Выбрать главу

— Здрастуйце! Гэта зноў я!

Дэц не паверыў сваім вачам:

— Ты-ы?!.

— Ну.

— Вярнулася?!

— Ага.

— Жыць табе надаела?!

— Надаела.

— Я-ак?

— А — так,— яна ўздыхнула.— Хай і са мной будзе ўсё тое, што было з мамай, татам і ўсімі нашымі. Хачу, каб мяне таксама расстралялі.

— Ты — усур'ё-оз?!.

— Усур'ёз.

У гэты момант на ганак выйшаў апісаны ўжо мной у «Пушчанскай адысеі» амтскамісар, які лупцаваў кульбай бацьку за падсвінкаў. Дэц імгненна паправіў гальштук, абцягнуў пінжак, стаў смірна ды пачаў тлумачыць падзею. Па-нямецку гаварыў ён слаба, а тут служака яшчэ спяшаўся, бо яму хацелася надта ўразіць начальства.

Шчуплы, бялявы, сярэдніх год вайсковец у чыне фельдфебеля слухаў, слухаў яго балбатню ды не вытрываў. Немец паклікаў за перакладчыка яўрэя з тых, што рамантавалі ля камендатуры вуліцу.

Рыжы барадач, выслухаўшы ўважліва дзяўчыну, немцу аб'явіў:

— Вар'ятка яна, гэр шэф!

Фельдфебель нездаволена ўзняў бровы на паліцая ды рэзка пракрычаў:

— На-а?! [28]

Раззлаваны Дэц трэснуў перакладчыку ў зубы ды пачаў камісару тлумачыць ужо больш талкова:

— Брэша ён, гэр шэф! З той самай Папоўкі яна! З бандыцкай вёскі, што ліквідавала на мінулым тыдні «айнзатцгрупа» з Беластока. З конскіх могілак уцякла, з—пад расстрэлу... Просіцца цяпер, каб яе таксама расстралялі... Чатыры дні швэндалася недзе і кажа — надаела... Адумалася, ха!..

— Ах, зо-о?!.— здзівіўся ўжо і фельдфебель ды прыгледзеўся да дзяўчыны, бытта хацеў яе прызнаць ці лепш запамятаць. На дробным бялёсым тварыку яго з'явілася на момант нават літасцівая грымаса.

Дэц не зводзіў з шэфа адданых вачэй, а камендант хвіліну маўчаў. Можна было нават чытаць яго думкі:

«Пасадзіць бандытку пад арышт ды адаслаць у Беласток дакладную з пытаннем — што з ёю рабіць? »

«Заводзіць валакіту! Месяц давядзецца чакаць адказу — беластоцкія бонзы хіба табе паспяшаюцца?!.»

«Ага, нехта ж дакладваў, што слізняк-афіцэр з «айнзатцгрупы» адпусціў на волю прыгажуню бандытку!.. Расплыўся перад славянкай, гаўнюк!.. Шчэ прыпруць камісію для праверкі і афіцэрыку — трыбунал!..»

Камендант раптам махнуў рукой за агароды і свайму цэрберу закамандаваў:

— Вядзі туды і прыкончы!

— Яволь, гэр шэф! — з гатоўнасцю падхапіў паліцай ды энергічна стукнуў абцасамі.

10.

Дэц вывеў дзяўчыну за платы і пакрочыў з ёю ўздоўж загонаў бульбы да балота. Гледзячы на іх здалёк, ніхто, напэўна, і не здагадаўся б, куды так спакойна ідзе дзяўчына з хлопцам пад гальштукам, у якога цераз плячо вісіць ствалом уніз руская вінтоўка — дакладна гэтак паляўнічыя носяць стрэльбы.

Спакой дзяўчыны, вядома, быў вонкавы.

На душы ў маёй няшчаснай сваячніцы, напэўна, адбывалася тая самая барацьба з сабой, што перажывалі папоўскія мужчыны, разважаючы — кінуць жонак з дзецьмі ды нырнуць у лес ці выпіць горкую чашу разам з імі. Дакладна пра гэта разважалі і пясчаніцкія мужыкі над Супрасляй. Вось і Лена ўсе гэтыя дні з жахам думала пра адно: ратавацца? Але ж як потым глядзець людзям у вочы? Як стане жыць? Як потым будзе глядзець у вочы сваім дзецям?!

Не-е!!! Не-е!!! Не-е, так жыць не хачу-у-у!!! — крычала ў ёй душа, хоць і было вельмі страшна. Бытта ноччу бегла адна з Пясчанікаў праз цёмны лес у сваю Папоўку, хутка перабіраючы нагамі, стараючыся думаць толькі пра тое, што вось-вось дападзе да першай папоўскай хаты і — па ўсім страху. Яна спадзявалася — зараз так будзе і тут...

Адным словам, і ў гэтай здаровай сумленнай маладой сялянкі сувязь роду была гэткая магутная, што пераход для ее ад быцця ў іншую стадыю здаваўся ўжо цяпер надта жаданым ды прагным — бы абязводжанаму ўшчэнт чалавеку з засмяглымі вуснамі, які не можа дачакацца, калі дападзе да сцюдзёнай крыніцы.

Яны дайшлі да самага поплаву, дзе маладое бульбянішча закрывала ўжо чалавека да калена. Дэц кіўнуў дзяўчыне, каб спынілася. Дастаў у цэлафанавак абгортцы пачку цыгарэт «Юньён», запалкі ды стаў закурваць.

Лена зажмурылася, уцягнула ў плечы галаву, прыціснула да грудзей кулакі.

— Што, баішся, ага-а?! — паздзекаваўся паліцай, крытычным вокам агледзеў яе маладое сакавітае цела і зацягнуўся цыгарэтай.— А хто цябе прасіў з'яўляцца?!. К-ка, к-ха!..— закашляўся. — Цяпер — цярпі-і!.. Нічога, я раблю гэта быстра, не пачуеш нават!

Дзяўчына з зажмуранымі вачыма ўся ў напружанні моўчкі чакала стрэлу.

Дэц узглянуў на камендатуру, падумаў, што праз вокны можа глядзець на яго камендант, і ўстрывожыўся. Паліцай скінуў з пляча вінтоўку ды рэзка клацнуў затворам — загнаў у казённік патрон. Набіраючыся злосці, скамандаваў:

вернуться

28

Тут у значэнні — і што ты на гэта? (ням.)