Покуль для праводкі каравана гэткіх суднаў разбіралі праслы гродзенскага моста, тысячы тых няшчасных — ушчэнт змардаваных вашаёў, знясіленых, узлахмочаных ды панылых ад беспрасветнасці — у раёне сённяшняга піўзавода ці тонкасуконнага камбіната сушылі свае парткі, світкі і анучы, высвятлялі сямейныя адносіны, атрымлівалі ад аканомаў свае порцыі круп, бульбы і рыбы ды гатавалі пахлёбку, «іскалі» адзін у аднаго ў галаве, азіралі струпы, зводзілі парахункі, адсыпаліся альбо, развесіўшы іконкі, горача маліліся і прасілі госпада сабе здароўя ды шчасця сваім дзецям. Вось дзе няўмольная прырода мела раздолле спакойна тварыць сабе дарвінаўскую селекцыю віду!
Калі б масты валодалі памяццю ды маглі гаварыць!
8.
Тавар з гарадоў у мястэчкі дастаўляла тады спецыяльная каста фурманаў — балаголы. Гэта былі абяднелыя немцы, а найбольш — местачковыя яўрэі (адкуль і назва прафесіі: баал агола, што па-гебрайску азначае — гаспадар воза).
Адным словам, пясчанымі палявымі дарогамі, ляснымі выбоістымі шляхамі даўзёрнымі грэблямі скрозь балоты дзень і ноч, у сцюжу і гарачыню напіналіся ды скрыпелі восямі біцюгі балаголаў. Яны на сваіх шырокіх платформах валаклі для нашых дзядоў і прадзедаў жалезныя прэнты і сашнікі, соль і мыла, сукно і корт, плюш і бочкі з селядцамі, шоўк і бутлі з керасінам, ці — прысмакі, а таксама парцаляну, тонкае шкло і крышталь багацеям.
На тых гаротніках практыкавалі сваё рамяство пачынаючыя рабаўнікі і рэцыдывісты: кідаліся з дрэваў на хрыбты іхніх коней, выбягалі з нажамі ў зубах да іх з—пад мосцікаў, рабілі перад фурамі завалы.
Яшчэ і цяпер шэрхне на мне скура, калі ўспамінаю апавяданне старых пра тое, як ля Страшава апісаны ўжо мной у рамане-былі «Вершалінскі рай» бандыт Паўтарак з братамі Савіцкімі з Зарэчан зарэзалі балагола Янкеля, забралі з фуры ды прыкацілі ў вёску бочку з алеем.
Што ім стары Янкель!
У 1824 годзе, калі з Парыжа вяртаўся Аляксандр Першы, такія зухі за гродзенскім мостам не пабаяліся нават эскорту драгун і ад царскай карэты адрэзалі куфры (аб здарэнні можна і зараз прачытаць у дакладной палкоўніка жандармерыі губернатару, якая ляжыць у гродзенскім гарадскім архіве).
З моста на высачэзную кручу нёманскага берага ўзвалакчы наладаваную фуру каню было нялёгка. Дапамагаючы свайму карміцелю, балагол дзесьці з усяе сілы піхаў у задок плячом. Думаючы ўжо пра дрымучыя лясы, што чакалі яго наперадзе — Блудаўскую і Белавежскую пушчы,— чалавек сябе падбадзёрваў спевам:
Па нашым мосце ў Сібір правезлі тысячы закаваных у кайданы катаржнікаў — сектантаў і казнакрадаў, рэвалюцыянераў і зладзеяў, братазабойцаў і патрыётаў.
Нядаўна работнікі музея выявілі, што «Іскра» ў Расію трапляла і цераз Гродна: у раёне Ласосны (6 км ад губернскага цэнтра) яе перапраўлялі на гэты бок цераз граніцу. У музеі і сёння ламаюць галовы: якім шляхам з гэтай самай Ласосны яна трапляла на гродзен-скі вакзал?
Дзівакі музейшчыкі.
Фурманкі з пачкамі ленінскай газеты абмінуць гродзенскага моста не маглі аніяк, мемарыяльную дошку ставіць трэ на ім.
Калі б масты маглі гаварыць, яны паведамілі б нам болей, чым музеі ды кніжкі ўсіх бібліятэк!
9.
Зрэшты, бярвёны маставога насцілу нашчадкі нашыя, відаць, неўзабаве змаглі б прымусіць аднавіць тыя гукі і вобразы, сведкамі якіх былі раўнадушныя палены.
Неверагодна?
Яшчэ трыццаць пяць гадоў таму здавалася неверагодным, што ў сябе дома будзем спакойна назіраць, як па Месяцы шпацыруюць ды скачуць людзі. Цалкам звычайна ўзнаўляем мы сёння і галасы, запісаныя кімсьці на плёнку. Для нашых жа ўнукаў, мабыць, будзе здавацца такой жа невялікай складанасцю — закласці ў бліскучы апарат замест бабіны кавалак звычайнага дрэва ды пры дапамозе той самай усемагутнай электронікі ўзнавіць галасы ды страсці, што бушавалі на працягу шасці стагоддзяў ля моста, бо гукі — той самы рух матэрыі, і ён абавязкова мусіць пакінуць след у складанай сістэме малекул.