— Вярзеце сентыментальнае глупства, Ганс! — абрэзаў борт-механіка капітан.— Якая нам справа да гэтага? Зразумейце вы ein für allemal[4] — нам важны толькі вайсковыя аргументы! Фюрэр сказаў: «Будзьце бязлітаснымі, дзейнічакце смела і без усялякай там маралі: гэта найбольш гуманны спосаб ваяваць, бо страх загоніць праціўніка ў казіны рог і нам спатрэбіцца менш крыві!» О-о, я вам скажу, гэта словы мудрага прарока! Цяпер і сляпы бачыць, што вайну вядзем справядлівую, а немцам яна прыносіць вялікую асалоду! Чым мы былі б з вамі, калі б не яна? Вядома, немцы не такія вытанчаныя ды адукаваныя, як французы, але ж лёс менавіта нас выбраў як носьбі-таў грандыёзнага абнаўлення свету, якога не было з біблейскіх часоў!
— Яволь, шэф! — скарыўся бортмеханік.— Я згодзен з вамі.
Капітан, палічыўшы, што адчытаў падапечнага залішне строга, пастараўся згладзіць уражанне ад сваіх слоў. Не гледзячы, з кішэнь-чыка на баку крэсла дастаў пляшку «Марціні». Выняўшы зубамі корак, адхлябнуў віна ды спытаўся бортмеханіка:
— Спрабуеце?
— З ахвотай!
Пілот велікадушна дазволіў частавацца і астатнім. Плоская бутэлечка з бліскучай этыкеткай абышла ўсіх.
— Данке!
— Данке зеер!
— Данке шён!
Немцы адразу адчулі ва ўсім целе цяпло і лёгкае галавакружэнне. Капітан з ноткай апекуна гаварыў далей:
— Альзо, вы, Ганс, не да канца ўмееце цешыцца жыццём. Выпускаеце з—пад увагі галоўнае. Знаходзіце нейкія калючкі, звярта-еце ўвагу на глупства, паддаецеся мяшчанскай жаласлівасці. Каго тут шкадаваць? — кінуў ён уніз.— Гэтых агідных шчуроў, гнойных сала-мандраў, выроднага племені «унтэрмэншаў», якім нейкі дурны ўладар калісьці дазволіў навучыцца чытаць і пісаць, хоць яны здольны толькі на тое, каб радзіць орды недачалавекаў?!
— Яволь, капітан!
Пілот быў малады, настрой яго хутка мог перайсці ў другую крайнасць, а віно падбівала выліваць свае крыўды.
Звяртаючыся да ўсяго экіпажа, ён ужо неўзабаве заныў:
— Безумоўна, калі глядзець з глабальных маштабаў,— мы тут рымляне XX стагоддзя, місіянеры. Аднак, майнэ кэрлен[5], гэта толькі адзін бок медаля. Калі чэсна гаварыць, то трэба прызнаць: занесла нас сюды — самому чорту ў задніцу!
I Ляўфэршток пачаў ужо скардзіцца на свой лёс:
— Што нас, нікчэмных фурманаў, на гэтай дапатопнай рыкшы, ціхаходным «Юнкерсе-52» — транспартнай машыне з часоў вайны ў Іспаніі — чакае ў смярдзючай Расіі на сумнай трасе з пастаяннай вышы-ёй у 2000 метраў з—за ўяўных «лясных бандытаў»? Вартуй кожны дзень, як пракляты, кнігаўчыны яйкі! [6] Во, у сонечнай Італіі бралі на борт дэсантнікаў Отта Скарцэні з самім Максам Шмэлінгам[7], вазілі нават генералаў! Са штурманам Гофманам пашэнціла везці самога фельдмаршала Герынга, калі той гасцяваў у дучэ!..
Унізе паказаліся лясы Расоншчыны. Неабсяжны дыван хвалістай зеляніны, рассечаны прасекамі, здаўся немцам мяккім, як аксаміт, лагодным і свойскім. Чыгуначная ветка пачала раптам некуды знікаць, расплывацца, потым не стала яе відаць зусім, як штурман ні прыглядаўся. Пад прамым вуглом і наўскасяк распісвалі лес прамыя, як палёт стралы, візірныя прасекі, але ўсе яны былі без рзек і тэлеграфных слупоў.
— Вас іст лёс? [8] — здзівіўся капітан ды падагнаў штурмана: — Вільгельм, пеленг!
— Момэнт маль! [9]
Але чыгункі штурман так і не знаходзіў. Давялося даверыцца компасу:
— Курс46!
Што за ліха, яшчэ зусім нядаўна кантакт з зямлёй ён тут трымаў візуальна, пе патрэбен быў ніякі компас! Бытта з вялізнай карты з жывым ландшафтам нехта ўпарта гумкай сціраў дзень за днём палатно дарогі, таму з кожным днём пуць з рэйкамі выявіць рабілася цяжэй.
«Няўжо брыгады Тодта пуць накрываюць маскіровачнай сеткай і галінкамі камуфляжу на такім доўгім адрэзку? Рабіць ім няма чаго!»
— У чым справа, донэрвэтэр?! Макс, вазьмі ніжэй! — кінуў штурман пілоту, з якім быў на «ты».
Незвычайную з'яву Ляўфэршток заўважыў таксама, таму адразу штурмана зразумеў:
— Вір шаўэн гляйх! [10]
Няўклюдны «Юнкерс-52» пайшоў у віраж ды пачаў збаўляць вышыню. На шкале вышынямера стрэлка паказвала 1800 метраў, 1500, 1000, 200...
Ад паветранай хвалі, выкліканай прапелерамі, захісталіся ўжо і верхавіны дрэў, толькі штурмана цікавіла не гэта. Перагнуўшыся ўвесь, ён уважліва разглядаў масіў, які імкліва цёк «Юнкерсу-52» пад жывот. Пілот рабіў віраж за віражом, вёў машыну зігзагамі — страчаны арыенцір самалёт абавязкова павінен перасячы!