Выходзіць, «Горадзень» 500-600 гадоў таму меў ужо такіх храмаў з паўтузіны. Для іх будаўніцтва, афармлення, абслугоўвання патрэбны былі сотні кваліфікаваных майстроў, а частка тых спецыялістаў абавязкова перавальвала цераз гродзенскі мост.
Хто былі тыя муляры, архітэктары, мастакі, багасловы, што ступалі ўпершышо на маставы насціл, ідучы з якога—небудзь Афона ў «Горадзень»?
У той час, калі не ведалі яшчэ прыгонніцкага права, як тыя людзі выглядалі?
Да чаго тыя самародкі імкнуліся, аб чым марылі, пра што думалі? Якія ў іх былі згрызоты, праблемы, таямніцы?
Мост маўчыць.
4.
Першае візуальнае ўяўленне аб гродзенскім мосце даносіць да нас гравюра (1568-1572 гг.) Мацвея Цюндта. На ёй выразна відаць, што быкамі для моста тады з'яўляліся звычайныя груды камянёў.
Некаторыя гараджане ў вольны час спяшаліся да моста проста паглядзець на праезджых ды сябе паказаць (як на маёй памяці ў глухіх мясцінах цікаўная моладзь валіла ў нядзелю на вакзал да пасажырскіх паяздоў). Гэта ўлічвалі феадалы і каля моста наладжвалі экзекуцыі.
У той змрочны час найвялікшым злачынствам лічылася нападпарадкаванне, і забойства аленя ў панскім лесе, і вольнае тлумачэнне якога—небудзь раздзела з Бібліі. Каралі смерцю многіх, мажліва, часцей, чым сёння садзяць на пятнаццаць сутак.
Князі і каралі побач з галоўным конюхам, пісарам ды паляўнічым трымалі яшчэ адну вельмі неабходную персону — ката-прафесіянала. Экзекуцыі праводзілі паводле рытуалу, катам друкавалі спецыяльныя як бы падручнікі, дзе падрабязна апісваліся месцы, спосабы і працэдуры выканання прысуду. Напрыклад, тых, каго саджалі на кол, кат мусіў накачаць пойлам, настоеным на адпаведных зёлках, каб няшчасны доўга «цешыў» вока гарадскіх зявак ці праезджых па мосце.
З нашым мостам звязаны і падзеі святой інквізіцыі.
Кідалі з яго ў Нёман жанчын, абвінавачаных у вядзьмарстве, ды пільна ўзіраліся. Калі падазроная ішла каменем на дно, значыць — выбачай, калі ласка! — такую дазвалялі сваякам вылавіць ды пахаваць на могілках. Калі ж няшчасная ўсплывала, гэта быў ужо надзейны знак цеснай сувязі кабеты з нячыстай сілай,— вядзьмарку зараз жа валаклі на вогнішча.
На шчасце, ахвяр такіх у нас было не сотні тысяч, як у Іспаніі ці Галандыі, і працягвалася гэта дзікунства не так доўга — да выпадку.
Жонцы шляхціча Стакоўскага з Дорухава забалеў палец (прастрэл). Фельчар з Кемпна не дапамог, прывезлі знахарку. Тая адразу назвала сем чарнявых маладзіц, якія Стакоўскую бытта бы ўраклі. Ці спрытная баба ведала, што хваробе не дасць рады ды выкруцілася тым, што выдала іншых, ці сама верыла сваім словам, цяпер можам толькі гадаць, а для жанчын яны сталі фатальнымі.
Аканом вывалак кабет з курных хацін. Паводле сваіх меркаванняў памешчык далучыў да іх яшчэ семярых. Няшчасных звязалі, запіхнулі ў бочкі, укацілі іх на ноч у склеп і выставілі варту.
У наступны дзень прыехалі суддзі, прыбыў кат.
Сагналі народ ды пачалі маладзіц апускаць на вяроўках у стаў. Паводле тагачаснай моды жанчыны хадзілі ў грубых фалдзістых спадніцах, вытканых — адна нітка ваўняная, другая — з ільну. Такая матэрыя добра трымала паветраныя пухіры, і маладзіцы аніяк не не танулі, хоць гайдукі піхалі іх тычкамі. Усё ясна!
Суддзі аднагалосна вынеслі прысуд:
— Знішчыць! — Затым далі каманду: —У агонь нячыстую сілу!
Чатырнаццаць ахвяр ка вачах іхніх дзяцей, бацькоў, мужыкоў ды натоўпу аднавяскоўцаў прывязалі да горбы дроў і падпалілі.
Самадур Стакоўскі мне зразумелы. Наклікаючы на сялян псіхоз страху, памешчык аднаўляў у сабе адчуванне ўласнай усемагутнасці ды ўпэўненасці, што ён — пан жыцця і смерці падуладных. Але як зразумець тых сялян, што потым пасіўна глядзелі, як полымя ліжа целы блізкіх ім людзей, а няшчасныя корчацца ад страшных пакут? У 1942 г. гітлераўцы сагналі на плошчу жыхароў Скідаля, каб на вачах ашалелых ад гора мацярок ды суседзяў павесіць 8 камсамольцаў. Дык супроць эсэсаўцаў з аўтаматамі ды аўчаркамі людзі бяссільныя, але ж дзвесце гадоў таму ўсяго гэтага не было?!
Каб зразумець продкаў, мабыць, трэба падысці да іх без сённяшніх мерак.
Бясспрэчная праўда, што і тады дзядзькі гадавалі авечак, каб дачка цешылася агняткам. Адчуваючы мускульную радасць, касілі і траву на сена дзеля таго, каб жонка паставіла на стол збанок сырадою ды паклала яйка. На скошаным сваімі рукамі балотцы, на дагледжаным палетку яны адчувалі ўласную годнасць, здавальненне ад працы, і таксама заміралі ў іх сэрцы ад узнёслага пачуцця, як замірае і ў мяне, калі я скончу свой твор, што з тымі людзьмі мяне родніць. Затое ў астатнім колішнія людзі мелі цалкам іншыя ўяўленні аб жыцці, кіраваліся чужымі для нас прынцыпамі.