Выбрать главу

Олю падпільноўвалі спакусы. Да яе ліплі з непатрэбнымі парадамі сапраўдныя і ўяўныя аўтарытэты, а ўжо надакучлівая апека «добразычліўцаў» атакавала на кожным кроку.

— Што вы мэнчыце дзяўчыну? — напала аднойчы на трэнера блізкая для Олі асоба.— Чаму вы ёй курыць не дазваляеце, чаму забараняеце нават выпіць? У манашкі запісалі, так?!. Якое маеце на гэта права?!

Іншы салідны «апякун і добразычлівец» доўга не адставаў ад спартсменкі з надта заманлівай парадай:

— Оля, кідай ты гэтага Кныша, хопіць яму нажывацца на табе! Кідай зараз жа, я з цябе вялікую артыстку зраблю! З такім талентам? Гэ-э!.. З маёй дапамогай будзеш выступаць праз год-другі ў самім МХАЦе!

Аднаго разу я назіраў у паліклініцы, як Олю дружна абкружылі пажылыя медсёстры, сталі над ёй охаць ды ахаць і гэтак жа дружна ёй лесціць.

— Олечка, навошта табе патрэбны гэтыя коскі?! — пасарамаціла яе даволі прызваітая бабка ў белым халаце.— Ты ж такая маладая, прыгожая паненка, ты ж ўжо і грошы свае маеш — зрабі сабе прычоску, як іншыя, будзь, як усе!..

Не паддавацца спакусам, якія б яны бліскучыя не былі, вытрываць, не «быць, як усе», заставацца пры любых абставінах самім сабой — мабыць, самая складаная штука ў жыцці.

11.

Такім чынам, вяртаючыся яшчэ раз да Олінай пошты і таго фурору, што спартсменка выклікала за морамі ды акіянамі, мы можам цвёрда сказаць:

Вольга Корбут — цэлая грамадская з'ява і здабытак нацыі. З'ява нарадзілася і дасягнула свайго апагея ў мяне, гродзенскага старажыла, ледзь не на вачах. Я не раз вельмі шкадаваў, што не змог прадбачыць усяго загадзя, не сачыў за яе развіццём паслядоўна, крок за крокам, па дробязі і цяпер, спрабуючы выкласці незвычайную кар'еру зямлячкі на паперы, апісваю яе рэтрэспектыўна.

З пасляваеннага часу ўспамінаюцца мне толькі два моманты, якія мелі ўскосныя адносіны да будучай спартсменкі, а мне давялося быць іх сведкам.

Летам 1944 г. у Гродна, дзе яшчэ дагаралі нямецкія склады і курыліся абсмаленыя руіны будынкаў, услед за савецкімі войскамі прываліла з лесу наша партызанскае злучэнне. Неўзабаве ўсіх здаровых партызан ваенкамат выклікаў для адпраўкі на фронт. Тады і запомніўся мне дваццацігадовы Валянцін Корбут з брыгады Неўскага.

Партызан гэты ледзь не плакаў, што з—за пашкоджанай рукі прызыўная камісія яго забракавала. Якраз гэты хлапец потым стаў бацькам славутай спартсменкі.

Неўзабаве мы з ім яшчэ раз спаткаліся пры незвычайных акалічнасцях.

Позняй восенню 1945 года мы, студэнты Гродзенскага педагагічнага інстытута, пад кіраўніцтвам інструктара гаркома камсамола Валянціна Корбута адправіліся на электрастанцыю праводзіць суботнік. Нашую ЦЭЦ пабудавалі ў 191З годзе шведы, а немцы, адступаючы, узарвалі ў турбінах нейкія часткі, і святло гораду пакуль што даваў электрапоезд. Студэнты пачалі дужацца на пляцоўцы са скрынямі з абсталяваннем, пакуль не заўважылі дзіва.

Узарваныя мясціны на дзвюх турбінах былі старанна абстаўлены фанернай будкай, і сам дырэктар ЦЭЦ сачыў, каб ніхто, барані бог, не заглянуў пад фанеру. Таямніца ў юнакоў толькі распаліла цікаўнасць. Паступова праз шчыліны мы разглядзелі белабрысых маладых мужчын у шыкоўных куртачках ды жоўтых гамашах. Неўзабаве выдалася і таямніца.

У Скандынавіі нашы закупілі пашкоджаныя дэталі для ЦЭЦ, але фірма паставіла ўмову — устанаўліваць іх будуць толькі шведы. Каб ніхто з нашых не падглядзеў тэхнічных сакрэтаў фірмы, рабочая пляцоўка мусіла быць старанна загароджанай (уся магутнасць той ЦЭЦ з яе дзвюма турбінамі, смех сказаць,— 1,4 мегавата!). I вось нашы хлопцы зацікавіліся будкай. Такую ж цікаўнасць выклікалі паступова нашы студэнты і ў шведскіх майстроў. Госці стоўпіліся ля дзвярэй, а нашы хлопцы — у машыннай зале: адны і другія замерлі ў нямой сцэне.

Красамоўным быў тады выраз нашых твараў. Каб выказаць словамі той маналог, які кожны з нас гаварыў вачыма, ён прагучаў бы прыкладна так:

«Вы што, апупелі?! Нам жа электрастанцыю фашысты пашкодзілі! Яшчэ добра, саперы былі п'яныя ці мо не хапіла ім аманалу, а то на гэтым месцы ляжала б толькі гара цэглы ды металалому!..

Ах, праўда, сыты галоднага не разумее!..