Нарэшце Гофман убачыў тое, чаго шукаў. Убачыў ды нічога не зразумеў.
У выразным і прамым, як вучнёўская лінейка, калідоры, што на тры-чатыры секунды паказаўся пад імі, стаялі дзесяткі, а мажліва, і сотні фурманак, наладаваных пяском і жвірам, рэйкамі ды шпаламі. Ад фурманак разбягаліся ў кусты людзі, узбрыквалі жарабяты. Ахопленыя жахам жанчыны лавілі дзяцей і таксама ляцелі ў гушчар. На пянёчках стаялі мужчыны ў напаўвайсковай форме ды энергічнымі ўзмахамі рук паказвалі на неба...
Усё выглядала на тое, што ў лес сагналі мноства сялян, каб пракладваць пуць.
Але ж чыгунка тут ужо існавала, па ёй — штурман памятаў добра — яшчэ зусім нядаўна хадзіла шмат паяздоў на Ідрыцу — Дно, ён прызвычаіўся яшчэ здалёк заўважаць дымкі паравозаў!
I чаму камандзіры, што махалі рукамі, не мелі — ён дакладна паспеў заўважыць — нямецкай формы?
Гофман з недаўменнем зірнуў на пілота. Той якраз, увесь сканцэнтраваны, браў на сябе штурвал — выводзіў няўклюдную ма-шыну з непрывычнага для яе глыбокага піке. Штурман насцярожыўся і толькі паспеў удыхнуць у сябе паветра, як страшэнная адцэнтрабеж-ная сіла пачала ціснуць яго ў крэсла, ад чаго ён ледзь не страціў прытомнасці.
5.
Што адбывалася тады ў партызанскай зоне ля Дрысы, магу сказаць больш ўпэўнена — з многімі героямі незвычайнага выпадку давялося гутарыць, бо ездзіў на месца падзей, каб самаму разабрацца — што, дзе і як усё здарылася, ды зведаць вядомы літаратарам «эфект прысутнасці».
Ветэраны расказвалі,— сонца ў той дзень так напякло паветра ў лесе, што гарачыня стала задухай. Жаданага халадку людзям не давалі ўжо ні векавыя сосны, ні вільгаць ад блізкай ракі ды балота. Да адурэння пахла разагрэтым мохам, хвояй і багульнікам, а ўсё навокал было напоўнена трэскам страказы і цягучым, як мёд, пчаліным гудам. У такі час людзей звычайна хіліла да сну, аднак у партызанскім лагеры на пару гадзін замерлі толькі камары; брыгады жылі звычайнымі клопатамі.
У памяшканнях напаўзямляначнага тыпу, куды немцы, разбамбіўшы лясныя вёскі, выціснулі партызан, многія з хлопцаў дзелавіта рыхтаваліся ісці на заданне.
Вярталіся з далёкага паходу аслабелыя разведчыкі.
Перад маляўнічым жыллём мужчыны рамантавалі зброю і абутак.
Пад павеццю і каля кухні дзяўчаты ў жорнах малолі жыта з новага ўраджаю, стралялі гарэзлівымі вачыма ды хіхікалі.
Паміж дарослымі, згараючы ад цікавасці, снавалі туды-сюды абвешаныя драўлянымі фінкамі ды аўтаматамі хлопчыкі з сямейнага лагера. Самае значнае, на іх думку, адбывалася ў той момант звод-даль ад зямлянак, на прыкрытым густым верасам узгорку. Узбуджа-ныя хлапчукі стараліся праціснуцца цераз дарослых.
Там сапраўды было на што дзівіцца.
На ўзгорку брыгадны разведчык Ладо Герашвілі маляваў карці-ну. Вялізная (паўтара метра на два!) прасціна з суравога палатна была нацягнута паміж бярозак, а фарбай майстру служыў разведзены газай гудрон, якім асфальтуюць дарогі. Правая частка палотнішча яшчэ пуставала, а на левай віднеўся труп амаль голай дзяўчыны. Рухавы малады грузін, макаючы пэндзлем у банку з шэра-жоўтай вадкасцю, то старанна папраўляў мілавідны тварык, то размашысты-мі мазкамі на вольным баку прасціны спрабаваў накідаць контуры забойцы.
Вакол грузіна ўтварылася цеснае кола зявак. Людзі замерлі перад карцінай і мастаком у самых розных позах.
Пажылы дзядзька, пакінуўшы зводдаль фурманку, застыў з пугай у руцэ.
Дзве засмучоныя кабеты з Краснаполля павесілі на сагнутыя рукі кошыкі з грыбамі.
Разведчык у кубанцы трымаў на повадзе каня.
Круглатварае дзяўчо прыціскала да грудзей сіта з сушанымі ягадамі.
А чарнявы хлапец, павярнуўшы аўтамат каваным прыкладам уверх, рукаяткай нагана калоў на ім арэхі, жаваў поўныя зёрны ды таксама не адводзіў ад забітай позірку; ад нагана да пояса ў яго цягнуўся алюмініевы шнур пацерак — ланцужок ад ярша, якім нем-цы чысцілі вінтоўкі.
— Ах, Нінка — вылітая! — уздыхнуўшы, пацвердзіла жанчына з кошыкам.— Казалі, што надта падобная, а яна — і праўда такая!
Мужчына з пугай у руках прыехаў здалёк — аж з Сялявішч, і ні-чога не разумеў. Кабета на мясцовым дыялекце пачала яму тлума-чыць:
— Дацка Піліпа і Волькі з Краснаполля! Немцы прыперліся нісцыць вёску. Нінка паспела з маёй больсанькай дзяўцынкай выска-цыць, аз за хлявы ды спахапілася — бялізны для свайго Ладо не ўзяла! Вярнулася дахаты, палезла ў куфар, а яны цераз акно яе ўбацылі ды цапнулі! Вывалаклі на двор, згвалцілі, пырнулі стыком і спурнулі ў агонь дзяўцынку — хата ўзо гарэла! Ох, і ўбівалася Волька! А ўзо грузі-ін... не еў, не спаў, месца сабе не знаходзіў ды схуднеў на трэсацку!.. Ацухаўся і адразу стаў ЯЕ маляваць! Бабы льнянога палатна яму назнасілі па кавалацку. Пассываў сабе яго, во, і выводзіць пэндзлем каторы дзень! Нацальства нават у разведку не пасылае з—за гэтага!