Выбрать главу

Малады разведчык у кубанцы, звяртаючыся да фурмана, пакпіў з кабеты:

— Адразу відаць — Расоншчына: «Кірпіцынку пад бацынку, а пясоцніцу ў кісэнь!..»

Але панылы дзядзька ў мове жанчын нічога смешнага не знайшоў. Ён адно цяжка ўздыхнуў, паківаў галавой ды сцвердзіў:

— Перажывае хлапец.

— А што думаеш?! — умяшалася другая жанчына.— Нінін брат, Васіль, грузіна ад смерці ўратаваў! Служылі разам у войску. Васіль кантужанага таварыша аж з—за Журмун на гарбу пёр!.. Нініна маці, Вольга, грузіна выхадзіла, яе Піліп раздабыў хлапцу ў Расонах сякое-такое адзенне, шчэ і з партызанамі пазнаёміў ды за гэта абое — на табе, адзінай дачкой паплаціліся! Бедная Вольга, не ведала, што згіненне на сваё дзіця вылечвае!..

— Ён не вінаваты, што аж так убадзюрыўся[11]!

— Скажаш ты! Калі б грузіна не лячылі, не было б калі яму ўбадзюрыцца і Нінка засталася б жывой, кожны табе дурань гэта пацвердзіць!

— Ой, што такое?!.

Стала чуваць, як гудзе самалёт. Недзе паласнула кулямётная чарга, пачуліся адзіночныя стрэлы, а рэха грамавым раскатам паўтарыла іх у сасновым бары, дало адчуць, які лес глыбокі і неабсяжны — бы акіян.

— Нейкі дурань па самалётах смаліць! — насцярожана прыслухоўваючыся, буркнуў нехта з мужчын.

Бабы падтрымалі:

— Іграюцца, як дзеці, толькі немцаў дражняць!

Самалёты над лагерам праляталі не раз, і партызаны па іх часта стралялі. Людзі пабурчэлі для парадку, сваю ўвагу на гуках затрымалі адно хвіліну.

—...I не пацалаваў нават. У Грузіі, казуць, такая завядзёнка. Пасля вайны думаў завезці Ніну ў сваю Абхазію ды азаніцца. Бедны, як кахаў — аз дзіва!

— О-о, грузіны — ярыя! — пацвердзіла другая жанчына ды звярнулася да дзяўчыны з сітам: — А Нінін твар, кажуць, з цябе маляваў, праўда?

— Два тыдні трымаў мяне на версе,— разгубілася пуцалаватае дзяўчо і пачырванела.— Прыцоску мне зрабіў, як у ЯЕ была... Хварба ўсё разлазілася... Змые бензінам, вытра насуха ды зноў малюе...

Раптоўнае гудзенне заглушыла іх словы. Над галовамі людзей паказаўся з гафрыраванага металу жывот «Юнкерса-52». На шырокіх крылах і хвасце чарнелі крыжы ў жоўтым авале, за самалётам цягнуўся смаляністы дым. Выплыўшы з—за крон, масіўны самалёт засланіў паўнеба, запоўніў гулам і грукатам наваколле, і здавалася,— завібрыравалі ствалы сосен, вось-вось пасыплюцца шышкі.

Чубаты хлапец ад радасці выпусціў наган, ускінуў аўтамат і даў уверх доўгую чаргу. Маторы так раўлі, што аўтаматнай чаргі не было чуваць. Толькі жанчын абдало гарачымі гільзамі і яны з жахам пападалі на верас, пацягнулі на галовы хусткі. Партызаны на кабет нават не звярнулі ўвагі.

Машына рэзка пайшла на зніжэнне. «Юнкерс-52» знік на нейкі момант за дрэвамі, а потым кіламетры за тры ад узгорка ўрэзаўся з трэскам у лес

Адзвінела рэха. Наступіла раптоўная цішыня.

— Збіў?!. Хлопцы, далібог, збіў! — залямантаваў на ўвесь лес ашалелы ад радасці юнак, ловячы за ланцужок наган.— Бачылі, як яго я секануў, бачылі?!. Не, вы ба-ачылі?!.

Фурман астудзіў хлапца:

— Гэткую махіну з твайго драбавіка так і саб'еш, а як жа!

— Не верыш? Ы-ы!..

— Ад Пераправы рубанулі па ім з «дзегцяра»!— падказаў разведчык у кубанцы.

— Вах, збылі?!.— дайшло нарэшце і да Герашвілі.— Збылі? Почыму стаім?!

Пасля кароткай разгубленасці мужчыны, хто верхам, хто на фурманцы, памчалі стрымгалоў за раку. За імі кінуліся і перапалоханыя хлапчукі.

6.

Ладо з таварышамі прымчалі на месца: там ваўсю ішла страляніна, і малюнак перад імі паўстаў страшны.

Лес быў паламаны і разварочаны, бытта віхурай. Вялізны чаўнок «Юнкерса-52» з абрубкамі крылаў і пярэднім маторам з пагнутым, як барановыя рогі, прапелерам павіс метраў з пяць над зямлёй і блішчэў дзюралевай арматурай,— яго грунтоўна ўшчамілі дрэвы. Левую і правую плоскасць з маторамі непадалёк заклініла ў гушчары, адтуль далятала патухаючае шыпенне газаў ды несла рэзкім смуродам перагару.

Металёвыя плоскасці сосны і елкі скасілі цэлай паласой, і абрубкі камлёў бялелі рванымі зрэзамі на розных узроўнях. Сіла інерцыі, з якой падала машына, была такая, што некаторыя елкі вывернула з карэннем.

На апошніх метрах падзення алюмініевую сценку перакошанага борта распароў камель сасны і ў баку «Юнкерса-52» выразаў вялізную пашчу, праз якую дзве тоны ладунку вылецела вон. Сярод уздыбленых абломкаў сосен і ламачча на лясным падсціле бялелі тысячы салдацкіх пісем, ля разбітых скрынь — рассыпаныя веерам банкі кансерваў, круглыя, як для гуталіна, скрыначкі шакаладу, крыжы і медалі, розна-фарматныя пакеты і пакецікі ды мноства бутэлек з віном, сярод якіх — цяжка паверыць! — валяліся нават цэлыя.

вернуться

11

Закахаўся (мясц.)