Выбрать главу

«Падуумаеш, Оля Корбут! Каб адно захацела, стала б і я такой — мы нават равесніцы, і пісьмо, унь, мне прыслала, і фота!..»

«А ў нас дак і прозвішча аднолькава!..»

«Доўга люблю спаць, ну і што? Прачнуся і таксама буду слаўнай, варта толькі захацець!..»

Ва ўсім гэтым яшчэ — наяўная спроба своеасаблівага самасцвярджэння юнакоў і дзяўчат з розных кантынентаў, цяга да гераічнага, да таго, з каго можна браць прыклад, на каго можна маліцца, каму ў жыцці шанцуе, каму можна, напэўна, верыць, ускласці на яго свае надзеі і мары.

Адным словам, усім праціўнікам станоўчага героя ў мастацкай літаратуры для моладзі раю пакапацца ў пошце слаўнай гродзенскай спартсменкі, і, я ўпэўнены, яны знойдуць тысячы пераканаўчых прыкладаў таго, як не толькі савецкая моладзь, але хлоппы ды дзяўчаты ўсяе зямлі такога героя прагна шукаюць і потым, бы да паветра, цягнуцца да яго. Бо ў маладых душах — і халодных скандынаваў, і разважлівых немцаў, і адчайных амерыканцаў, і гарачых паўднёўцаў, і савецкіх камсамольцаў,— за ўсіх, незалежна ад тэмпераменту, тлее заўсёды невынішчальная прага да незвычайнага і гераічнага, бо прагу гэтую мудрая прырода незалежна ад нас акуратна перадае ў храмасомах па бясконцым ланцужку пакаленняў, а часта не віна маладых, што побач з імі няма свайго Корчака, Сухамлінскага... Кныша,— але гэта ўжо зусім іншая тэма.

6.

Оля раптам спатрэбілася не толькі юнацтву.

Каб толькі разам сфатаграфавацца ды ў адной кампаніі са славутай спартсменкай трапіць на старонкі папулярных і ўплывовых газет, з нашай малышкай пачалі нагвалт шукаць сустрэчы відныя імпрэсарыі ды кінаактрысы, прынцы і прынцэсы, міністры і сенатары. Для падняцця аўтарытэту ў разгар «Уотэргейтскай справы» прыняў Олю ў сваёй раззідэнцыі нават сам прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан, і пра гэта варта сказаць асобна.

Ратуючыся ад беззямелля і галечы, на працягу двух стагоддзяў, да самага 19З9 года эмігравалі ў ЗША дзесяткі тысяч прынёманцаў шукаць шчасця. Што стала з імі? Усе яны згарэлі на чужыне, бязлітасна выкарыстаныя маладой буржуазіяй для самай чорнай работы пры вакладцы падвалін капіталістычнай махіны. Толькі нямногім удалося ўзняцца да сярэдніх гандляроў, уладальнікаў рэстаранаў ды гасцініц — мяжа мараў дабрабыту эмігрантаў (калі быць больш дакладным, адзін гродзенец сваімі «здольнасцямі» ўразіў нават усю Паўднёвую Амерыку: гангстэр Меер Ланскі).

Нагадваючы цяпер тыя сумныя факты, мне бачыцца надта сімвалічным, што ў самай магутнай капіталістычнай дзяржаве, дзе цяпер не знойдзеш і магіл тых нешчаслівых эмігрантаў з Прынёманшчыны. прэзідэнт Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі (няхай сабе і падмочаны), аддаючы пашану Дасягненням савецкіх спартсменаў,— на ўзроўні ўрадавай дэлегацыі прымаў гродзенцаў у сваім Белым Доме, частаваў бутэрбродамі і кавай, затым уручыў Олі вялізнага плюшавага мішку, а яе трэнеру — бурштынавыя запінкі.

На старонках некаторых замежных газет разыгралася трагікамічная барацьба за нацыянальную прыналежнасць Олі.

Пра яе раптам загаварылі мацёрыя нацыяналісты.

Белапалякі ў лонданскай «Газеце Нядзельнай» залічылі Олю сваёй. Украінцы ў «Гомане Украіны» аб'явілі яе ўкраінкай. Літоўцы напісалі, што яна чыстакроўная літоўка. Латышы-эмігранты прысвоілі Олю сабе. Рускія белагвардзейцы назвалі спартсменку рускай і напісалі, што яна паходзіць з былой дваракскай сям'і. I ўсе яны празвалі Олю «Эльфам, які гуляе з сонечнымі промнямі».

У журналісцкіх колах найбольш аплочваліся інтэрв'ю, узятыя ў Олі Корбут. Назвы артыкулаў у асноўных газетах капіталістычных краін часта складаліся з адных клічнікаў:

«Оh, Оh, Оh, Оlga!!!»

А рэклама на выступленні нашай спартсменкі, напрыклад, у Японіі, выглядала так: на вялізных шчытах — толькі два словы:

«ОЛЬГА У ТОКІО!!!»

За гонар прымаць у сябе спартсменку спрачаліся найбольш вядомыя бургамістры і мэры. У час турнэ па сямі асноўных гарадах ЗША паездка савецкіх гімнастак у Чыкага прадугледжана спачатку не была. Тады з Паўночнай Амерыкі ў СССР паляцела тэрміновая тэлеграма. Яна гучала як крык роспачы:

«Пану Аляксею М. Касыгіну. Масква. Крэмль.

Лічу магчымым прасіць Вас, пан прэм'ер-міністр, пасадзейнічаць, каб каманда гімнастак СССР з Вольгай Корбут... пабывала ў Чыкага, што было б справядлівым для грамадзян другога па велічыні горада ў Злучаных Штатах Паўночнай Амерыкі і садзейнічала б замацаванню сяброўскіх адносін паміж нашымі вялікімі народамі...