Выбрать главу

5.

Праз дзень пасля таго, як дзяжурныя надзелі «бляшаныя шапкі», у Папоўку прыкаціла крытая машына з новымі немцамі. Усе яны на галаве таксама мелі каскі.

— Ой, па каго яна?! — ускрыкнула цётка Марыся, убачыўшы цераз акно брызентавую буду.

Маці пляснула рукамі:

— А я ўсю раніцу гадаю: чаму гэта дзісь сніліся мне мама?!. Даўно мне не з'яўляліся, а сёння — бы наяву! Усё мяне клікалі: «Хадзі да нас, дочачка, ха-дзі-і!..»

— Няўжо, думаеце, прыехалі нас страляць?

— Ніц не зробіш, Марысечка, што ўжо будзе!.. Што бог дасць людзям, тое і нам!..

У гэты момант вялізны нямчыска ў рагатай касцы адчыніў ботам дзверы, зароў:

— На, русішэ швайн, р-р-раус!.. Шнэль, выходзіць!.. Але-е!.. Вшыстко, вшыстко!.. Лё-ос!..

— Ну во-о, як каму, а нам — бог ужо даў! — з адчайнай злосцю сказала Марыся ды кінулаея да дзяцей.

Калі Юляк садзіў сям'ю на фурманку, немцы ўжо некуды валаклі пастраляных свіней. Дурныя куры дзяўблі сцежачкі акрываўленага пяску, а салдаты, рагочучы, шчоўкалі іх па адной з пісталетаў ды піхалі сабе ў брызентавыя сумкі. Бойкі певень узляцеў на паркан, па-свойму падаў курам сігнал трывогі, але куля змяла і смельчака. У будзе скуліў перапалоханы Бобік...

Праязджаючы ўздоўж дома, Юляк праз вокны паспеў убачыць, як той самы вялізны немец у яго «велькай хаце» з вазонамі напіхаў ужо пад стол саломы з выпатрашаных матрацаў, а зараз цягаў з ікон ільняныя ручнікі ды кідаў туды таксама. Практычны гаспадар з гарачкі, таму яшчэ і без шкадавання, падумаў:

«Што ж, дом зусім новы, крыты дахоўкай, падпаліць яго не так і проста!.. Ат, халера яго бяры, збудуем сабе новы, абы жывымі пакінулі!»

Сабралася іх шэсць фурманак — з кожнага дома па адной. Усё гэтак жа ў касках, з пісталетамі ды гранатамі за халявамі немцы на трох пясчаніцкіх падводах трымаліся зводдаль.

Вакол папоўскіх фурманак круціліся на ровэрах паліцаі з Гарадка — усе сем чалавек. У нашай мясцовасці немцы мундзіраў такім не выдавалі. Паліцаі былі ў белых кашулях, нават пад гальштукамі і ў святочных пінжаках — выглядалі на паўпанкаў са стрэльбамі за плячыма, якім уздумалася пакатацца на вольным паветры ды ў кампаніі.

Ніхто з папоўцаў не прасіўся, не лямантаваў, не плакаў, не прамаўляў ні слова — нават дзеці на тварыках захоўвалі выраз суровай пакоры.

У такім настроі ўсе выехалі на Беластоцкую шашу і павярнулі ў бок Ваўкавыска.

— У Гарадок едзем!..— сталі папоўцы перадаваць адны адным, але адразу змоўклі.

Толькі тут, з высокага грэбеня шашы, яны раптам убачылі, што над лесам, дзе павінна быць якраз іхняя вёсачка, ляніва ўзнімаюцца клубы шэрага дыму.

Жанчыны паціху заенчылі ды пачалі хрысціцца.

Бах! — глуха прагучаў вінтовачны стрзл.

У кювеце слаба віскнуў сабака і задрыгаў нагамі ў перадсмяротных. канвульсіях. Паўпанкі на ровэрах зарагаталі.

Аж на шашы, цягнучы за сабой доўгі кавалак ланцуга, дагнаў Юлькаву фурманку Бобік, і яго застрэліў паліцай Дэц. Нехта запрапанаваў стралку ўзяць на памяць ланцуг, і таму паліцаям зрабілася весела.

6.

Памясцілі іх у Арчыкавай мураванцы.

То быў дом у Гарадку, дзе немцы трымалі арыштантаў у час допыту, перад расстрэламі ці адпраўкай у турму (і мы з братам сядзелі ў ім да вывазу ў канцлагер Штутгоф). Дзеля гэтага ў будынку фабрыканта Арчыка немцы выламалі перагародкі, закратавалі вокны, абнеслі падворак цяглянай сцяной. Людзей трымалі на падлозе, засланай саломай.

Папоўцы жылі ў Арчыка з тыдзень. Вартавалі іх толькі паліцаі і за гарэлку ўсіх пускалі да арыштантаў.

Мае страшаўцы папоўцам насілі махорку.

Заходзілі да іх проста пагутарыць, падтрымаць дух.

З Пясчанікаў кожны дзень прывозілі ім малако, хлеб, дровы, каб варыць страву.

Каб сваякі былі хоць крыху спакайнейшыя, наша мама з'ездзіла ў Беласток да краўчыхі, прывезла цётчынай Лене бялізну, Марысінай маці — лякарства; Юлькава дачка папрасіла туалетнага мыла, каб памыць галаву, мама заадно купіла і яго.

Мужчыны збіраліся ў кутку Арчыкавага падворка ды зноў ламалі галаву:

— Уцячы? Зусім нявелькі фокус! Паліцаю, што унь стаіць у браме на варце, нас абсалютна не відаць. Узлезь адзін аднаму на плечы ды перавалі за мур!..

— Ну! А там гарадоцкімі агародамі дапаўзеш да рэчкі, перабрыдзеш Супрасль і — у лес, на волю!