Выбрать главу

Зусім нядаўна мне надарылася магчымасць пераканацца зноў, наколькі Оля Корбут папулярная ў народзе.

Оля з групай гімнастак давала паказальныя выступленні ў Малайзіі... Калі вярталіся дамоў, адну гімнастку ў Маскве паклалі на лячэнне: яна нечым атруцілася. Клапоцячыся аб зорках нашага спорту, урачы ўзнялі паніку. Не паспела Корбут з'явіцца ў Гродна, а ўжо паліклініка атрымала са сталіцы загад — праверыць, ці не атруцілася і яна. Олю з вакзала «хуткая дапамога» даставіла ў бальніцу.

Па горадзе адразу шуганулі чуткі:

— Вольга мелася выйсці замуж, хлапец яе кінуў, і яна выпіла атруту!

— Ну! На вяселле ўсяго накупілі, пашылі надта дарагі вэлюм. Ужо і сталы накрылі. Сабраліся госці, а малады ў загс не з'явіўся!

— Бо трапіў пад машыну, і ў бальніцу паклалі!

— Няпраўда! Зламаў ключыцу на матацыкле! Бедная нявеста падумала, што забіўся насмерць, і жыць не захацела!

— Учора вечарам пры смерці была!

— Ужо памерла! Па радыё сёння перадавалі — сама чула!

— I я чула! Заўтра пахаванне!

Я ў гэты час кожны дзень сустракаў у горадзе Валянціна і па яго здаволеным твары разумеў: мана,— народ сваіх куміраў любіць абкружаць рамантычнымі гісторыямі. Аднак у чутках было столькі лютасці да ашуканца-жаніха, так шчыра шкадавалі спартсменку, што паступова пачаў трывожыцца і я.

Нарэшце я спытаўся ў бацькі, што ж ўсё-такі здарылася з яго дачкой.

— Людзі развялі плёткі! — паскардзіўся стары ветэран.— У бальніцу звоняць гарадскія і прапануюць сваю кроў пераліць Олі! Мне на кватэру тэлефанавалі ўжо нават з Лондана, пыталіся, ці праўда, што дачка трапіла ў аварыю! Кнышу званілі з ФРГ — там у жалобных рамках з'явіліся ў газетах яе партрэты!..

— ?!

— Праходзіла праверку. Заўтра выпісваюць з бальніцы. Выходзіць замуж за «Песняра»... Во, прыходзь абавязкова на вяселле...

1978 г. Гродна

МАСТЫ

1.

Дзіва, але чалавецтва доўгі-доўгі час умудралася абыходзіцца без гэтых нескладаных, як нам сёння здаецца, збудаванняў. Старажытны чалавек і дрэвы, і рэчкі, і каменні ўспрымаў як адушаўлёныя істоты, якімі кіруюць тыя ж, што і людзьмі, матывы, ды лічыў, што іх можка таксама задобрыць словам ці падарункам. Таму, калі нашаму далёкаму продку ў зубровай накідцы трэ было пераправіцца цераз Нёман, ён шпурляў у вірлівую плынь ахвяру, браў вёслы ды, мармычучы заклінанне, гнаў па вадзе човен да другога берага.

Так склалася, што мост у Гродне з'явіўся задоўга да адкрыцця Амерыкі. У месцы, дзе ўпадае Гараднічанка ў Нёман, хоць вытыркаліся ўжо з—пад дубровы змрочныя вежы замка і цьмяныя цыбуліны царкоўных купалоў, але ў «Горадзені» (як тады называўся сённяшні абласны цэнтр над Нёманам) пераважалі курныя хаціны, і права называцца горадам мясціна яшчэ атрымала няхутка.

Паводле старажытных дакументаў, наш мост узнік у 1З92 годзе (даведка: першы рускі мост паплаўны, драўляны наладзіў цераз Днепр у Кіеве Уладзімір Манамах у 1115 г.; першы на палях — Пётр Першы ў 1715 г.).

У XV ст. для таго, каб навесці мост на рацэ Какібу і засцерагчы яго ад нячыстай сілы, тагачасныя майстры замуравалі жыўцом пад філяр маладую прыгажуню. Якую ахвяру паклалі пад палі гродзенскага моста нашыя продкі, гісторыя не гаворыць. Можам толькі меркаваць, памятаючы, што гэта быў за час: людскімі жыццямі задобрывалі злога духа зімы, для ўраджаю крывёю цяжарных жанчын арашалі палеткі, уціралі кроў у цела, рабілі над ёй абрады. Пра такія жахі аж занадта дакументаў у іншых народаў, а даўно заўважана, што хоць і існавала мноства варыянтаў старажытных грамадскіх сістэм, выпрацаваных розумам чалавека, але ў асноўных ды прынцыповых рысах усе яны былі надта ж падобныя (чытайце «Золотую ветвь» Д. Д. Фрэзера).

Першы мост на Нёмане гродзенцы перакінулі ад сённяшняй стаянкі ратавальнага катэра ля гарадскога пляжа — на левы бераг, дзе на кручах, палюючы за прываркам, далёкі наш прашчур запускаў у нябесную сінь стралу па лебедзю ці ў непраходныя нетры — па кабану. Месца было падабрана так удала, што і летам 1944-га, калі гродзенскі мост немцы абрынулі ў ваду, нашыя сапёры наладзілі пераправу дакладна на тым самым месцы.

Масты людзей хвалююць.

Бываючы ў незнаёмым горадзе, калі ты яшчэ не зусім стары, то пастараешся хоць адным вокам і там зірнуць на асноўны мост. Калі ж ты поездам набліжаешся да вялікай ракі, падсвядома памкнешся да акна, а за табой пацягнуцца і салдат, і прафесар, і работнік гандлю, каб не прапусціць запаветны момант, як вагон ваш з працяглым чыгунным грукатам пачне ныраць у даўзёрную канструкцыю сталёвых бэлек.