Выбрать главу

Папоўцам і ў галаву не магло прыйсці, што кожны іхні крок дзяжурны немец круглыя суткі запісвае ў спецыяльны журнал - калі, якая сям'я клалася спаць, хто днём прыязджаў, хто з малых ці дарослых па якой прычыые і як надоўга пакідаў вёсачку, што выносіў, прыносіў, вёз, што і якім чынам перадаваў.

Эксперымент немцам даў мала.

І астатнім папоўцам — не толькі Юльку — у гэтыя дні раптам адхацелася куды—небудзь ад'язджаць.

Юлькавай жонцы — цётцы Марысі — надышла пара забіраць ад беластоцкай краўчыхі для дачкі, нявесты Лены, бялізну. Марысіну маці ў аптэцы даўно чакала лякарства. Ва ўсіх пяці дамах Дзянісікаў і ў Майсака выйшла газа, запалкі і соль. На поплаве паспела для касьбы трава...

Усё цяпер людзям здалося малаважным.

Папоўцы, якія, бывала, і дня не маглі пражыць без Беластока, зараз пра яго цалкам забыліся. Вопытныя падпольшчыкі Дзянісікі рэдка куды адпраўлялі і пасланцоў. Людзі з навакольных вёсак некалькі разоў, падаслаўшы пастушкоў, заглянуўшы да іх і самі, далі папоўцам «спокуй»,— сачылі за вёсачкай зводдаль.

А яны сядзелі вечарамі ў цемры. Пастушкі нават не гналі далёка ад будынкаў кароў. Усе раптам адчулі патрэбу быць разам. Нават сабакам было дазволена заходзіць у хату. Жанкі даглядалі мужыкоў, мужчыны парабіліся рахманымі, дзеці слухаліся бацькоў. Старыя і то не маглі ўцягнуцца ў работу.

Марысіна маці каторы раз бралася прарэджваць расаду, але кідала яе, як непатрэбны занятак, ды з чуласцю ласкала ўнукаў, прыгаворваючы:

— Ах, мае вы ры-ыбанькі, як не ў час вы на свет з'яві-іліся! Калі б мамка ваша ве-едала, ці ж спяшалася б раджа-аць вас у такую хві-ілю?!.

Хоць і падлашчваліся некаторыя немцы, папоўцы парабіліся сур'ёзнымі і не вельмі ўступалі з імі ў размову.

Вось вольныя ад «вахі» салдаты паздымалі кашулі, паклаліся ў агародчыку дзядзькі Волеся ды пачалі на сонцы драмаць. Салдат у касцы, што стаяў на пасту, давай заляцацца да Лены. Але гэтая ладная васемнаццацігадовая нявеста была не ў настроі. Яе якраз аблаялі бацькі, што самавольна вярнулася з Пясчанікаў. Лена з сумам зараз глядзела некуды цераз плот ды машынальна церабіла ў сябе на грудзях русую касу.

Немец нарваў пад штыкецінамі крапівы, паклаў зялёныя сцябліны сябрам на голае цела.

Салдаты скрозь дрымоту неўзабаве пачалі мычэць, раздзіраць сабе кіпцюрамі валасатыя грудзі. Вартавому гэтага і трэба было. Ён зарагатаў, заахвоціў вачыма пасмяяцца разам і дзяўчыну. Аднак курносенькі, загарэлы яе твар ды лоб з маленькімі прышчыкамі заставаліся ўсё гэтаксама сур'ёзныя.

Што ж, Лена немца пазнала. Менавіта ён сказаў бацьку: у зямлянцы знайшлі з Папоўкі хлеб, пра сувязь вяскоўцаў з партызанамі ім вядома, як і ведаюць пра тое, што Дзянісікі лячылі раненых байцоў.

Гэтым часам паголеныя, апранутыя ў святочныя кашулі, пінжакі ды ў начышчаных ботах папоўскія мужчыны сабраліся на пругмені каля Юлькавага гумна. Усе курылі, пазіралі на немцаў ды абменьваліся заўвагамі:

— Чамусьці вартавы сёння ў «бляшанай шапцы», як кажуць мае малыя.

— I патрулі каскі напялілі, адпраўляючыся ранкам на дарожкі — раней гэтага не было.

— Пра свае мазгі пачалі дбаць.

— А што думаеш? Стрэліць хто з куста, і чэрап потым не заклеіш...

— Покуль стрэляць у іх, яны панішчаць нас.

— Вядома, панішчаць, няма сумнення.

— А што рабіць?.. Падацца ў Пінскія балоты?.. З малымі і бабамі?.. Мая кабета і слухаць не хоча!

— I маёй пра гэта нават не заікайся...

— А мо не панішчаць?.. Пасля Сталінграда немцы якіясьці ўжо больш рахманыя і ветлівыя!.. Нават параўнання няма з тымі немцамі, што былі летам сорак першага!..

— Ну! Унь, вакол Белавежы спалілі аж восемдзесят восем вёсак, аднак людзей не панішчылі — павывозілі ў Беласток!

— Хіба Гітлер дурны нішчыць і іх? Яму цяпер нявольнікі патрэбныя!

— I шчэ колькі — кожны работнік цяпер у яго мусіць быць на ўліку!

Працавітыя папоўскія мужчыны былі надта практычныя.

А яшчэ яны ўсе, як на падбор, былі рослыя, у сіле веку і не баязліўцы. Каб ваенкамат у свой час паспеў іх прызваць на вайну, гэта былі б, напэўна, вынослівыя, дысцыплінаваныя салдаты з дасканала вычышчанай зброяй ды з рэчавымі мяшкамі, дзе кожная казённая лапінка ці маслёнка занімала б сваё, адпаведнае месца. З такіх не бывае здраднікаў. З такімі ахвотна ідуць у разведку. А покуль жывыя, такія для ворага — зубы паломіш.

Пайсці папоўцам у лес, падаставаць прыхаваную зброю ды зашыцца ў прыцішаны сасновы пошум — прасцей простага, аднак пра гэта ніхто і не думаў. Верныя сваім жанкам і дзецям папоўскія мужчыны трапілі ў экстрэмальныя ўмовы. Яны зараз нагадвалі тых фермераў з амерыканскага баевіка, у якім гангстэры захапілі дом, узялі пад прыцэл дзяцей і кабет, не клапоцячыся пра гаспадароў, ведаючы аж занадта, што сялянская сям'я — адно цэлае.