Выбрать главу

Придурок ты!

Ольга Т».

Калі наша задача ў тым, каб узяць чытача за сэрца, то лёгка сабе ўявіць маю радасць пасля прачытання гэтага «крыку» душы. Во ўзяў за жывое! Каб гэтая самая «Вольга Т.» жыла ў Гродне, а ў нашым аблана і праўда працаваў такі Янка Барташэвіч, то, мабыць, яна знайшла б яго і, прынамсі, вочы яму выдрала б.

Такое было маё першае ўражанне.

Потым стала сумна. Усё ж такі мы жывём не ў XVII стагоддзі і ўспрымаць кніжку мастацкай літаратуры як нейкі дакумент — трохі наіўна.

ДЗІЦЯ ПЛАНЕТЫ

1.

У той час Оля мела 39 кг вагі. Ды і ростам яна не выйшла, усяго — 151 см.

Оля, папэўна, гублялася б сярод прахожых, як вучаніца другога класа. Яе ж заўважалі здалёк. Оля, бы каралева, раздавала налева і направа ўсмешкі, ад чаго людзям рабілася адразу цяплей на душы. Не адзін чалавек, які спаткаў яе на вуліцы, дома хваліўся:

— Бачыў Корбут!! Іду сабе ў магазін, ні пра што ке думаю, ды раптам насустрач — яна! Дробненькая, звычайная, а ты толькі глядзі, як прымусіла свет пра сябе загаварыць!..

О, чалавечыя слабасці!

У абласной бальніцы я міжволі стаў сведкам характэрнай сцэнкі. Прафесар В. браў паліто. На пытанне гардэробшчыцы, чаго В. так рана пакідае студэнтаў-практыкантаў, мажны мужчына, масціты хірург, паважаны ў вобласці чалавек раптам зрабіўся звычайным хвалько. Бытта перад спатканнем з якім—небудзь прэзідэнтам, са шчаслівым бляскам у вачах і маладым хваляваннем шапнуў:

— У спецпаліклініку на кансіліум еду. Будзем даваць Олі Корбут кансультацыю перад спаборніцтвамі ў Англіі.

Што ж, яшчэ ніхто з жыхароў Гродна, як стаіць яно на высокіх нёманскіх берагах, не праславіў так свой горад, як гэта хударлявая дзяўчынка. Ніхто не прынёс землякам і столькі радасных эмоцый, не даў такую колькасць тэм для застольных размоў, не разбудзіў столькі захаплення ды звычайнай зайздрасці.

Нямногія людзі нават зямной кулі могуць пахваліцца Олінымі дасягненнямі: усяго шэсць гадоў спатрэбілася ёй, каб прайсці дыстанцыю ад першай трэніроўкі ў гімнастычнай зале гродзенскага стадыёна да звання чэмпіёнкі Алімпіяды ў Мюнхене.

У свае семнаццаць вёсен Оля спазнала сусветную славу, выявіла фанатычную адданасць спорту, уменне сабраць у кулак волю,— выявіла ўсе магчымасці, што тояцца ў чалавеку.

Дзяўчына — феномен сучаснага спорту з яго незвычайна высокімі нагрузкамі ды гэткімі ж высокімі вынікамі. Яна ведала яго штодзённую цяжкую працу: «качаць сілу», «расцягваць звязкі», выпрацоўваць неабходныя рэфлексы гімнаста, памнажаючы ўсё на натхненне.

«Вольга Корбут — дзёрзкасць, адвага, вынаходлівасць. Гэта — сплаў безразважнай смеласці і грандыёзнай хвацкасці, хлапечая зухаватасць і схільнасць да рызыкі, дакладнасць і чароўнасць, бліскучая рамантыка. Яе гімнастыка — вялікі крок наперад!» — сказала заслужаны майстар спорту Л. Латыніна.

З газет, тэлеэкранаў Оля скочыла проста ў сэрцы чалавечыя, запаланіла людскія душы ледзь не ў кожнай сям'і, і павалілі на стадыён «Чырвоны сцяг», дзе Оля трэніравалася, ва універсітэт, студэнткай якога была, на вуліцу Каліноўскага, дом 5, дзе жыла, бясконцыя патокі пісем.

Корбут даўно стала з'явай сацыяльнай. Такое ж значэнне набылі качуцці і думкі, выказаныя ў пісьмах Оліных паклоннікаў ды паклонніц, таму няхай яны мне даруюць, што абнародую асобныя вытрымкі з іх асабістай карэспандэнцыі. Каб не прычыніць нікому шкоды, прозвішчаў называць не стану, адрасы скарачу да мінімуму.

2.

Чаго толькі Олі не пісалі!

Вучаніца 8-га «В» класа, г. Перм:

«Я надта люблю гімнастыку. А яшчэ больш палюбіла яе, калі ўведала Вас. З 4-га класа займаюся ў школьнай секцыі, якая носіць Ваша імя. Мы ўсе бяром з Вас прыклад: цярпэнню, вытрымцы і стойкасці вучымся таксама ў Вас...»

Азербайджанская ССР, станцыя Худзят-База, Марына С.:

«Мне вельмі падабаецца гімнастыка. Уся наша група хварэла ўвесь час за цябе, Оля... Трэнер па акрабатыцы ў нас надта добры. Нядаўна мы прыдумалі з ім, каб надрукаваць латарэйныя білеты ды прадаваць іх па 20 калеек і за гэтыя грошы пабудаваць спартыўную залу ў нашай школе...»

Петрапаўлаўск-Камчацкі, Мікалай I., былы выхаванец дзіцячага сада № 6.:

«Оля, ты, напэўна, выхоўвалася ў нашым детсадзе (такіх пісем з розных канцоў Савецкага Саюза з фатаграфіямі дашкольніц, дзе супадаюць узрост, імя і прозвішча, аўтар эсэ знайшоў чатыры). Пасылаю табе фатаграфію яго выхаванцаў, паўзірайся на сябе. Ты стаіш трэцяй з правага боку, пад акном...