Прыглядаецеся, гэтак цікава? Глядзіце, глядзіце, халера вас бяры! На нас толькі зашмальцаваныя шынялі ды стаптаныя кірзачы, мы не маем нават кашуль, аднак нам ані не сорамна! Усё ў нас па картачках, і нават хлеба ўволю не ядзім, бо нашы гарады ляжаць у руінах, вёскі папалены! Бачыш, якія вы гладкія ды выфранчаныя — бы галівудскія кінаакцёры!..
Ці гэтак. выглядалі б вы, калі б фашысты і да вас дайшлі?! Покуль мы падстаўлялі грудзі пад нямецкія кулі, вы і інстытуты паканчалі, напэўна, змаглі і пажаніцца, а тысячы нашых нявест у брацкіх магілах ляжаць! У нас вашага ўзросту мужчыны ўсе параненыя і перакалечаныя! Унь са шрамамі на твары — карэкціроўшчык артдывізіёна Ігар Павароў, ён пад Ясамі даў каманду сваім гаўбіцам і выклікаў агонь на сябе, а вы, мажліва, не разумееце нават, што гэта азначае! А во з перабітымі нагамі прыйшлі кантаваць скрыні Соламаў, Панасік, Немец!.. Брышу, Увараву, інструктару гаркома Валю Корбуту разрыўныя кулі перабілі рукі! Астатнія — з асколкамі ў лёгкіх, у мускулах ды з траўмамі на душах ад страчаных бацькоў і сясцёр!.. Прыглядзіцеся да іх добра: калі б мы не стрымалі фашысцкую навалу, прыкладна такімі ж выглядалі б і вы са сваімі землякамі!..
Нас вешалі, расстрэльвалі, гвалцілі, рабавалі, палілі ды смажылі, мы цярпелі і паміралі за агульную справу — нездарма ў іншых краінах сустракалі нас як збавіцеляў! Мы вымушаны прыйсці сюды на суботнік! Каб наварыць стравы, у інтэрнаце хаваемся ад каменданта, бо ён штрафуе нас за электрапліткі — энергапоезд дае мала току, турбіны патрэбны гораду да зарэзу! А вы, шведы, буржуям прадаліся?!. Ах, гады, мала вас той Пётр Першы лупцаваў некалі пад Палтавай!»
Аднак нікога з замежных гасцей наш нямы крык душы не крануў. Валя Корбут пачаў гнаць студэнтаў да работы, і мы, злосныя, разбрыліся па двары.
З той пары з бацькам спартсменкі не бачыўся гадоў з трыццаць.
12.
Значна пазней на маіх вачах здарыўся яшчэ адзін выпадак,— ён меў прамыя адносіны да гераіні нарыса.
У канцы пяцідзесятых гадоў малады трэнер па гімнастыцы атрымаў грашовую прэмію. Што на яго месцы зрабіў бы іншы такі мужчына? Напэўна, купіў бы сабе матацыкл або модны касцюм, ці проста звадзіў бы сваю кампанію ў рэстаран. Хлапец жа ўвесь час перажываў, што яго навучэнцы не маюць дзе трэніравацца. Атрымаўшы прэміяльныя, ён загарэўся дзёрзкай ідэяй — пабудаваць за іх спортзалу. На ўсю суму трэнер накупіў цэглы, вапны, рознага дыяметра трубак. Выпрасіў у лясгасе месца ў прынёманскіх Пышках. Прыступіў да справы.
Многія гродзенцы, напэўна, і цяпер яшчэ памятаюць, як дзесяткі хлопчыкаў і дзяўчынак з гімнастычнай секцыі пасля ўрокаў альбо ў нядзелю адпраўляліся ў прыгарадны лес капаць фундамент ды ставіць каркас. Мае дзеці якраз займаліся ў секцыі плавання, але з салідарнасці з сябрамі па двары ездзілі, між іншым, туды і яны, прымусіўшы бацьку даставаць рыдлёўкі. Я па-харошаму пазайздросціў незнаёмаму чалавеку, што менавіта яму ўдалося ў маіх наследнікаў узрадзіць любоў да фізічнай працы, чаго аніяк не мог у іх выклікаць родны бацька.
Хутка мяне зацікавіла: хто ж той таленавіты арганізатар і педагог? Ім аказаўся сын камісара партызанскага атрада, паважанага ўсімі ў горадзе чалавека і такога ж самага бессярэбраніка Івана Пятровіча Кныша — Рэнальд.
Дзеці хадзілі ў лес з лапатамі месяц, хадзілі другі, покуль не даведалася гарадское начальства. Пасаромленае, яно самадзейную будоўлю стрымала і неадкладна пачало «выбіваць» у міністэрстве для спартсменаў горада тыпавую будыніну.
Неўзабаве ў Гродне і вырас цэлы спартыўны комплекс — палац з гімнастычнымі заламі, раздзявалкамі, сушылкамі і душавымі, са стадыёнам ды басейнам. У новым памяшканні Кныш праз кароткі час падрыхтаваў чэмпіёнку СССР гімнастку Тамару Аляксееву, а затым — пераможцу Алімпійскіх гульняў 1964 у Токіо Алену Валчэцкую.
У 1966 г. Валчэцкая, працуючы ўжо трэнерам, парэкамендавала свайму настаўніку вучаніцу чацвёртага класа 10-й сярэдняй школы — худзенькую і дробную, але надта настырную ды з вялікім жаданнем дабіцца свайго — Олю. Пад кіраўніцтвам выдатнага майстра Корбут і стала праз некалькі гадоў чэмпіёнкай БССР, СССР, а ў 1972 годзе атрымала адразу аж тры залатыя медалі на Алімпіядзе ў Мюнхене ды прызнанне ўсяго свету.
Я ўжо паказваў у цытатах з дзённіка Кныша, колькі цярпення, тактоўнасці спатрэбілася трэнеру нават для такой таленавітай вучаніцы, як Корбут. Рэнальд Іванавіч, напрыклад, на трэніроўкі для сваёй падапечнай цягаў мат праз замежны горад на сабе (Р. Кныш— чалавек слабы і хворы на сэрца!). Каб паказаць іншы бок яго цяжкасцей, працытую яшчэ дзве вытрымкі з дзённіка трэнера.