Выбрать главу

Вось каска салдата металам зазвінела аб цяжкія галінкі сасонніку, заскрыгаталі на жвіры цвікі яго падэшваў, і немец апынуўся каля іх.

З цеснага жаночага клубка салдат за руку вырваў Лену, піхнуў яе ў сасоннік, загадаў:

— Вэг!

Заплаканая дзяўчына няўцямна паўзіралася на немца, на сваіх.

— Вэг! Р-р-раус!..— зароў ужо салдат ды замахнуўся прыкладам.

Жанчыны салдата зразумелі першыя і дружна падхапілі:

— Ён цябе, мусіць, адпускае!.. То ідзі-і!..

— Я адна не хачу-у!..

— Ідзі-і, Леначка, ідзі-і!.. Ратуйся хоць ты і будзь шчаслівая!!

— Шчэ пясчаніцкіх хлопчыкаў адпусціце! — пракрычала немцу Майсачыха.— I ўсіх нашых малых!..

— Фэрфлюхтэ руссэ!!.— з грымасай пакрыўджанага дабрадзея, які пакутавае з—за свайго характару, салдат са здзіўленнем паціснуў плячыма, бытта сказаў: «Ты глядзі, а ім, выходзіць, гэтага яшчэ мала?!.»

Дзяўчына знікла, а жанчын бытта прарвала. Яны сталі галасіць, абзываць немцаў катамі, вылюдкамі і зверамі. Паліцаі прыняліся малаціць іх прыкладамі. Мужчыны з лапатамі кінуліся жанкам на падмогу. Афіцэр падаў каманду — салдаты адкрылі страляніну і навялі парадак.

Праз паўгадзіны магіла была гатовая.

Усім загадалі распрануцца, вопратку класці мужчынам асобна ад жанчын, збоку ставіць абутак, а яшчэ далей — акрываўленае адзенне. Мацяркі выпрасілі ў афіцэра дазволу ды сыры халодны пясок у яме выслалі цёплымі хусткамі, на іх паклалі сонных дзяцей, пасадзілі большых ды, як наседкі, падабралі малых пад сябе. Зверху жанок абнялі мужыкі (калі мой бацька з матчынымі братамі потым іх раскапалі, каб перахаваць на могілкі, целы так і ляжалі, а зверху ўсіх — дзядзькі Юляк і Волесь).

Стралялі папоўцаў у патыліцы, спіны. Над страшнай крывавай бойняй зноў узняўся жаночы лямант, але паступова згас.

Па немцаў неўзабаве прыкаціла брызентавая буда.

З кабіны выбраўся тоўсты фельдфебель з каністрай і адмераў салдатам па кубачку шнапсу, выдаў па кавалку каўбасы. Тады афіцэр папёр паліцаяў звалакчы ў яму і тых, каго забілі ў час страляніны, прысыпаць папоўцаў пясочкам, і пазабіраў лапаты. Затым ён пасадзіў салдат у кузаў, і грузавік ад'ехаў.

Паліцаі адправіліся ў Гарадок на ровэрах. У мястэчку ў гэты дзень яны пахваліліся, што, калі папоўцаў засыпалі, яшчэ варушыўся пясок ды выразна было чуваць, як у яме пішчыць дзіця.

8.

I чацвёртага чэрвеня прыпякала гэтаксама летняе сонца.

У гэты дзень за Пясчанікамі пастушкі ўбачылі якуюсьці дзяўчыну ў мокрай сукенцы ды з распушчанымі русымі валасамі. Яна брыла па Супраслі супроць цячэння, выбіраючы, дзе глыбей. Напаткаўшы яму, садзілася ў яе, але, убачыўшы, што вада толькі па шыю, усхоплівалася ды брыла зноў.

Згледзеўшы хлопчыкаў, дзяўчына раптам віскнула злым, істэрычным голасам:

— Пацаны, а ну — марш адгэтуль! Каму кажу? Марш усім!! Я не хачу, каб вы на ГЭТА ўзіраліся!!

Па голасу дзяўчыну пастушкі адразу пазналі і сыпанулі ў вёску.

— Там Лена — папоўскага Юлька — утапіцца ў Супраслі хоча! — залямантавалі на ўсе Пясчанікі.

У момант збегліся да рэчкі мужчыны. Але як яны ні шнырылі па кустах лазы, ні паролі тычкамі ў рачныя яміны, як ні глядзелі за купіны — ні дзяўчыны, ні цела не знайшлі.

Мужчыны ўжо ведалі, што з усяе Папоўкі засталася толькі жывой Юлькава Лена. Той-сёй заўважаў, як учора пад вечар ды сёння раніцой сукенка нейкай дзяўчыны мільгала цераз палоскі. Бабы яе нават клікалі, але незнаёмая людзей дзічылася. Цяпер, калі ўпэўніліся, хто гэта быў, усе пачалі шкадаваць, чаму не затрымалі.

Пясчаніцкія мужчыны на балоце пастаялі ды абмеркавалі выпадак. Да паводзін дачкі Дзянісіка адносіліся ўсе з разуменнем. Кожны ўслых выказаўся нават, як бы сябе паводзіў і ён, калі б на яго вачах забілі ўсю радню ды ён застаўся на свеце адзін, як кол. Быў бы на фронце ці ў партызанах, то пры таварышах, напэўна, забыўся б трохі ў баі ці папрасіўся б на самае небяспечнае заданне і адвёў бы душу, але ж тут?!.

Простыя сяляне ў даным выпадку выйсця для Лены не бачылі. I праўда, ёй, беднай, хоць ты ідзі ды і ўтапіся. Аднак, разыходзячыся, мужчыны доўга яшчэ шукалі па кустах і пералесках, спадзеючыся ўсё ж такі ўбачыць дзявочую постаць ды Лену пацешыць, абагрэць, накарміць ды як-кольвек ратаваць.

А яна аб'явілася толькі аж сёмага чэрвеня ў Гарадку. Дзе гэтыя тры дні прападала, ніхто не ведаў, адно пэўна — ні да сваякоў, ні да знаёмых заглядаць нават не спрабавала.

9.

Ля камендатуры ў той момант стаяў у начышчаных да бляску хромавых Юлькавых ботах паліцай Дэц. Дзяўчына да яго падышла і надзвычай проста праказала: