Выбрать главу

Са шчырай павагай і надзеяй Рычард Дзік Эйлі, Мэр Чыкага».

Што з гэтага выйшла, варта далей паслухаць галоўнага трэнера алімпійскай чэмпіёнкі Рэнальда Кныша:

— Як толькі Оля ўзышла на памост аграмаднай, на 16 тысяч гледачоў, залы «Чыкага стадыён», дзяўчына літаральна сумелася ад разгубленасці — так крычалі, свісталі і бурлілі трыбуны. Аднак варта Олі было прыкласці толькі палец да вуснаў, выразам вачэй папрасіць цішыні, каб сабрацца перад выступленнем, як усё раптам замерла, цішыня настала так нечакана, быццам у долю секунды застыў сам Ніягарскі вадапад.

Далей Р. Кныш гаворыць:

— Тлумачыцца гэта надта проста. У Амерыцы, дзе гэтак шмат ненатуральнага і найгранага, дзе лёгка прадаюцца і купляюцца харчы, рэкорды, слава, вейкі, дружба, змоцыі, здароўе,— як лекі, людзям спатрэбіліся ўжо чысціня пачуццяў і натуральнасць спорту. Такія «лекі» Амерыка якраз і знайшла ў дробненькай, адкрытай, непасрэднай ды гэтакай не «галівудскай» у парыве сваіх перажыванняў дзяўчынцы з коскамі-хвосцікамі, у якой няма нічога штучнага і завучанага. I прыехала да іх гэта натуральная дзяўчынка аж з далёкага якогасьці беларускага Гродна.

Потым галоўная чыкагская газета адзначыла:

«У гледачоў захапіла дыханне, калі міс Корбут выконвала свой непаўторны элемент — сальта з рознавысокіх брусоў. Яны гулам захаплення сустракалі кожны рух алімпійскай зоркі, якая важыць усяго 84 фунты».

«Крыстан сайенс монітор» ад 2З сакавіка:

«Корбут стаіць, як крылаты чароўны эльф, і чакае выхаду. «Вольга! Вольга! Вольга!» — скандуюць паклоннікі яе абаяльнасці, і спартсменка адказвае ім шчырай, цудоўнай усмешкай».

У выніку паездкі па ЗША дзень 26 сакавіка па прапанове мэра Чыкага Рычарда Эйлі быў аб'яўлены «Днём Олі Корбут». Мэр накіраваў у Маскву тэлеграму ўжо другога зместу:

«...Самая шматлікая аўдыторыя, якая калі—небудзь збіралася ў нашым горадзе, а мажліва, і ва ўсіх Злучаных Штатах Паўночнай Амерыкі, каб паглядзець гімнастычную праграму, горача вітала і захаплялася прадстаўленнем, паказаным камандай савецкіх гімнастак. Гэтыя цудоўныя дзяўчаты ўнеслі велізарны ўклад у справу паглыблення дружбы і разумення паміж Вашай краінай і насельніцтвам Злучаных Штатаў!»

«Нью—Йорк Таймс»:

«Вольга Корбут і руская жаночая каманда гімнастак закончыла сваё турнэ па ЗША ўчора вечарам, растапіўшы астаткі варожых ільдоў з часоў халоднай вайны».

Пасля выступлення ў «Мэдысок сквер-гардэн» тэлевізійная кампанія «Эй-бі-сі» спыталася ў гледачоў усёй Амерыкі, хто лепшы спартсмен года. Першае месца заняў не свой, не амерыканец Марк Спіц, які ў Мюнхене адхапіў за плаванне аж сем залатых медалёў, а менавіта дзяўчынка з беларускага Наднямоння. Олі амерыканцы і ўручылі прыз года.

Тады ж амерыканскія газеты змясцілі інтэрв'ю з віднымі сваімі спецыялістамі па гімнастыцы. Трэнеры аднагалосна падзялілі сваю гімнастыку на перыяды:

1). BO (Before Olga — да Олі).

2). АО (After Olga — пасля Олі).

7.

Гродзенцы прыехалі ў ЗША ўпершышо, і некаторыя бакі жыцця той краіны здаліся ім проста дзікімі. У дзённіку Олінага трэнера Р. Кныша, напрыклад, ёсць такія мясціны:

12 сакавіка. Лос-Анджэлес.

«Оля захварэла, на трэніроўку не ідзе. Зрабілі ўкол вітаміну С. Зайшоў доктар, перш-наперш спытаў:

— Хто падпісвае чэк?

Павітаўшыся з тым чалавекам, доктар толькі тады стаў вітацца з намі. Хворую ён глядзеў дзве-тры мінуты, затым выпісаў чэк на 96 долараў і спытаў зноў:

— Укол зрабіць мне ці самі зробіце? Спалоханая наша перакладчыца заявіла, што — самі, бо тады доктару трэба было б плаціць яшчэ З5 долараў. Ён дзелавіта паклаў у кішэню наш чэк і пайшоў...»

14 сакавіка.

«...Ля ўваходу ў будынак палаца мы нечакана сустрэлі славутага рэкардсмена Алімпіяды-68 Роберта Бімона. Калісьці ён скочыў на фенаменальную даўжыню — 8,90 метра? Яму ігралі амерыканскі гімн, а ўвесь свет паўтараў, што Роберт дасягнуў мяжы чалавечых магчымасцей. Зараз Бімон — апушчаны, худы, у дзіравых кедах і парваных нагавіцах, нездаволены жыццём. сядзеў пад пальмай. Экс-чэмпіён ахвотна пазіраваў нам для здымкаў і расказваў аб сваім горкім лёсе беспрацоўнага.

У кафэ даём інтэрв'ю. Оля забылася пра ўсё, чаму яе вучыў, выручыла яе перад карэспандэнтамі Турышчава. Прачытаў нешта з паперкі і Бімон, а за ім астранаўт Армстронг расказаў пра палёт на Месяц. Бімон папрасіў што—небудзь паесці, але яму прапанавалі за абед заплаціць. Сдавуты спартсмен нешта пракрычаў і дэманстратыўна пакінуў залу.