Выбрать главу

Малады нягоднік пражыў у зямлянцы ля Папоўкі аж чатыры месяцы. Бівойна ўсё разведаў, разнюхаў, разгледзеў, а затым, нібыта па справе, адправіўся ў горад.

Пятнаццацігадовы партызан Вася Грэсь на другі дзень знікнення правакатара сабраўся ў сваю вёску Пясчанікі да бацькоў. Адразу каля лагера хлопец сутыкнуўся з ротай немцаў ды ахнуў: салдаты ўжо выцягваліся ў ланцуг, каб акружыць зямлянку, а куды немцам ісці, паказваў Бівойна, з якім учора яны яшчэ побач адзін з адным спалі.

Вася дабегчы да сваіх паспеў.

Групе без панікі ўдалося з пасткі вышмыгнуць, пакінуўшы немцам адно тое, што партызаны пад гарачую руку палічылі малавартасным.

Немцы падабралі ў зямлянцы хлеб. Узялі буханкі з папоўскіх хат, параўналі іх ды ўбачылі: усё, што гаварыў Бівойна, спраўджваецца.

3.

Такім чынам, зямлянку разграмілі.

У наступны дзень з Беластока ў Папоўку прыбыло дваццаць пажылых немцаў з «ляндсвера». Афіцэр загадаў дзядзьку Волесю з сям'ёй перабрацца ў гумно, дзеркачом добра вышараваць і вымыць памяшканне, затым у доме старэйшага Дзянісіка пасяліліся салдаты. Афіцэр ля ганачка паставіў варту. На дарожкі вакол вёскі паслаў патрулі.

Атрупянелыя папоўцы не маглі надзівіцца: міналі дні, а немцы нікога не арыштоўвалі, не білі, не валаклі на допыт, здавалася, нават мала чым цікавіліся. Днём і ноччу вакол вёсачкі хадзілі патрулі, усё разглядалі, бы турысты, ды нешта запісвалі, пазіраючы сабе на гадзіннікі. Калі ж ім было надта сумна, ставілі на валуны бляшанкі ад кансерваў і білі па іх з пісталетаў.

У Волесевым доме толькі дзяжурны сядзеў у поўным абмундзіраванні ды з паперак, якія прыносілі патрулі, нешта старанна выпісваў у тоўсты сшытак. Вольныя ж ад службы салдаты сноўдалі ў расхрыстаных кашулях ды шлёпанцах без заднікаў, ляніва чысцілі вопратку ці абутак альбо, прывалокшы аднекуль патэфон, запускалі савецкія пласцінкі ды слухалі песні.

З Калоднага і Пясчанікау спачатку мужыкі падсылалі ў Папоўку на разведку пастушкоў. Затым і самі адважыліся заходзіць. Немцы ўсіх прапускалі, ветліва пагутарыўшы. Вясковыя, хто хацеў, мог сабе ехаць, куды душа жадала.

У папоўцаў пасялілася надзея.

Адзін дзядзька Юляк не паверыў такой ідыліі. Ёі пасадзіў у фурманку жонку, траіх дзяцей. Яшчэ заладаваў сякі-такі посуд, мяшэчкі круп ды сабраўся пераязджаць у Пясчанікі да жончыных сваякоў. Лену адправіў туды пехатой яшчэ з раніцы.

За вёскай падводу спаткалі патрулі. Пажылы немец, які крыху размаўляў па-польску, Юлька спыніў пацікавіўся:

— Куды сабраўся?

Немцы паводзілі сябе добразычліва, са стрыманай ветлівасцю, і ў Юлька вырвалася само:

— А халера яго ведае!.. От, еду куды вочы глядзяць!.. Дачакаешся тут дабра хіба?!.

— Ты — партызан?

— Не!

— То чаго табе баяцца?

— Дурань, вяртайся!

I немцы, з усім вайсковым рыштункам, павалаокся па дарожцы далей, нават не цікавячыся, як сябе будзе паводзіць фурман.

Калі патрулі аддаліліся, Юлькава жонка — цётка Марыся — здзівілася:

— Гы, нават нічога не сказалі, што збіраемся пакінуць вёску, ты ба-ачыш?!

— А ты перад імі адразу і растапырся.

— Вачэй у цябе няма?! Памяркоўныя лю-удзі, Юляк! Ім самім тут, бедным, не соладка, гэткая цяплынь, а яны ва ўсім суконным і ў ботах ды абладаваныя жалязякамі, бы вярблюды!..

— Вядома, служба ў іх сабачая!..

— А я пра што кажу?.. Слухай, Юляк, мо адвязі нас дадому, а ў Пясчанікі едзь сам. Ты — справа іншая: заўсёды палітыкаваў, за польскім часам на тайныя сходкі хадзіў, штрэйкбрэхераў у лесе ганяў, а ў чым вінаватая я з малымі, з Ленай?

— На вайне не вельмі шукаюць вінаватых...

— Ай! Колькі тут праходзіла воен, успомні, але ж дзяцей ды бабаў ці хто чапаў?

— Яно вядома... Але...

— Каму мы патрэбныя, слу-ухай?!. Бо ўсім вядома, што без нас і свет не можа існаваць!.. Доўга не думай — заварочвай каня назад!

Заінтрыгаваныя падарожжам малыя ўзнялі гвалт:

— Паедзем у Пясча-анікі, ма-ам!..

— Да ба-абы хацу-у!..

— А ў вас парады ніхто не пытае!

— Сціхніце! — абсадзіў дзяцей і бацька, збіраючыся сапраўды разварочваць падводу.

Вярнуўшыся ў вёску, Юляк застаўся і сам. Толькі выказаў непакой аб старэйшай дачцэ:

— Хай мо Лена адна там пабудзе?..

— Хай пажыве без нас,— падтрымала яго цётка Марыся.— Пабачым, дзе каму лепш будзе!..

4.

Паводзіны немцаў тлумачыліся проста. Аддзел барацьбы з партызанамі Беластоцкага бэцэрка ўпрасіў шэфа гестапа, Герберта Цымермана, дазволу, каб на прыкладзе Папоўкі прааналізаваць метады падпольшчыкаў і на аснове назіранняў для крайс штатскамісарыятаў ды камендантур выдаць спецыяльную кніжку — інструкцыю.