нагаворыць — «сем вёрст да нябёс і дарога усё лесам»! А наогул — і ён чалавек людскі.
Калі зусім пацяплела ды зазелянела трава, бацька прывязаў да воза гадавалую цялушку, пасадзіў у палукашак мяне з братам, і ў госці да маміных дзядзькоў адправіліся цяпер мы.
У Папоўцы я налічыў усяго шэсць дамоў. Паводле надпісаў над вокнамі, у пяці жылі Дзянісікі, а ў самай крайняй хаце — сям'я Майсакоў.
Вёску з трох бакоў ахінаў Жэдненскі лес, да чацвёртага — прытыкаў роўны прасцяг поля з балоцечкам. На балоцечку пасвіліся каровы, і там прабягала грэбля шашы Беласток — Ваўкавыск.
З братам мы ўзяліся распрагаць каня, а бацька з Юлькам прыселі на бервяно ды сталі адразу «палітыкаваць» зноў. Выйшла з пінжаком адно крыху маладзейшая за нас дзяўчынка, загадала:
— Тату, накіньце сабе на плечы, бо з балоцечка сырасцю цягне! А шчэ мама казалі, каб вы доўга на сонцы не вэндзіліся, не пяклі галавы!
Дзядзька Юляк хварэў на сухоты, пра яго гэтак клапацілася дачка Лена. Затое нас яна дзічылася, як дзічыліся яе мы.
Каня распрэглі.
Адвязалі цялушку ды паперлі на поплаве пасвіцца на цэлае лета з папоўскім статкам.
Заглянулі ў студню — ці глыбокая.
Як мы ні ўзіраліся на захад, а Беластока з яго камінамі відаць не было. Полем і лесам нас не здзівіш. Размова пра палітыку, якую вялі мужчыны, не цікавіла. Дзядзькі Волеся з яго байкамі ўсё няма. Што нам рабіць?
У Папоўцы мне і брату вельмі хутка зрабілася сумна. Давай церабіць бацьку за рукаў, каб ехаць дамоў.
Потым, калі ўжо Дзянісікаў не стала, я не раз сябе касціў, што некалі так легкадумна ставіўся да папоўцаў і нават не прыгледзеўся як след да дзяцей Юлька і Волеся — няшчасных чалавечых парасткаў, галінку мамінага роду, на якой абарваўся ланцужок пакаленняў.
Ніколі ўжо не даведаюся, што папоўскія сваякі хацелі крыкнуць у апошнім бліску свядомасці. Зрэшты, не так ужо і цяжка ўявіць сабе гэта з тысяч падобных сітуацый. Гітлераўцы з папоўцамі распраўляліся пры сведках. Падрабязнасці галгофы сваякоў я збіраў па крупінках ад людзей, якія былі каля няшчасных з самага пачатку трагедыі да канца.
2.
У першую ваенную зіму каля Папоўкі атабарылася падпольная група акружэнцаў — салдат і цывільных.
Пры адступленні нашай арміі Дзянісікі пераапраналі вайсковых, прыхавалі зброю і потым усё вайсковае дабро перадалі лясным хлопцам. Адправілі да іх і байцоў, якіх вылечылі ад ран. Усе гэтыя людзі абсталявалі сабе прасторную цёплую зямлянку і доўгі час жылі ў дастатку ды так бяспечна, што перасталі нават выстаўляць і варту.
Прамысловы і адміністрацыйны цэнтр Беласток прыцягваў увагу нашай разведкі. З лесу ў вялізны горад адразу не пойдзеш, для гэтага партызаны пачалі выкарыстоўваць жыхароў Папоўкі. Неўзабаве маміны дзядзькі мусілі бываць у горадзе кожны дзень ды вазіць і прывозіць фурманкай падпольшчыкаў, а ў саломе — ладунак.
Так мінулі вясна, лета і восень.
У другую зіму да дзядзькі Юлька зацясаўся ў давер мацёры правакатар яшчэ з часоў санацыйнай Польшчы — Бівойна Яўген[27]. Ён праз Дзянісіка пранік і ў атрад.
26
Так у Заходняй Беларусі называлі тых, хто дапамагаў падпольшчыкам, не будучы членам кампартыі.
27
Клічкі нямецкага агента: «Кароль 04-А-32», «Вацэк». Пасля вайны апынуўся ў ЗША. Скончыў архітэктурны інстытут, жыве ў Мініполіс, штат Мінесота. Зараз пішацца Бівона Яўген (Аляксандар Амільяновіч, «Занікаюнцэ эха», стар. 235, выд. МОН, 1977 г., Варшава).